Жанчыны праз суд адстойваюць права на мірны сход
21 снежня суд Цэнтральнага раёну Гомеля пад старшынствам суддзі Віталя Маразюка разгледзіць скаргу мясцовых актывістак Наталлі Шчукінай і Алы Раманчык на забарону гарвыканкама ў правядзенні вулічнага шэсця, якое жанчыны планавалі правесці па праспекту Рэчыцкаму абласнога цэнтра дзеля прыцягнення ўвагі да эканамічнага крызісу ў краіне і неабходнасці правядзення эканамічных рэформ.
Жанчыны аспрэчваюць не толькі забарону гарвыканкама, але таксама ставяць перад судом пытанне аб прызнанні неправамерным вызначэнне ў абласным цэнтры дзьвух месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў, а таксама ўскладанне на арганізатараў мірных сходаў абавязкаў па заключэнні дамоваў на выплатнай аснове з медыцынай і санітарнай ачысткай горада.
Цікава адзнычыць, што да скаргі ў суд першай інстанцыі заяўніцы прыклалі рашэнні Камітэту ААН па правах чалавека, у якіх на міжнародным узроўні забароны правядзення мірных сходаў у Гомелі былі прызнаны як парушэнні правоў на мірныя сходы.
У прыватнасці, да скаргі яны прыклалі рашэнне па справе Васіля Палякова, у якім Камітэт па правах чалавека адзначыў, што абмежаванні, уведзеныя Гомельскім гарвыканкамам у адносінах да свабоды аўтара на правядзенне сходаў, грунтаваліся на палажэннях нацыянальнага заканадаўства і ўключалі цяжкія патрабаванні на той кошт, што б заручыцца трыма асобнымі пісьмовымі абавязацельствамі з боку трох розных адміністрацыйных органаў, што робіць яго права на масавае мерапрыемства ілюзорным.У рашэнні па справе Уладзіміра Сякерка Камітэт ААН нагадаў, што калі дзяржава накладае абмежаванні з мэтай забеспячэння раўнавагі паміж правам індывіда на сход і агульнымі інтарэсамі, яна павінна кіравацца мэтай садзейнічання ажыццяўленню дадзенага права, замест таго каб імкнуцца залішне або непамерна абмежаваць яго.
Як паставіцца суд да рашэнняў ААН мы даведаемся ў бліжэйшы час.