Гомельскага фрылансера тры гадзіны пратрымалі ў Кармянскім РАУС па загадзе пільнага ідэолага
Гомельскі журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі праз «пільнасць» мясцовага ідэолага – намесніка начальніка аддзелу ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Кармянскага райвыканкама Таццяны Вяркеенка тры гадзіны правёў у Кармянскім РАУС. У райцэнтры Карма журналіст прыехаў па просьбе мясцовых жыхароў, якія з верасня маюць пэўныя праблемы з пітной вадой. Калі Кастусь Жукоўскі праводзіў на вуліцах райцэнтра апытанне, да яго праявіла пільную ўвагу супрацоўніца райвыканкаму, ідэолаг Таццяна Вяркеенка, яна ж і выклікала міліцыю. Прадстаўніца «вертыкалі» патлумачыла, што без яе дазволу нельга здымаць, і ў першую чаргу журналісты павінны прыйсці за акрэдытацыяй у райвыканкам. «Яна нават у будынку міліцыі камандавала супрацоўнікам РАУС. Міліцыянеры паводзілі сябе больш-менш нармальна, прыстойна, але ідэолаг усімі словамі і справамі паказвала, што яна тут галоўная. Гэта парушэнне заканадаўства – забарона здымаць на вуліцах райцэнтру, і патрабаванне нейкай акрэдытацыі ад выканкаму», - пракаментаваў Жукоўскі.
У міліцыі ў яго ўдакладнялі асабістыя дадзеныя, аглядалі рэчы, але затым, праз тры гадзіны, адпусцілі без складання пратаколу. Журналіст-фрылансер склаў скаргу на дзеянні ідэолага, таму што лічыць, што яго правы былі парушаны.
Нагадаем, гомельскія журналісты-фрылансеры Ларыса Шчыракова, Кастусь Жукоўскі і Наталля Крывашэй накіравалі ў лістападзе скаргу Генеральнаму пракурору. Яны аспрэчваюць судовыя пастановы адносна буйных штрафаў за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат». Крывашэй «павінна» бюджэту 24,3 мільёны, Шчыракова – 3,6 мільёны, Жукоўскі – 31,5 мільёна рублёў. Афіцыйна фрылансераў штрафавалі на падставе міліцэйскіх пратаколаў за парушэнне артыкулу 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ).
Ларыса Шчыракова ў пачатку снежня звярнулася са скаргай у Камітэт ААН па правах чалавека з нагоды пераследу за журналісцкую працу.