Віцебск: пікеты супраць размяшчэння расійскіх авіябаз не дазволены
Раённыя адміністрацыі Віцебска забаранілі актывістам Кансерватыўна-Хрысціянская партыі БНФ праводзіць акцыі, запланаваныя на 25 кастрычніка.
У зваротах да чыноўнікаў было пазначана, што заяўнікі просяць мясцовыя ўлады далучыцца да пікетаў. Каб прадстаўнікі раённых адміністрацый адгукнуліся на запрашэнне, то ад арганізатараў-актывістаў не патрабавалася б дамоў на абслугоўванне акцый з камунальнікамі, медыкамі і міліцыяй.
Але аніякай рэакцыі на сваё запрашэнне заяўнікі не дачакаліся. І забарона праводзіць акцыі была сфармулявана стандартна: маўляў, дамоў з адпаведнымі службамі няма, таму пікеты забаронены за невыкананне рашэння Віцебскага гарвыканкаму №881 ад 10 ліпеня 2009 г. «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску».
Мэтай усіх трох пікетаў, запланаваных у трох раёнах горада, было выказванне пратэсту супраць размяшчэння расійскіх ваенных баз на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, бо гэта можа прывесці да страты незалежнасці і сувэрэнітэту краіны. Але і гэтыя акцыі спасцігнуў лёс усіх ранейшых, якія замаўляліся ў Віцебску грамадскімі актывістамі. Мясцовыя ўлады ў чарговы раз спаслаліся на рашэнне гарвыканкаму №881, якое выканаць немагчыма, бо пералічаныя ў ім структуры не пагаджаюцца заключыць дамовы з актывістамі. Таму з часу прыняцця гэтага рашэння ў абласным цэнтры не было дазволена аніводнай акцыі паводле заявак мясцовых актывістаў.