Менскi гарвыканкам чарговы раз адмовiў Партыi камунiстаў Беларускай у масавым святкаваннi дзяржаўнага свята - 7 лiстапада.
Першы сакратар ПКБ Сяргей Калякiн заявiў, што "ўлада баiцца любой арганiзаванай сустрэчы людзей".
Апошнiя гады, нягледзячы на дзяржаўны статус 7 лiстапада - Дня Кастрычнiцкай рэвалюцыi, беларускiя ўлады адмаўляюць левым у масавым арганiзаваным святкаваннi "чырвонай" даты. Таму не здзiвiла камунiстаў i сёлетняя фактычная адмова Мiнгарвыканкама. ПКБ заяўляла збор 7 лiстапада на плошчы Кастрычнiцкай у Мiнску, адкуль па праспекце Скарыны дэманстранты мусiлi прайсцi да плошчы Перамогi, i ў парку iмя Горкага планаваўся святочны мiтынг. Аднак, па завядзёнцы, гарадскiя ўлады накiравалi камунiстаў на плошчу Бангалор. Святкаваць 7 лiстапада на "пляцоўцы для выгулу сабак" камунiсты не бачаць сэнсу. Таму кiраўнiцтва ПКБ вырашыла абмежавацца правядзеннем навукова-практычнай канферэнцыi 5 лiстапада ды ўскласцi кветкi да помнiку "правадыру сусветнага пралетарыяту" Ленiну-Ульянаву 7 лiстапада.
pahonia.promedia.by