Зміцер Салаўёў просіць расследваць знікненне яго відэакамеры ў КДБ
Адпаведную заяву сябра Сойму Партыі БНФ накіраваў у Следчы камітэт Магілёва.
Зміцер Салаўёў адзначае, што прайшло ўжо больш за 5 год, а канфіскаваную відэакамеру яму так і не вярнулі.
- 19 снежня 2010 года я быў на Плошчы ў Мінску і здымаў усё, што там адбывалася, у тым ліку, як адбываўся разгон дэманстрантаў. Па вяртанні ў Магілёў да мяне з вобшукам наведаліся супрацоўнікі КДБ, якія канфіскавалі кампутар, флэшкі і відэакамеру з касетай. Кампутар і флэшкі мне вярнулі недзе праз паўгады, а вось лёс відэакамеры з касетай невядомы дагэтуль, - распавядае Зміцер Салаўёў.
Сябра Партыі БНФ адзначае, што відэакамера з’яўляецца яго прыватнай уласнасцю, і канфіскоўвалі яе з той прычыны, што супрацоўнікам КДБ быў неабходны відэазапіс. Сваю відэакамеру Зміцер Салаўёў ацэньвае ў 450 долараў ЗША.
- Я не адмаўляўся аддаць відэазапіс, аднак у мяне яго забралі разам з відэакамерай. Я пісьмова звяртаўся ў КДБ, каб мне вярнулі відэакамеру. Прыйшоў адказ, што камеры ў іх няма, і яна перададзена ў Следчы камітэт Мінска, які займаецца гэтай справай, - працягвае Зміцер Салаўёў.
Актывіст кажа, што яму не так даўно прыйшоў адказ са Следчага камітэта Мінска, у якім паведамляецца, што відэакамера як доказ па справе не праходзіла, і яны накіравалі ліст у КДБ з пытаннем, куды яна падзелася.
Салаўёў вытрымаў месяц для адказу, аднак яго так і недачакаўся. Гэта і прымусіла яго напісаць заяву ў Следчы камітэт аб узбуджэнні крымінальнай справы адносна КДБ, што яны скралі яго відэакамеру.