viasna on patreon

У Горках гістарычныя будынкі прыходзяць у заняпад. Пракуратура на парушэнне заканадаўства не рэагуе

2015 2015-12-22T17:24:17+0300 2015-12-22T17:24:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gistor-kultur-kashtounasc.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У горадзе Горкі прыходзяць у заняпад тры гістарычныя будынкі, які знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Жыхароў з будынкаў выселілі тры гады таму, аднак за прайшоўшы перыяд іх так і не пачалі рэстаўраваць. Наадварот, будынкі паступова разбураюцца, у іх знаходзяць прытулак сумнеўныя кампаніі, якія не звяртаюць увагі на ахоўныя таблічкі, якія папярэджваюць пра тое, што прычыненне шкоды караецца згодна закону, паведамляе незалежная газета “Узгорак”.

Галоўны рэдактар газеты Галіна Будная адзначае, што тры гістарычныя будынкі, якія размяшчаюцца на тэрыторыі БДСГА і якія нібыта знаходзяцца пад аховай дзяржавы, фактычна закінутыя. Зараз дамы ў такім стане, што, калі б пра гэта не нагадвалі адпаведныя шыльды, было б нават цяжка ўявіць, што яны ўяўляюць гістарычную каштоўнасць і знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Горацкія абаронцы гістарычнай спадчыны спадзяюцца, што на парушэнне Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” нарэшце зверне ўвагу пракуратура.

Падчас падрыхтоўкі да “Дажынак”, якія праходзілі ў Горках у 2012 годзе, у горадзе, нягледзячы на пратэсты мясцовых жыхароў, ужо быў зруйнаваны будынак, у якім жыў выдатны беларускі пісьменнік Максім Гарэцкі. Былі знішчаны яшчэ некалькі гістарычных архітэктурных аб’ектаў, якія рабілі Горкі сапраўды ўнікальным горадам. Грамадскія актывісты з Горак выказваюць заклапочанасць, што падобны лёс можа чакаць і гістарычныя будынкі па вуліцах Мічурына і Ціміразева ў горадзе.

Старшыня Магілёўскага абласнога савета Беларускага рэспубліканскага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Уладзімір Краўчанка кажа, што ў Магілёўскай вобласці і нават у краіне такая плачэўная сітуацыя з помнікамі архітэктуры не рэдкасць. У нас многія будынкі належаць дзяржаве, і чыноўнікі спасылаюцца на тое, што на ўтрыманне будынкаў няма сродкаў. Аднак гаспадар, хто б ён ні быў, па закону павінен несці адказнасць за захаванне гістарычных аб’ектаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства