viasna on patreon

“Вясна”: цкаванне Андрэя Бандарэнкі ў калоніі звязанае з ягонай папярэдняй праваабарончай дзейнасцю

2015 2015-11-17T17:54:00+0300 2015-11-17T15:05:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bandarenka-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Бандарэнка. Фота: svaboda.org

Андрэй Бандарэнка. Фота: svaboda.org

Праваабарончы цэнтр “Вясна” звярнуўся да начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь па пытанні ўмоваў утрымання ў зняволенні былога кіраўніка «Платформ інавэйшн» Андрэя Бандарэнкі.

Праваабаронцы адзначаюць, што “Бандарэнка Андрэй Валер'евіч, былы кіраўнік Інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа» і Культурна-асветніцкай установы «Платформа інавэйшн», вядомы ў Беларусі і за яе межамі праваабаронца, адбывае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў ПК-17 г. Шклова. З пачатку адбыцця пакарання, спачатку ў ПК-2 і пасля ў ПК-17, узнікла небяспека для жыцця і здароўя А.Бандарэнкі, у сувязі з чым ён неаднаразова змяшчаўся ў гэтак званае бяспечнае месца, а фактычна - у ізаляваную камеру. Гэта адбылося ў сувязі з патураннем адміністрацый калоній усталяванню сярод зняволеных нефармальных стасункаў, якія дазваляюць ствараць умовы для жорсткага, зневажальнага абыходжання з асобнымі асуджанымі".

Праваабаронцы нагадваюць начальніку Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Сяргею Дарошку, што дзяржава гарантуе абарону правоў, свабод і законных інтарэсаў асуджаных, забяспечвае ўстаноўленыя законам умовы прымянення пакарання і іншых мераў крымінальнай адказнасці ў дачыненні да асуджаных, гарантыі сацыяльнай справядлівасці, іх сацыяльную, прававую і іншую абароненасць.

Асуджаныя маюць права на асабістую бяспеку. Пры ўзнікненні пагрозы асабістай бяспекі асуджанага, ён мае права звярнуцца з заявай аб забеспячэнні асабістай бяспекі да любой службовай асобы ўстановы, якая выконвае пакаранне. У гэтым выпадку службовая асоба абавязана неадкладна прыняць меры па забеспячэнні асабістай бяспекі асуджанага. Начальнік установы прымае рашэнне аб пераводзе асуджанага ў бяспечнае месца або іншыя меры, што ліквідуюць пагрозу асабістай бяспекі асуджанага.

ПЦ “Вясна” лічыць магчымым сцвярджаць, што з усіх магчымых мераў адміністрацыя вышэйзгаданых калоній здзейсніла толькі адну, якая не вырашае праблемы асуджанага і правапарадку ў калоніях ў цэлым, якая абмяжоўвае ступень яго свабоды адносна правілаў адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі. Кіраўніцтва калоніі, замест абароны правоў зняволенага праваабаронцы, фармальна і без уліку асаблівых умоў, створаных некаторай часткай зняволеных для А. Бандарэнкі, у адсутнасць належнага кантролю адміністрацыі калоніі, жорстка адрэагавала на фармальнае парушэнне ім дысцыплінарных правілаў. А.Бандарэнка атрымаў некалькі дысцыплінарных спагнанняў, стаў «злосным парушальнікам» парадку адбыцця пакарання, у выніку чаго быў пазбаўлены права на амністыю. Больш за тое, адміністрацыя калоніі выказала намер  зрабіць больш жорсткімі ўмовы яго ўтрымання - змясціць у турму” – гаворыцца ў звароце.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" расцэньвае разгорнутае цкаванне Андрэя Бандарэнкі ў калоніі як недапушчальнае і наўпрост звязанае з ягонай папярэдняй праваабарончай дзейнасцю.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” заклікае:

- спыніць неабгрунтаваны пераслед А. Бандарэнкі з боку адміністрацыі калоніі;

- правесці праверку ўмоў утрымання асуджанага А. Бандарэнкі;

- абавязаць калонію стварыць бяспечныя ўмовы ўтрымання асуджанага А.Бандарэнкі, якія б не прыніжалі яго чалавечую годнасць;

- дазволіць сустрэчу А. Бандарэнкі з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый.

 Зварот ад імя Праваабарончага цэнтру “Вясна" падпісаў старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства