Справа Міхаіла Гладкага
13 сакавіка 2003 г. асуджаны судом Менскага раёна г. Заслаўе ў складзе старшынствуючага суддзі Буякевіч І.В., народных засядацеляў: Ціхановіч Г.В., Валчэнкавай Р.В., з удзелам дзяржаўнага абвінаваўцы, пракурора Бадзюлі А.М., абаронцы Рынкевіча І.М. да 8 гадоў калоніі строгага рэжыму за злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт.139 (забойства) КК Беларусі.
11 ліпеня 2012 г. прысуд адменены Менскім абласным судом і крымінальная справа перададзена пракурору Менскага раёна для вытворчасці новага папярэдняга расследавання.
29 лістапада 2012 года крымінальная справа была спыненая ў сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях Міхаіла Гладкага складу злачынства.
25 лістапада 2013 года прысудам Менскага абласнога суда вінаватым у забойстве, па якім быў асуджаны Міхаіл Гладкі, прызнаны Э. Лыкаў.
Абставіны справы
10 кастрычніка 2002 г. Міхаіл Гладкі прыйшоў у дом да сваёй маці, дзе яна жыла з яго нядаўна вызваленым братам Гладкім Віктарам, убачыў мёртвую маці і, як ён думаў, брата, які спаў на ложку. Паколькі раней Віктар Гладкі неаднаразова збіваў маці, Міхаіл Гладкі вырашыў, што ён яе забіў. Знаходзячыся ў моцным эмацыйным ўзбуджэнні, схапіў сякеру і нанёс некалькі удараў па галаве брата. Пазней ён выклікаў міліцыю і хуткую дапамогу.
Следства прад’явіла абвінавачанне ў забойстве двух чалавек – маці і брата; аднак пазней ўстанавіла, што маці забіў Віктар Гладкі, а Міхаіл Гладкі вінаваты ў забойстве толькі брата. Калі б першапачатковае абвінавачванне не было змененае, згодна з заканадаўствам, Гладкі мог быць прысуджаны да смяротнага пакарання.
У судзе сваю віну Міхаіл прызнаў цалкам, адседзеў пяць гадоў у калоніі і год і сем месяцаў правёў на папраўчых працах.
Сапраўдны забойца Эдуард Лыкаў быў затрыманы па падазрэнні ў забойстве жыхара Менскага раёна Грыгарэнкі Мікалая ў 2011 годзе. Падчас следства, спасылаючыся на гутаркі з каталіцкім святаром і шчырае раскаянне, ён прызнаўся ў забойстве яшчэ чатырох чалавек, у тым ліку ў сваіх першых забойствах – маці і брата Міхаіла Гладкага ў 2002 годзе. Іх забойства было здзейсненае за суткі да прыходу Міхаіла Гладкага да маці – 9 кастрычніка.
Нягледзячы на чыстасардэчныя прызнанні і супрацоўніцтва са следствам, дзякуючы якому быў рэабілітаваны невінаваты чалавек і раскрытыя яшчэ два забойствы, Эдуард Лыкаў у лістападзе 2013 г. быў прысуджаны да смяротнага пакарання і расстраляны.
З 2014 года Міхаіл Гладкі дамагаецца аднаўлення права на пакрыццё маёмаснай і маральнай шкоды за незаконнае асуджэнне, а таксама прыцягнення да адказнасці асобаў, якія ўдзельнічалі ў судаводстве па ягонай справе. Аднак, Менскі раённы суд, Менскі абласны суд, Вярхоўны суд, Следчы камітэт і Генеральны пракурор адмаўляюцца ацэньваць прысуд і доказную базу, прыцягваць да дысцыплінарнай адказнасці службовых асобаў, спасылаючыся на прызнальныя паказанні, якіх было “дастаткова для вырашэння крымінальнай справы ў судзе”. Таксама Міхаілу Гладкаму адмоўлена ў кампенсацыі шкоды, паколькі яго паказанні расцэньваюцца дзяржаўнымі органамі, як самаагавор. Той факт, што Гладкі быў упэўнены ў сваёй вінаватасці, такім чынам даваў “верныя і аб'ектыўныя паказанні”, а самаагавор з'яўляецца паведамленнем загаддзя ілжывых паказанняў з якой-небудзь мэтай, не разглядаўся.
Прынцыповыя парушэнні следства і акалічнасці справы, не разгледжаныя судом, якія прывялі да судовай памылкі
- Адзін з суседзяў, Васіль, распавядаў, што бачыў, як напярэдадні забойства Віктар Гладкі ішоў дадому з незнаёмым чалавекам. Але гэтага суседа не толькі не паклікалі ў суд, але і не дапытвалі следчыя.
- Эдуард Лыкаў быў неаднаразова судзімы і ў крымінальнай базе ёсць яго адбіткі пальцаў, аднак, аператыўнікі не знайшлі на месцы злачынства ніякіх “чужых” адбіткаў.
- Па заяве Лыкава ў Вярхоўным судзе на месцы злачынства ў доме маці Гладкага ён пакінуў на сцяне надпіс “Знайдзі мяне і забі”, аднак, гэты надпіс таксама не быў даследаваны належным чынам.
- Згодна з экспертызай цела Віктара Гладкага, ён быў мёртвы ўжо суткі, калі Міхаіл Гладкі наносіў па ім ўдары сякерай, аднак, ні следства, ні суд не прынялі гэта да ўвагі.
- У прысудзе сказана, што згодна з экспертызай, на аддзенне абвінавачанага “ўстаноўлена наяўнасць крыві чалавека, якая магла паходзіць, у тым ліку, ад пацярпелага Гладкага В.П. Аднак, экспертызы павінны даваць больш дакладныя заключэння, ці была гэта кроў пацярпелых.
- Нягледзячы на прызнанне абвінавачанага, задачай следства з'яўляецца правядзенне ўсіх магчымых следчых дзеянняў, а суда – поўная і аб'ектыўная ацэнка сабраных доказаў, каб усталяваць ісціну. Праведзенае неналежным чынам расследавання і прыняцце судом сумніўных доказаў прывяло не толькі да асуджэння невінаватага, але і забойства яшчэ траіх чалавек – сапраўднага забойцу Гладкіх ніхто не шукаў, бо “вінаваты” ўжо быў знойдзены.
Файлы
- Адказы па ліквідацыі прычын (5.52 Mb)
- Скарга на пастанову суда Мінскага раёна (1.26 Mb)
- Прысуд па справе (1.78 Mb)
- Пастанова суда Мінскага раёна (0.75 Mb)
- Пастанова аб перадачы крымінальнай справы пракурору для накіравання ў суд (1.92 Mb)
- Паведамленне аб парадку пакрыцця шкоды (2.12 Mb)