viasna on patreon

Справаздача па выніках маніторынгу масавага мерапрыемства “Дзяды” ў Лошыцкім яры 8 лістапада 2015

2015 2015-11-09T11:32:57+0300 2016-07-25T12:17:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dziady_loshyca_8.11.2015_3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Акцыя ўшанавання памяці продкаў "Дзяды" ў Лошыцкім яры насіла мірны характар. Арганізатары атрымалі дазвол на правядзенне мерапрыемства.

Станоўчым момантам можна адзначыць наяўнасць інфармацыйнай групы ад супрацоўнікаў міліцыі, іх камунікатыўнасць з назіральнікамі, але яны не маглі адказаць дакладна на шэраг пытанняў.

Таксама супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы (ДПС) спрыялі пераходу удзельнікаў праз дарогу без разрыву ў калоне, што асобна варта адзначыць як станоўчы фактар.

Адмоўным момантам з’яўляецца тое, што машына хуткай дапамогі так і не была заўважана. Па-ранейшаму, актуальнай праблемай застаецца складанасць ідэнтыфікацыі большасці супрацоўнікаў міліцыі.

Метадалогія маніторынгу

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна" на працягу некалькіх гадоў праводзяць сістэматычнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі ў Мінску на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу, якая ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, стандартам мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы.

Анкеты назірання за масавымі мерапрыемствамі сумесна распрацаваныя праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні па магчымасці выканання функцый назіральнікаў і СМІ, адносна паводзін арганізатараў і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў міліцыі, а таксама наяўнасці хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выконванне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць прынцыпам правы: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца адасоблена ад удзельнікаў. Яны пазначаныя бэйджамі назіральнікаў і сінімі камізэлькамі.

Папярэдняя інфармацыя

Са сродкаў масавай інфармацыі стала вядома, што 8 лістапада 2015 г. у Мінску ў Лошыцкім Яры пройдзе шэсце і вулічная акцыя, прымеркаваныя да дня памяці продкаў Дзяды. Арганізатарам стала Кансерватыўна-Хрысціянская партыя - БНФ. Дазвол на традыцыйную штогадовую акцыю далі Мінскі гарадскі і Мінскі абласны выканкамы. Збор удзельнікаў акцыі быў прызначаны з 12:00 да 12:30 на пляцоўцы перад будынкам Камвольнага камбінату. Потым шэсце павінна было ісці да месца пахаванняў, дзе затым адбыўся мітынг.

Падчас правядзення масавага мерапрыемства 8 лістапада 2015 вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль 4 назіральнікі, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі пазначаныя належным чынам.

Ход масавага мерапрыемства

  1. Мерапрыемства праходзіла па запланаваным маршруце і графіку.
  2. Колькасці ўдзельнікаў мерапрыемства складала у розных кропках маршруту ад 50 да 80 чалавек.
  3. Колькасць супрацоўнікаў было складана вызначыць праз адсутнасць апазнавальных знакаў на значнай частцы супрацоўнікаў. Так, супрацоўнікаў ДАІ/ДПС было 3 чалавекі, у форме з надпісам "Міліцыя" і ў сіняй камізэльцы з надпісам "Інфармацыйная група" - 1 чалавек, каля 15 - у цывільным адзенні з адметнымі прыкметамі (навушнікі, рацыі). Тры супрацоўнікі у цывільным адзенні ажыццяўлялі відэа-фіксацыю акцыі.
  4. Сярод спецыяльнай тэхнікі былі заўважаныя: 1 аўтазак, газэль з камерай на даху, машыны ДАІ/ДПС, 3 грамадзянскія машыны з супрацоўнікамі.

  5. Адсутнічалі перашкоды з патрапленнем на месца збору, працы СМІ і назіральнікаў.
  6. Усе арганізатары масавага мерапрыемства былі пазначаныя бэйджамі, але дружына не была вызначана ніяк.
  7. Заклікаў да гвалтоўных дзеянняў з боку ўдзельнікаў не зафіксавана. Удзельнікі выкарыстоўвалі наступныя расцяжкі "Дзяды", "Кансерватыўна-хрысціянская партыя - БНФ", "Беларуская салідарнасць - наш супраціў расейскай акупацыі". Таксама ўдзельнікі неслі бел-чырвона-белыя сцягі, сімволіку КХП-БНФ, бел-чырвона-белыя сцягі з гербам Пагоня, некаторыя ішлі са знічкамі і кветкамі.
  8. Удзельнікі ўжывалі лозунг “Жыве Беларусь”, спявалі песні.
  9. Патрабаванняў да ўдзельнікаў з боку арганізатараў не паступала, з боку праваахоўных органаў таксама.
  10. Падчас масавага мерапрыемства супрацоўнікі міліцыі не ўжывалі фізічную сілу. Інфармацыйная група і супрацоўнікі ДПС ішлі на камунікацыю, адказвалі на пытанні, аднак не змаглі агучыць колькасць супрацоўнікаў міліцыі, якая ахоўвае мерапрыемства.

Рэкамендацыі

Супрацоўнікам праваахоўных органаў:

1) ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама быць пазначанымі ідэнтыфікацыйнымі карткамі (бэйджамі або нагруднымі знакамі);

2) забяспечыць бесперашкодны рух калоны удзельнікаў праз перакрыжаванні з спыненнем руху транспартных сродкаў.

Суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

3) Ініцыяваць змены ў заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства