viasna on patreon

Гомельская праваабаронца Марыя Клімовіч: у Міністэрстве інфармацыі зрабілі выгляд, што не зразумелі сутнасці праблемы – цыганафобіі

2016 2016-01-19T16:01:36+0300 2016-01-19T16:01:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cygany.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гомельскія праваабаронцы Марыя Клімовіч і Алесь Яўсеенка атрымалі ліст з Міністэрства інфармацыі – адказ на прапанову, якую заяўнікі накіроўвалі Упаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Праваабаронцы прапаноўвалі Леаніду Гуляку выпусціць інфармацыйны буклет пра жыццё цыганскай дыяспары, прававыя нормы, якія тычацца нацыянальнага пытання, і распаўсюдзіць яго сярод журналістаў і міліцыянераў. На прапанову выдаць інфармацыйны буклет адказу не было – ні станоўчага, ні адмоўнага. Зварот Апарат упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў «адфутболіў» у Міністэрства інфармацыі.

З Міністэрства інфармацыі быў атрыманы адказ на дзве старонкі, толькі па сутнасці – некалькі сказаў. Так, міністэрства адпісалася, што План выпуску сацыяльна-значных выданняў на 2016 год сфарміраваны і зацверджаны. Заяўкі на стварэнне друкаваных выданняў з выдзяленнем бюджэтных сродкаў прымаюцца выключна ад дзяржаўных выдавецтваў і арганізацый сістэмы Міністэрства інфармацыі.

«У аснове планаў – праекты, рэалізацыя якіх ажыццяўляецца па даручэнню кіраўніка дзяржавы, Савету міністраў, нацыянальных і дзяржаўных праграм, прысвечаныя нацыянальным святам, знакавым юбілейным датам, прадстаўнічым выданням і г. д.» - растлумачыла міністэрства.

З нагоды выдання кніг па замове міністэрства раіць звярнуцца ў арганізацыі, якія ажыццяўляюць выдавецкую дзейнасць.

Марыя Клімовіч лічыць, што ў Міністэрстве інфармацыі зрабілі выгляд, што не зразумелі сутнасці праблемы. «А сутнасць зусім не ў тым, што нейкая брашура не выдадзена. СМІ і міліцыя прапагандуюць цыганафобію — вось гэта сапраўдная бяда. І калі наш зварот з апарату ўпаўнаважанага быў накіраваны у міністэрства інфармацыі, мы падумалі, што гэта дзеля таго, каб міністэрства звярнула увагу на артыкулы, якія супярэчаць заканадаўству. Але міністэрства проста дало бюракратычную адпіску. Ну калі вы не хочаце прыслухоўвацца да грамадскасці - як вырашаць праблемы, то вырашайце яе самі. Але чаму за тры гады не вырашылі?» - пракаментавала праваабаронца.

Нагадаем, гомельскія праваабаронцы шмат разоў на працягу апошніх некалькіх гадоў звярталіся ў розныя дзяржаўныя ўстановы – МУС, Міністэрства адукацыі, Гомельскі аблвыканкам, да рэдактараў газет з патрабаваннем спыніць дыскрэдытацыю цыганскай меншасці ў СМІ. Службовыя асобы абяцалі прыняць меры, але публікацыі ў СМІ, якія прыніжаюць гонар і годнасць цыган, з'яўляюцца і сёння.

Па словах Марыі Клімовіч, журналісты і міліцыянеры павінны быць аб'ектыўнымі, а ў некаторых, відаць, для аб'ектыўнасці відавочна не хапае інфармацыі. І дапамагчы атрымаць інфармацыю пра нацыянальную меншасць мог бы інфармацыйны буклет.

Дыскрымінацыя па нацыянальнай прыкмеце забаронена заканадаўствам. Але ў снежні ў буйнейшай беларускай газеце з'явіўся артыкул з загалоўкам «На Гомельшчыне цыганкі скралі грошы ў маці і яе дзіця-інваліда» («СБ-Беларусь Сегодня, 14.12.2015), а брагінская газета «Маяк Палесся» паведаміла пра затрыманне групы цыганоў толькі за тое, што яны належаць да нацыянальнай меншасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства