viasna on patreon

Справа Андрэя Жука

2016 2016-01-26T21:39:28+0300 2016-02-18T14:31:42+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прысуджаны да расстрэлу Менскім абласным судом 17 ліпеня 2009 г.

27 кастрычніка 2009 г. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь разгледзела касацыйныя скаргі А. Жука, І. Сарокіна і В. Марозава і пакінула прысуд Менскага абласнога суда без змены, а касацыйныя скаргі абвінавачаных без задавальнення.

30 кастрычніка 2009 г. у Камітэце па правах чалавека ААН зарэгістраванае індывідуальнае паведамленне аб парушэнні грамадзянскіх правоў асуджанага да смерці Андрэя Жука. У адпаведнасці з працэдурнымі правіламі, Камітэт па правах чалавека звярнуўся з просьбай да дзяржавы не прыводзіць у выкананне смяротны прысуд у дачыненні да А. Жука, пакуль скарга не будзе разгледжаная па сутнасці.

Аднак, у парушэнне ўзятых абавязальніцтваў, прысуд быў прыведзены ў выкананне, як мяркуецца, 18 сакавіка 2010 года.

Справа Андрэя Жука была разгледжаная Камітэтам па правах чалавека на 109-й сесіі (14 кастрычніка – 1 лістапада 2013 г.). Камітэт прыйшоў да высновы, што вынясенне сп. Жуку канчатковага смяротнага прысуду і прывядзенне яго ў выкананне не адпавядалі патрабаванням Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і з’яўляюцца парушэннем артыкула 6 (права на жыццё), 7 (забарона катаванняў і бесчалавечнага абыходжання), артыкула 9 (права на свабоду і асабістую недатыкальнасць), артыкула 14 (права на справядлівы суд і прэзумпцыю невінаватасці).

Абставіны справы

27 лютага 2009 года на аўтамабіль аграфірмы, які перавозіў заработную плату, быў учынены разбойны напад. Абодва супрацоўнікі прадпрыемства, якія знаходзіліся ў машыне, былі забітыя. Нападнікі выкралі грошы і ўцяклі.

1 сакавіка 2009 г. па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства былі затрыманыя А. Жук, І. Сарокін і В. Марозаў.

Усе яны былі прызнаныя вінаватымі.

А. Жук быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных п.п. 1, 12, 15 арт. 139 (забойства, здзейсненае групай асобаў), ч. 2 арт. 205 (крадзеж, учынены паўторна), ч. 3 арт. 207 (разбой), ч. 3 ст. 294 (крадзеж агнястрэльнай зброі), ч. 1 арт. 328 (незаконны абарот наркотыкаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. На падставе ч. 4 арт. 328 КК па сукупнасці злачынстваў шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім яму канчаткова прызначанае пакаранне ў выглядзе смяротнай кары з канфіскацыяй маёмасці.

Прынцыповыя парушэнні следства і акалічнасці справы, не разгледжаныя судом і/або якія паўплывалі на вынясенне прысуду

  • А. Жук быў дастаўлены ў РАУС 1 сакавіка ў 21.30. Пры затрыманні пры ім было выяўлены наркатычны сродак, і ён знаходзіўся, як было заяўлена ў судзе, пад наркатычным уздзеяннем. Зыходзячы з гэтага, орган папярэдняга расследавання павінен быў перш за ўсё зрабіць захады, каб праверыць, наколькі адэкватна Жук А.С. мог успрымаць сутнасць дзеянняў, якія ён здзейсніў. На медыцынскі агляд ён не быў накіраваны.
  • Допыт Жука А.С. як падазраванага пачаты 1 сакавіка ў 22.02 і скончаны ў 00.37 наступных сутак. Гэта следчае дзеянне праводзілася ў начны час, што забаронена ч. 2 арт. 192 КПК.
  • Ва ўсіх працэсуальных дакументах, прад'яўленых Жуку А.С. для азнаямлення (пратакол затрымання, пастанова аб затрыманні, пастанова аб прызнанні падазраваным) не было паказаная назва артыкула Крымінальнага кодэкса, па якой яго падазраюць. Юрыдычная кансультацыя да пачатку першага допыту доўжыліся ўсяго 5 хвілінаў з 22.02 па 22.07, што нельга аднесці да эфектыўнага спосабу абароны, а з'яўляецца фармальнасцю. Таксама ў адсутнасць адваката ў першыя суткі затрымання ў А. Жука было ўзята тлумачэнне, хоць ён настойваў на адвакаце, што адлюстравана ў пратаколе.
  • Ужо на наступны дзень 2 сакавіка А. Жук быў вывезены на следчае дзеянне – праверку паказанняў на месцы –, не маючы магчымасці падрыхтавацца да абароны. Доказы, атрыманыя такім чынам, у адпаведнасці з правіламі дапушчальнасці доказаў (ч. 3 арт. 105 КПК) лічацца недапушчальнымі, паколькі яны атрыманыя з парушэннем канстытуцыйных правоў і свабодаў. Аднак суд прызнаў гэтыя доказы дакладнымі і паклаў іх у аснову прысуду і сваіх высноваў.
  • На запыт адваката з СІЗА № 1 Упраўлення ДВП МУС па г. Мкнску быў атрыманы дакумент – копія лістоў медыцынскай амбулаторнай карты Жука А.С., заведзенай пры паступленні яго ў ВУ “Турма №8” (г. Жодзіна) для ўтрымання пад вартай. З гэтага дакумента вынікае, што 16.03.2009 г. пры паступленні Жука А.С. у гэтую ўстанову ў яго меліся цялесныя пашкоджанні. Андрэй Жук пры разглядзе яго касацыйных скаргаў у касацыйнай інстанцыі – Вярхоўным судзе – тлумачыў, што гэтыя цялесныя пашкоджанні ў яго з'явіліся пасля таго, як яго пры затрыманні 1 сакавіка 2009 года збілі аператыўныя супрацоўнікі ўнутраных справаў.
  • Прад'яўленае А. Жуку абвінавачванне паказвае, што ён меў першапачатковы намер і мэту здзяйснення разбойнага нападу, а ў працэсе гэтага нападу для падаўлення супраціву ахвяраў здзейсніў забойства. Жук А.С. з гэтым пагадзіўся і прызнаў сваю віну. Аднак пры вынясенні прысуду суд прыйшоў да высновы, што А. Жук меў намер аб пазбаўленні жыцця дзвюх асобаў яшчэ да самога здарэння 27 лютага. Такім чынам, прысуджаны да смерці не меў магчымасці абараняцца ў судзе па больш цяжкім абвінавачванні – фактычна гэтыя абставіны абвінавачвання сталі вядомыя Жуку А.С. толькі пры абвяшчэнні прысуду.
  • На суд быў аказаны ціск з боку вышэйшых службовых асобаў МУС. У прыватнасці міністр унутраных справаў Навумаў у інтэрв'ю СМІ 2 сакавіка 2009 года задоўга да абвяшчэння прысуду выказваўся па гэтай справе і называў Жука А.С. і іншых асобаў, якія праходзілі па справе, “злачынцамі”.

Глядзіце таксама:

http://www.portal-credo.ru/site/?act=news&id=80262

http://spring96.org/be/news/30413

http://spring96.org/ru/news/39159

http://spring96.org/ru/news/67168

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства