Гомель: падатковая спыніла адміністрацыйную справу ў дачыненні праваабаронцы Леаніда Судаленкі
7 снежня падатковая спыніла адміністрацыйную справу ў дачыненні праваабаронцы Леаніда Судаленкі і выдала адпаведную пастанову. Такое рашэнне было прынятае ў сувязі з «малазначнасцю». Нагадаем, намеснік начальніка Інспекцыі па падатках і зборах па Гомельскаму раёну Марына Барыскіна накіравала праваабаронцу позву аб яўцы 7 снежня ў інспекцыю для ўдзелу ў адміністрацыйным працэсе ў якасці асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс. Яго вінавацілі ва ўтойванні ад падаткаабкладання 500 рублёў заробку і 387 024 рублёў атрыманых па акцыях дывідэндаў.
«Я падняў даведкі аб выплаце дывідэндаў, інспекцыя лічыць налічаную суму, у той час як я ўказаў атрыманую – гэта значыць, што падатак 12% з дывідэндаў у мяне ўжо вылічылі. Утойванне 500 рублёў прафсаюзнага заробку за апошнія 10 год з'яўляецца тэхнічнай памылкай. У маіх дзеяннях адсутнічае склад правапарушэння», - адзначыў Леанід Судаленка.
Нагадаем, у лістападзе 2015 года падатковая склала акт камеральнай праверкі, у якім прыйшла да высновы, што праваабаронца ўтойваў заработную плату на 500 рублёў, а таксама ва ўтойванні 387 тысяч рублёў ад атрыманых па акцыях дывідэндаў. Адначасова падатковая праісла Леаніда Судаленку патлумачыць, як і каму ён рэалізоўваў сельскагаспадарчую прадукцыю, ад продажу якой меў грашовы даход за дэклараваны перыяд. Патрабаванне ўзгадаць, каму тры гады таму, у 2012 годзе ён прадаў цыбулю і буракі для праваабаронцы выглядае абсурдна.
Падатковая не першы раз патрабуе ад Леаніда Судаленкі справаздачу. Так, ён мусіў справаздачыцца аб сваіх прыбытках і маёмасці за апошнія тры гады. У 2012 годзе дэкларацыю аб прыбытках і маёмасці за пяць гадоў (2007, 2008, 2009, 2010, 2011) мусілі прадставіць ягоная жонка, цешча і паўнагадовы сын, які на той час служыў у войску.