Праваабарончая праграма “Вясна” на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 22:00 (паўтор у суботу ў 7:00) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” - праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі.
Анонс выпуска:
"Хроніка": У Гомелі працягваецца хваля пераследу фрылансераў; У Мінску прайшоў антыкрызісны форум прадпрымальнікаў; Падчас суда на актывіста Максіма Вінярскага склалі новы пратакол за непавагу да суддзі.
“Каментар Эксперта”: У студэнта 2-га курса філалагічнага факультэта БДУ Глеба Вайкуля, які ўдзельнічаў у “Маршы студэнтаў” 2 снежня, падчас заліковай сэсіі склаліся праблемы са здачай аднаго заліка. Пазней малады актывіст пабачыў сваё прозвішча ў спісе студэнтаў на адлічэнне. Студэнт дакладна не можа звязаць няздачу заліку з удзелам у “Маршы студэнтаў”, але ён неаднаразова чуў з розных крыніц, што яго могуць адлічыць за актыўную пазіцыю і адкрытае выказванне свайго меркавання.
"Асоба": 5 студзеня Мінскі абласны суд вынес першы ў гэтым годзе смяротны прысуд жыхару Вілейкі Генадзю Якавіцкаму, абвінавачанаму па другой частцы артыкула 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь "Забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю" за забойства сваёй сужыцелькі. Яго першая жонка Наталля Буланава распавяла пра асобу асуджанага і акалічнасці яго справы.
У музычных паўзах - апошні альбом David Bowie “Blackstar". Спявак каля года з паловай змагаўся з ракам і сканаў 11 студзеня.