Віцебскі аблвыканкам пачаў ідэалагічную падрыхтоўку да наступных выбараў
Абласное ўпраўленне ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі абвясціла тэндэр на вытворчасць і трансляцыю пакета "сацыяльна значных тэлеперадач". У пакет уваходзіць і цыкл "Выбары-2016", прысвечаны выбарам дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
Паводле апісання зместу гэтага цыклу, запланавана 50 выпускаў праграмы па 15 хвілін. Перадача "павінна расказваць аб усіх важных этапах выбарчай кампаніі", тут мусяць быць паказаны "інтэрв'ю з дзеючымі дэпутатамі, кіраўнікамі выбарчых камісій, выступы кандыдатаў у дэпутаты, тэледэбаты".
Слова "тэндэр" у дадзеным кантэксце выглядае як фікцыя: астатнія перадачы, запланаваныя абвыканкамым у пераліку "сацыяльна значных тэлеперадач", стала выпускае дзяржаўнае РУП РТЦ "Тэлерадыёкампанія “ВИТЕБСК". Гэта і праграмы навінаў "Віцебскі веснік" , і праграма "Закон і парадак" – пра крымінальныя злачынствы з элементамі прафілактыкі парушэнняў правапарадку, і "Вячэрні Віцебск" – перадача, рубрыкі якой асвятляюць працу мясцовай улады і сферы эканомікі, эграпрамысловага комплекса, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сацыяльнай абароны, адукацыі, культуры, спорта і гд".
У пакеце "сацыяльна значных тэлеперадач" няма аніводнай праграмы, якая была б прысвечана дыспутам паміж прадстаўнікамі розных палітычных сіл краіны або сустрэчам прадстаўнікоў розных прафсаюзаў ці грамадскіх утварэнняў дэмакратычнай накіраванасці. Каштуе гэты пакет 9 мільярдаў 127 мільёнаў 280 тысяч рублёў. Выдаткоўвацца грошы будуць з абласнога бюджэту.