Дэпутат парламента Данілевіч: моўнае заканадаўства адпавядае патрэбам грамадства
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад Салігоршчыны Таіса Данілевіч не пабачыла ў падрыхтаваным мясцовымі праваабаронцамі дакладзе аб выкананні правоў беларускамоўных грамадзян падставаў ініцыяваць унясенне зменаў у моўнае заканадаўства.
На думку спадарыні Данілевіч, закон “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” стварае ўсе неабходныя перадумовы для паўнавартаснага развіцця двухмоўя. Салігорскі прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэта Леанід Мархотка называе такую пазіцыю дэпутаткі крывадушнай:
- У сваім звароце да Таісы Данілевіч мы выклалі пазіцыю Міністэрства юстыцыі па нашым дакладзе, якое прызнала факт парушэння балансу выкарыстання дзяржаўных моваў на практыцы. У дакладзе мы даводзім, што адной з карэнных прычын гэтага з’яўляецца выкарыстанне ў законе “Аб мовах” унутрана супярэчлівага злучніка «або». Такая пазіцыя ў заканадаўчым рэгуляванні прыводзіць да фактычнай дыскрымінацыі беларускамоўных грамадзян. Спадарыня Данілевіч жа ў сваім адказе спрабуе давесці нам, што закладзеная ў заканадаўстве прававая нявызначанасць і вынікаючая з яе дыскрымінацыя адпавядаюць патрэбам грамадства. Інакш як крывадушшам, такую пазіцыю народнай абранніцы назваць не магу, - кажа праваабаронца.
Тым не менш, Леанід Мархотка спадзяецца, што прадстаўнікі ўсіх галінаў улады асэнсуюць адказнасць дзяржаўных і недзяржаўных інстытутаў за невыкананне дзеючага заканадаўства, Канстытуцыі і міжнародных нормаў ў адносінах да беларускамоўных грамадзян Рэспублікі Беларусь.