10 снежня - Дзень правоў чалавека
Сёлета ў Дзень правоў чалавека ААН распачынае кампанію, прысвечаную 50-й гадавіне двух пактаў у галіне правоў чалавека - Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Гэтыя міжнародныя дамовы былі прынятыя Генеральнай Асамблеяй ААН 16 снежня 1966 года.
Кампанія ААН «Нашыя правы. Нашыя свабоды. Заўжды», закліканая павысіць узровень інфармаванасці аб двух пактах, надае асноўную ўвагу тэме правоў і свабодаў - свабоды слова, свабоды веравызнання, свабоды ад нястачы і свабоды ад страху, - якая актуальная сёння гэтак жа, як і 50 гадоў таму, калі гэтыя дамовы былі прынятыя.
У часы зараджэння праваабарончага руху, пасля Другой сусветнай вайны, прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Франклін Дэлана Рузвельт назваў чатыры асноўныя свабоды, якімі ад нараджэння надзелены кожны чалавек. Гэта - свабода слова і самавыяўлення, свабода веравызнання, свабода ад нястачы і свабода ад страху. Яго жонка, Элеанора Рузвельт, улілася ў шэрагі змагароў за правы чалавека з усяго свету ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, з тым каб замацаваць гэтыя свабоды ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Беспрэцэдэнтныя выклікі сучаснасці можна разглядаць праз прызму - і пераадольваць з пазіцый - гэтых чатырох свабодаў, нагадвае Генсакратар ААН.
«Давайце ж, адзначаючы Дзень правоў чалавека, зноў пацвердзім нашае абавязацельства гарантаваць захаванне асноўных свабодаў і абарону правоў чалавека ўсіх людзей!» - заклікае Пан Гі Мун.
Лічбы і факты ААН
- Гэтыя дзве дамовы маюць абавязковую юрыдычную сілу для дзяржаў, якія з'яўляюцца бакамі дамоваў.
- На дадзены момант 168 дзяржаў з'яўляюцца ўдзельнікамі Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
- На дадзены момант 164 дзяржавы з'яўляюцца ўдзельнікамі Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах.
- Абедзве дамовы былі прынятыя рэзалюцыяй 2200 А (XXI) Генеральнай Асамблеі ад 16 снежня 1966 года і ўступілі ў сілу ў 1976 годзе, пасля таго як іх ратыфікавала значная колькасць краінаў.
- За выкананнем кожнай дамовы сочыць група экспертаў, якая ацэньвае прагрэс дзяржаваў -удзельніц дамоваў. Яны таксама разглядаюць індывідуальныя скаргі і вызначаюць, ці павінна дзяржава выправіць сітуацыю.
- Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, а таксама Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і два факультатыўныя пратаколы да яго ў сукупнасці з Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека складаюць Міжнародны біль аб правах чалавека.
Беларусь ратыфікавала Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах і Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах у 1973 годзе. Да Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах краіна далучылася ў 1992 годзе, але дагэтуль не падпісала Другі Факультатыўны пратакол да дадзенага Пакта, скіраваны на адмену смяротнага пакарання.
Таксама варта адзначыць, што апошнія 18 гадоў Беларусь рэгулярна прапускала тэрміны прадстаўлення ў Камітэт па правах чалавека справаздачаў аб выкананні Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Паводле ўстаноўленай працэдуры, дзяржава павінна даваць справаздачу перад Камітэтам аб ходзе выканання сваіх абавязацельстваў кожныя 4 гады. Але апошняя такая справаздача Беларусі была разгледжаная ў Камітэце ў кастрычніку 1997 года. Наступную справаздачу дзяржава павінна была прадставіць у 2001 годзе, але пратэрмінавала яе. На дадзеным этапе Камітэт накіраваў дзяржаве Пералік пытанняў, якія падлягаюць разгляду да прадстаўлення пятага перыядычнага дакладу па Беларусі, прыняццю якога папярэднічала актыўная праца кааліцыі беларускіх праваабарончых арганізацый па інфармаванні Камітэта пра найбольш актуальныя парушэнні палажэнняў Пакта ў Беларусі.
Для беларусаў Камітэт ААН па правах чалавека - адзіная міжнародная інстанцыя, куды яны могуць звярнуцца ў сувязі з парушэннем правоў грамадзян уладамі. Першая скарга ў КПЧ была пададзеная ў 1997 годзе. Камітэт зарэгістраваў 180 скаргаў з Беларусі. У 79 з іх устаноўлены парушэнні правоў, разгляд васьмі скаргаў перапынены ў сувязі з тым, што страчаная сувязь з аўтарамі. 17 скаргаў былі прызнаныя непрымальнымі (парушэнне ўмоў падачы). У двух выпадках было прызнана, што парушэння правоў не адбывалася. Па звестках на жнівень 2015 года, 76 скаргаў чакалі свайго разгляду.