viasna on patreon

У Бялынічах грамадзяне адстойваюць экалагічныя правы

2015 2015-11-24T18:07:54+0300 2015-11-24T18:07:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ekalogija.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадскія актывісты з Бялыніч пачалі збор подпісаў жыхароў Бялыніцкага раёна пад калектыўным зваротам у Круглянскі райвыканкам. Падставай для звароту паслужыла пастаяннае ігнараванне патрабаванняў прыродаахоўнага заканадаўства пры эксплуатацыі гідраэлектрастанцыі, якая знаходзіцца ў аграгарадку Цяцерына Круглянскага раёна.

Бялынічане скардзяцца на тое, што, у выніку непрадуманых дзеянняў пры эксплуатацыі Цяцерынскай ГЭС, перапад узроўню вады ў рацэ Друць на працягу дня часцяком складае больш за адзін метр. У выніку гэтага гіне расліннасць і іхтэафаўна, рака на тэрыторыі Бялыніцкага раёна паступова ператвараецца ў балота. Рацэ Друць наносіцца велізарныя экалагічныя страты, якія цяжка падлічыць. Грамадскія актывісты абураны тым, што адпаведныя прыродаахоўныя органы і арганізацыі Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў не звяртаюць на гэта ўвагі, хоць кантроль за станам навакольнага асяроддзя і выкананнем прыродаахоўнага заканадаўства – іх непасрэдны абавязак.

Ніякіх мер па выпраўленні існуючай сітуацыі не прымаюць і органы выканаўчай улады Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў, хоць неабыякавыя грамадзяне неаднаразова ўздымалі перад імі пытанне аб захаванні флоры і фаўны ракі Друць.

Грамадзяне просяць старшыню Круглянскага райвыканкама паведаміць ім, якія меры прымаюцца Круглянскім РВК для забеспячэння выканання прыродаахоўнага заканадаўства і захавання флоры і фаўны ракі Друць.

Ініцыятар напісання звароту, бялыніцкі грамадскі актывіст Пётр Шымбалёў кажа, што праблема выканання экалагічнага заканадаўства і захавання належнага стану ракі Друць сапраўды хвалюе многіх бялынічан. Збор подпісаў толькі распачаўся, а пад зваротам у Круглянскі райвыканкам ужо падпісалася даволі шмат людзей.

Па словах Пятра Шымбалёва, яму вельмі дзіўна, што на існуючую сітуацыю ніякім чынам не рэагуюць прыродаахоўныя органы. Актывіст адзначае, што ён уздымаў праблему з экалагічнай сітуацыяй на рацэ Друць у Бялыніцкім раёне і ў 2014 годзе, калі спрабаваў вылучыцца кандыдатам у дэпутаты раённага Савета, і ў 2015 годзе, калі Цяцерынскае водасховішча наведвала кандыдат у прэзідэнты РБ Таццяна Караткевіч. Аднак мясцовыя ўлады адаюць перавагу таму, каб яе проста “не заўважаць”.

Гэта тым больш дзіўна, бо Бялыніцкую міжраённую інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету, у зону дзеяння якой уваходзіць і Круглянскі раён, узначальвае Віталь Бізуноў. Віталь Васільевіч узначаліў прыродаахоўную інспекцыю толькі пасля выхаду на пенсію. Да гэтага ён не адзін год адпрацаваў у праваахоўных органах, у тым ліку і на пасадах начальніка РАУС Шклоўскага і Бялыніцкага раёнаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства