Даяркі з Гарадоцкага раёну просяць не зачыняць фермы, бо іншай працы для іх няма
Калі прадпрыемства "Гарадоцкае райаграпрамзабеспячэнне" будзе прызнана банкрутам, падведамасныя яму фермы зачыняцца таксама. Работнікі баяцца, што іх не толькі пазбавяць працы, але і выселяць разам з сем'ямі са службовага жытла.
Работніцы фермы, якая месціцца ў вёсцы Паташня (ранейшая назва вёскі – Лажані) абмяркоўваюць магчымасці пратэсту супраць закрыцця фермы. 2 снежня частка калектыву паехала ў Гарадок на сход, які арганізавалі па іхнай просьбе ў ААТ "Гарадоцкае райаграпрамзабеспячэнне". Паміж сабой прадпрыемства даяркі называюць скарочана: "РАПЗ". Але непакояцца , што працаваць на вытворчасці з назвай-абрэвіятурай ім засталося нядоўга: іх папярэдзілі, што ў гаспадарчым судзе ўжо рыхтуецца рашэнне, каб прызнаць "РАПЗ" банкрутам.
"Тады мы застанемся без працы, - гаворыць цялятніца Марына Пятроўна. – Я дык дакладна, бо мне засталося 4 гады да пенсіі. Хто мяне возьме працаваць? І куды? На іншых фермах – тое самае. Жанчыны пыталіся, ці можна будзе ўладкавацца на гарадоцкую птушкафабрыку. Але там кіраўніцтва сказала "не". У іх свае скарачэнні. Начальства толькі абяцае, што нас працаўладкуе, і што высяляць нікога не будуць. Але мы не верым, бо бачылі прыклад, калі зачынялі льнозавод. І працаўладкавалі толькі пару чалавек, і высяляць са службовага жытла пачалі праз пэўны час".
Брыгадзір Вольга Падрэз гаворыць, што ад страйку, які ўжо збіраліся абвясціць даяркі, уратавала толькі шкадоба да жывёлы:
"Каровам жа не патлумачыш, што у нас ёсць правы, у там ліку на працу. І мы, маўляў, будзем за яго змагацца, а вы пачакайце, някормленыя і нядоеныя! У нас людзі вырашылі, што "скінуцца" па 30 тысяч на аўтобус, наймуць на свае грошы адваката і паедуць 16 снежня ў суд, каб бараніць дырэктара "РАПЗа". Ён, апошні дырэктар, прыйшоў толькі год таму, і ўжо відаць зрухі да лепшага – мы хоць нейкі заробак пачалі атрымліваць".
Алена і Марына (на здымку), даяркі з суседняй фермы ў вёсцы Верамееўка, што таксама адносіцца да ААТ "Гарадоцкае райаграпрамзабеспячэнне", скардзяцца на малыя заробкі, але радыя хоць такім.
"За гады маёй працы тут змянілася 8 дырэктараў! Толькі ў 2014 годзе іх было тры. Гэты, апошні, прыйшоў у студзені, і на яго звалілі ўсе ранейшыя нявыплачаныя крэдыты. Як ён з гэтым справіцца? Мы просім, каб адтэрмінавалі банкруцтва на год-паўтара. Можа неяк уздымемся, заробкі ж ужо плацяць. Хаця б мінімальны, бо ў студзені мы атрымлівалі ўвогуле ўсяго па 900 тысяч. Дзе мы знойдзем працу?"- скардзіцца Марына.
"У яе двое дзяцей, а ў мяне – чацвёра! – дадае Алена. Мы ўсе ў пазыках па вушы, бо гадамі нічога не атрымлівалі. За маё дзіця ў садзе грошы закладаюць, бо не магу здаць 20 тысяч, якія збіраюць на цацкі. За Марыніных у школе настаўнікі плацяць – каб набыць падручнікі ў пачатку года. Толькі зараз з'явіўся нейкі спадзеў, але ж не, нас усе адно зачыняюць. А ў каго службовае жытло? Была б адна, дык збудавала б нейкі шалашык і жыла, а з дзецьмі – куды. І гэта добра, калі дзеці з намі застануцца! А то ж іх у дзіцячыя дамы пазабяруць – калі мы будзем без працы, а яны – галодныя ды распранутыя!"
Жанчыны ў поўным адчаі, бо баяцца за сваю будучыню і лёсы сваіх дзяцей. Абяцанні працаўладкавання даярак не цешаць: такія работнікі не патрэбны ў раёне – на фермах вакансій для іх няма, тым больш з прадастаўленнем жытла. Пасля таго, як у рэспубліканскіх СМІ з'явілася інфармацыя пра тое, што даяркі рыхтуюцца да страйку, афіцыйны сайт Гарадоцкага райвыканкаму паспяшаўся з абвяржэннямі. Паведаміў, што было праведзены сход працоўнага калектыву, што прадпрыемства "працуе ў нармальным рэжыме" і што работнікамі "вядзецца тлумачальная праца". Праўда, паспрыяць з працаўладкаваннем улады больш не абяцаюць: сказана, што "з часам людзі знойдуць новае месца працы". Яны могуць звярнуцца і ў службу занятасці райвыканкама. Праўда, на сайце райвыканкама ў гэтай службы няма нават спіса вакансій.