На віцебскіх заснавальнікаў партыі БХД ціснуць, каб адмовіліся ад подпісаў
24 снежня аргкамітэт па стварэнні партыі БХД ужо ў шосты раз паспрабаваў зарэгістраваць партыю - падаў у Міністэрства юстыцыі Беларусі спіс больш як 1000 заснавальнікаў і іншыя дакументы. Цяпер на тых, хто падпісаўся ў якасці заснавальніка, пачаўся ціск. Пра такі выпадак распавяла Таццяна Севярынец.
Віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэнні партыі БХД абураная:
“Ціснуць на самых неабароненых, прычым гэта жорсткі маральны ціск. Пенсіянерку Валянціну Скамарохаву, якая працуе ў “Доме дзіцяці”, выклікалі да галоўурача, там у кабінеце сядзелі яшчэ два чалавекі. Сказалі, што яны з Мінюсту. Але для жанчыны сталага веку гэта ж сапраўдны стрэс – выклікалі ж да кіраўніка! Чаму нельга было патэлефанаваць ёй асабіста, спытацца, ці падпісвала яна дакументы? Навошта трэба было распачынаць усё гэтую працэдуру, падчас якой спачатку дапытваліся, ці ставіла спадарыня свой подпіс, а потым узялі нейкую паперку, што яна пакуль не з’яўляецца чальцом партыі”.
Паводле Тацяны Севярынец, былі і іншыя выпадкі, калі праверка сапраўднасці подпісаў абарочвалася стрэсам. Тацяна Севярынец лічыць, што такія праверкі – гэта свядомыя правакацыі, запалохванне і парушэнне правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія маюць законнае права на ўдзел у палітычным жыцці краіны.