ГА “БАЖ” падтрымала супольную заяву з нагоды гадавіны атакі на “Charlie Hebdo”
Напярэдадні гадавіны тэратыстычнай атакі на французскі часопіс “Charlie Hebdo”журналісцкія арганізацыі – сябры Міжнароднай асацыяцыі абароны свабоды слова (IFEX) – выступілі з супольнай заявай, заклікаючы ўрады свету абараняць крытычныя галасы і свабоду выказвання.
Копію гэтага дакумента 7 студзеня 2016 г. атрымаюць кіраўнікі шэрагу дзяржаў, а яе тэкст апублікуюць у найбуйнейшых сусветных СМІ.
Падаем яго тэкст у перакладзе:
“У гадавіну брутальных атак на офісы “Charlie Hebdo” мы, ніжэйпадпісаныя, пацвярджаем свае абавязальніцтвы абараняць права на свабоду выказвання – нават калі гэтае права часам выкарыстоўваецца для выказвання поглядаў, якія камусьці могуць падацца абразлівымі.
Атака на “Charlie Hebdo”, якая прынесла 11 смерцяў і 12 раненняў, стала жахлівым напамінам пра гвалт, які зазнаюць журналісты, мастакі і іншыя носьбіты крытычнай думкі ў атмасферы росту нецярпімасці і нязгоды.
Гэтыя забойствы распачалі год, які стаўся сапраўдным выпрабаваннем для абаронцаў свабоды выказвання меркавання.
Зламыснікі ўчынялі гвалт супраць сваіх крытыкаў пераважна беспакарана, як гэта было з брутальнымі забойствамі чатырох свецкіх блогераў ісламіскімі экстрэмістамі ў Бангладэш ды забойствам акадэміка Калбургі, які крытычна выказваўся на адрас індуісцкага фундаменталізму ў Індыі.
Нягледзячы на з’яўленне сусветных лідараў на вуліцах Парыжа падчас беспрэцэдэнтнай акцыі салідарнасці за свабоду выказвання пасля забойстваў у рэдакцыі “Charlie Hebdo”, мастакі і пісьменнікі сутыкаліся са шматлікімі рэпрэсіямі з боку сваіх урадаў на працягу ўсяго года.
У Малайзіі карыкатурыст Зунар галаслоўна абвінавачваецца ў “падбухторванні да паўстання” і стаіць перад пагрозай 43-гадовага турэмнага зняволення, у Іране карыкатурыст Aтэна Фардаджані адбывае 12-гадовае турэмнае зняволенне за палітычную карыкатуру, а ў Саудаўскай Аравіі палестынскі паэтАшраф Фаяд быў асуджаны на смерць за свае свецкія погляды, у тым ліку выказаныя ў паэзіі.
Бадай найбольш далёкасяжныя пагрозы свабодзе выказвання меркаванняў у 2015 годзе зыходзілі ад урадаў пад прыкрыццём меркаванняў бяспекі. Гэтак, пасля атакі на рэдакцыю “Charlie Hebdo” 11 міністраў унутраных спраў краін ЕС, у тым ліку Францыі, Вялікабрытаніі і Нямеччыны, прынялі супольную заяву, заклікаўшы правайдараў інтэрнэт-паслуг вызначаць і выдаляць анлайн-кантэнт, які “падбухторвае да нянавісці і тэрору”. У ліпені Сенат Францыі ўхваліў супярэчлівы законапраект, які надае новыя істотныя паўнамоцтвы спецслужбам па сачэнні за грамадзянамі, які Камітэт ААН па правах чалавека ахарактарызаваў як “надзвычай шырокага дзеяння”.
Такога кшталту рэакцыя з боку ўрадаў – жахлівая, бо асабліва падступнай пагрозай нашаму праву на свабоду выказвання з’яўляецца самацэнзура. Дзеля таго, каб напоўніцу карыстацца сваім правам на свабоду выказвання, людзі павінны мець магчымасць камунікаваць, не баючыся ўмяшальніцтва з боку дзяржавы. Паводле міжнароднага заканадаўства, права на свабоду выказвання таксама абараняе меркаванні, якія некаторым могуць падацца шакавальнымі, абразлівымі або трывожнымі. Пры гэтым важна памятаць: права на свабоду выказвання мае на ўвазе, што тыя, хто пачуваецца абражанымі, таксама могуць запярэчыць шляхам вольных дэбатаў, адкрытай дыскусіі ці мірнага пратэсту.
У гадавіну атакі на рэдакцыю “Charlie Hebdo” мы, ніжэйпадпісаныя, заклікаем усе ўрады:
- прытрымлівацца сваіх міжнародных абавязальніцтваў па абароне права на свабоду выказвання і інфармацыі для ўсіх, і асабліва – па абароне права журналістаў, пісьменнікаў, мастакоў і праваабаронцаў друкавацца, пісаць і казаць без перашкодаў;
- прасоўваць бяспечныя і спрыяльныя ўмовы для тых, хто рэалізуе сваё права на свабоду выказвання, а таксама забяспечваць магчымасць бесперашкоднай працы журналістам, мастакам і праваабаронцам;
- змагацца з беспакаранасцю пагрозаў і правапарушэнняў, скіраваных на журналістаў ды іншых асобаў, якія ажыццяўляюць сваё права на свабоду выказвання, а таксама забяспечыць бесстароннія, сваечасовыя і вычарпальныя расследаванні, вынікам якіх будзе з’яўленне выканаўцаў і замоўцаў такіх злачынстваў на лаве падсудных. Таксама забяспечваць ахвярам злачынстваў ды іх сем’ям зручны доступ да адпаведных сродкаў прававой абароны;
- скасоўваць заканадаўчыя акты, якія абмяжоўваюць права на законную свабоду выказвання меркаванняў, – асабліва з расплывістымі фармулёўкамі і празмернымі спасылкамі на нацыянальную бяспеку, процідзеянне падбухторванням да пратэстам, непрыстойнасцям і блюзнерству, на нормы крымінальнага заканадаўства аб дыфамацыі ды іншага заканадаўства, якое выкарыстоўваецца для зняволення, запалохвання і суцішвання аўтараў крытычных меркаванняў (у тым ліку ў сацыяльных сетках і ў анлайне);
- гарантаваць павагу да правоў чалавека ў палітыцы адсочвання камунікацыі. Адпаведна, законы і прававыя стандарты, якія вызначаюць правілы адсочвання камунікацыі, маюць быць абноўленыя, узмоцненыя і аддадзеныя пад кантроль заканадаўчай і судовай улады. Якое-кольвек умяшальніцтва можа быць апраўданым толькі ў выпадку яго дакладнага вызначэння ў законе, скіраванасці на дасягненне легітымнай мэты, а таксама пільнай неабходнасці дасягнення гэтай мэты”.