Салігорск: Ад Савета дэпутатаў патрабуюць прыняць пастанову “Аб свабодзе сходаў”
Грамадскі актывіст з беларускай сталіцы шахцёраў Іван Шыла накіраваў у мясцовы Савет дэпутатаў зварот аб неадпаведнасці міжнародным абавязацельствам Рэспублікі Беларусь і стандартам правоў чалавека рашэння мясцовых уладаў аб месцах правядзення массавых мерапрыемстваў у раёне, якім значна абмяжоўваюцца правы грамадзян на свабоду мірных сходаў і свабоднае выказванне свайго меркавання.
Гаворка ідзе пра рашэнне Салігорскага райвыканкаму №427 “Аб вызначэнні месцаў правядзення масавых мерапрыемстваў у Салігорскім раёне” ад 27 ліпеня 2015 года. У адпаведнасці з гэтым дакументам, жыхары ўсяго раёна могуць правесці пікетаванне, мітынг ці сход толькі на стадыёне “Будаўнік” на ўскрайку Салігорску ды на стадыёне “Случ” у гарадскім пасёлку Старобін. Таксама рашэннем абмяжоўваецца магчымасць правядзення дэманстрацый і вулічных шэсцяў невялікай пешаходнай частай салігорскай вуліцы Леніна.
Іван Шыла прапанаваў для разгляду на сесіі дэпутатаў свой праект рашэння “Аб свабодзе сходаў у Салігорскім раёне”, якім прадугледжваецца правядзенне пікетаў, мітынгаў і сходаў у любых прыдатных для гэтага месцах. Таксама актывіст патрабуе прадставіць яму гарантаваную айчынным заканадаўствам магчымасць прысутнічаць на паседжанні дэпутатаў пры разглядзе яго праекта рашэння.
Варта адзначыць, што у мінулым годзе з падобным зваротам да салігорскіх дэпутатаў звяртаўся мясцовы праваабаронца Леанід Мархотка, але прэзідыум Салігорскага раённага Савета дэпутатаў пад старшынства Лідзіі Клішэвіч адмовіўся выносіць на разгляд сесіі яго праект рашэння “Аб свабодзе сходаў у Салігорскім раёне”.