viasna on patreon

Невядомыя асобы спрабавалі патрапіць у кватэру магілёўскага журналіста (фота)

2015 2015-11-13T21:35:00+0300 2015-11-14T11:38:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/barysau-igar-praniknenne-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пяцёра чалавек у суправаджэнні двух супрацоўнікаў міліцыі прыйшлі, каб зрабіць “агляд” прыватнай кватэры Ігара Барысава.

З сямі чалавек свае пасведчанні прад’явілі толькі два супрацоўнікі міліцыі і старэйшы майстар ТДА “Камунальнік” Буксанаў. Іншыя грамадзяне, у тым ліку асоба, якая прадставілася дырэктарам дадзенай арганізацыі Анатолем Караткевічам, дакументы не прад’явілі.

“Агляд” кватэры журналіста камунальнікі вырашылі правесці нібыта ў сувязі з сезонным аглядам. Да іншых грамадзян з такім “аглядам” камунальнікі не прыходзілі.

Ігар Барысаў адзначае, што падобны візіт з’яўляецца свавольствам, нічым не абгрунтаваны і яго інакш, як псіхалагічным ціскам, не назавеш. Супрацоўнікі міліцыі былі праінфарміраваны пра незаконнасць дзеянняў ТДА “Камунальнік” і знаходзіліся ў баку, не ўмешваючыся ў канфлікт.

-          Прычыну свайго візіту камунальнікі не могуць абгрунтаваць. Першапачаткова ў тэлефоннай размове старэйшы майстар спрабаваў патрапіць у кватэру, каб зрабіць нейкі сезонны агляд, калі ж яму адмовілі, то пачаў спасылацца на праверку магчымай перапланіроўкі кватэры, а таксама праверкі пажарных апавяшчальнікаў, - гаворыць Ігар Барысаў.

Магілёўскі журналіст кажа, што гэтым разам тлумачэнне таго, што камунальнікі і супрацоўнікі міліцыі хочуць паглядзець у кватэры журналіста, не былі дадзены. Асоба, якая прадставілася дырэктарам ТДА “Камунальнік”, паведаміла, што ён проста хоча патрапіць унутр -- і ўсё на гэтым.

-          Мы нікога не затапілі. Нас таксама ніхто не затапіў. Камунальныя плацяжы плацім своечасова. У нас добрая сям’я, і мы нікому не дастаўляем клопатаў. Праблем з батарэямі ці з іншымі камунікацыямі ў нас няма. У сакавіку ў нас па кватэры гуляла брыгада міліцыі, сёння хацелі патрапіць камунальнікі, а заўтра прыйдуць дворнікі? І кожнага з іх я мушу ўпусіць? – абураецца Ігар Барысаў.

Жонка Ігара Алена кажа, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе права на недатыкальнасць жылля. Абмежаванне такіх правоў дапускаецца ў выпадках, якія прадугледжаны законам.   

-          У Жыллёвым кодэксе таксама пазначанна, што агляд і абследванне ўласных кватэр можа адбыцца толькі з пісьмовай заявы ўласніка кватэры. “Камунальнік” з’яўляецца таварыствам з дадатковай адказнасцю і не з’яўляецца асобай, упаўнаважанай складаць адміністрацыйныя пратаколы, як гэта было пазначана ў прадпісанні. Само прадпісанне не абгрунтавана і не адпавядае літары закона,- гаворыць юрыст Алена Барысава.

Раней ТДА “Камунальнік" абгрунтоўваў спробу патрапіць у памяшканне журналіста спасылаючыся на Тэхнічны кодэкс устанавіўшайся практыкі пад выглядам асенне-вясенняга агляду. Але у ТКП пазначана, што такія аглады праводзяца да пачатку ацяпляльнага сезона да 15 кастрычніка на падставе планаў і графікаў, якія падчас візіту Ігара і Алены ў ТДА “Камунальнік” не былі прадастаўлены.

Трэба адзначыць, што на дадзены момант рыхтуецца заява ў міліцыю з прычыны таго, што невядомыя асобы, не маючы на тое законных падстаў, спрабавалі патрапіць у кватэру магілёўскага журналіста.

Нагадаем, што ў сакавіку бягучага года ў кватэры Ігара Барысава з санкцыі пракурора адбыўся агляд кватэры. Міліцыянты шукалі доказы, якія б сведчылі пра датычнасць журналіста да напісання артыкула пра дырэктара аднаго з магілёўскіх прадпрыемстваў, які палічыў, што на сайце газеты “НАШ Магілёў” учынены на яго паклёп. Тады ў журналіста на экспертызу забралі тры кампутары і нататнік. Даказаць, што артыкул на сайце “НАШ Магілёў” размясціў Ігар Барысаў, у міліцыі не атрымалася. Пасля гэтага на журналіста населі супрацоўнікі падаткавай інспекцыі і камунальнікі.   

На фота дэлегацыя і невядомая асоба, якая назвалася дырэктарам Камунальніка (на фота асобна ў чорным)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства