viasna on patreon

У Бялынічах спартыўныя абанементы распаўсюджваюцца па бюджэтных арганізацыях у “добраахвотна-прымусовым” парадку

2016 2016-01-20T17:12:35+0300 2016-01-20T17:13:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bial-abanement.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Бялынічах раённыя ўлады вынайшлі спосаб падвысіць наведвальнасць мясцовага фізкультурна-аздараўленчага комплексу. У “добраахвотна-прымусовым” парадку месячныя абанементы на наведванне басейна ФАКу распаўсюджваюцца сярод супрацоўнікаў бюджэтных арганізацый Бялыніцкага раёна.

У прыватнасці, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама давёў негалоснае заданне, колькі такіх абанементаў сярод сваіх супрацоўнікаў павінны распаўсюдзіць школы і дзіцячыя садкі раёна. Прычым абанементы ў “добраахвотна-прымусовым” парадку распаўсюджваюцца не толькі сярод працаўнікоў навучальных устаноў у саміх Бялынічах, але таксама і ў вясковых школах і дзіцячых садках, адкуль да гарадскога пасёлка дабрацца не заўсёды зручна.

Аналагічная схема распаўсюду абанементаў практыкуецца і ў іншых бюджэтных (і не толькі) арганізацыях Бялыніцкага раёна.

У прыватных гутарках супрацоўнікі гэтых устаноў выказваюць сваё незадавальненне існуючай у раёне практыкай падвышэння ўзроўню наведвальнасці ФАКу. Хоць кошт месячных абанементаў на наведванне басейну і не вельмі вялікі, аднак і заробкі ў бюджэтнікаў у Бялыніцкім раёне пакідаюць жадаць лепшага. Да таго ж заробленыя грошы людзям даводзіцца выдаткоўваць на яшчэ і на падпіску на дзяржаўныя выданні, таксама ў іх вылічваюць грошы з заробкаў падчас разнастайных суботнікаў і “дзён безаплатнай працы”, якія рэгулярна праводзяцца ў Бялыніцкім раёне. Ды і не ўсе набыўшыя ў “добраахвотна-прымусовым” парадку такі абанемент маюць магчымасць наведваць басейн, таму часцяком проста перадаюць іх сваім сваякам альбо знаёмым.

Фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Друць” у Бялынічах быў здадзены ў эксплуатацыю ў 2008 годзе, ён быў пабудаваны дзякуючы падтрымцы тагачаснага дэпутата Палаты прадстаўнікоў ад Бялыніцкага раёна Уладзіміра Канаплёва. Амаль адразу ж пасля запуску ФАКу ўзніклі вялікія праблемы з запаўняльнасцю і самаакупнасцю гэтага спартовага аб’екта. Для Бялыніцкага раёна, у якім пражывае каля 20 000 чалавек, выдаткі на яго ўтрыманне аказаліся проста непад’ёмнымі. Каб хоць неяк зменшыць страты ад эксплуатацыі ФАКу, раённыя ўлады неаднаразова праводзілі “аптымізацыю” колькасці яго супрацоўнікаў і ўзроўню іх заробкаў, а таксама выкарыстоўвалі “добраахвотна-прымусовыя” меры для падвышэння наведвальнасці спартовага аб’екта.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства