Суды за мітынг супраць размяшчэння расійскай авіябазы (абнаўляецца)
Сёння ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска разглядаюцца адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў і арганізатараў акцыі "За мірную, нейтральную Беларусь". Пратэстны мітынг супраць размяшчэння расійскай авіябазы адбыўся 4 кастрычніка ў Мінску на Плошчы Свабоды.
Суддзі разгледзяць пратаколы правапарушэнняў, складзеныя на старшыню Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку, Уладзіміра Някляева, былога палітвязня Мікалая Статкевіча, лідэра руху "Разам" Вячаслава Сіўчыка, актывіста з Кобрына Алеся Меха, актывістаў Алеся Таўстыкі, Максіма Вінярскага, мастака Аляксея Марачкіна.
Пратакол складзены таксама на першага намесніка старшыні Руху "За Свабоду" Юрася Губарэвіча, аднак невядома, ці атрымаў ён позву ў суд на 9 кастрычніка.
Сачыце за навінамі з суда ў twitter па хаштэгу #ControlBY
10-00. Справу Анатоля Лябедзькі разглядае суддзя Міхаіл Хома. Ён забараніў весці відэа і фотаздымку. Адхіліў хадайніцтва Лябедзькі аб адводзе суддзі. Выступае сведка - амапавец І. Лавіцкі. Ён прызнаецца, што не ведае артыкул 45 Выбарчага кодэксу. Не пямятае, дзе стаяў пад час мітынгу, але бачыў 50-100 чалавек з бел-чырвона белымі сцягамі. Другі сведка – амапавец ГУУС Менгарвыканкама В. П. Ляшковіч. Кажа, што яму паведамілі, што адбываецца несанкцыянаванае мерапрыемства.
Анатоль Лябедзька заявіў, што мае права, як і кандыдаты весці агітацыю і абмяркоўваць праблемы выбараў. А яго судзяць за гэтае права. Палітык абвінаваціў супрацоўнікаў міліцыі ў ілжэсведчанні і прасіў суд пакараць іх, але безвынікова. Суддзя адхіліла хадайніцтва пра выклік у суд супрацоўніка міліцыі (Кухто), які складаў пратакол на Лябедзьку і пайшоў прымаць рашэнне па справе. Суд пастанавіў аштрафаваць Лябедзьку на 50 б.в. (9 мільёнаў рублёў).
10-40. Справу Алеся Марачкіна разглядае суддзя Аляксандр Якунчыхін (арт. 23.34 КаАП). Сам мастак на суд не з'явіўся. Суддзя вынес пастанову - штраф 20 б.в. - 3 600 000 рублёў. Сведкі - Сідаракін, Камека, Зубцоў з Цэнтральнага РУУСа.
Суддзя Вікторыя Шабуня разглядае адміністрацыйную справу Вячаслава Сіўчыка, які таксама на суд не з'явіўся. Яго звінавацілі адразу па 3 артыкулах - 23.34, яшчэ адзін пратакол па 23.34 і 17.1 КаАП і пастанавілі аштрафаваць на 60 базавых велічынь.
У судзе Цэнтральнага раёна зараз знаходзіцца Аляксандар Мех, яго будзіць судзіць у 12-00. Справу разглядае суддзя Тацяна Рак. Алесю Меху далі штраф у памеры 40 базавых велічынь (7 мільёнаў 200 тысяч рублёў).
У 14-30 суддзя Н. Вайцэховіч пачне разгляд справы Уладзіміра Някляева па ч.3 арт 23.34 КаАП. Някляеў на суд не з'явіўся, пакараны штрафам у памеры 50 базавых велічынь.
У 14-30 адміністрацыйную справу Мікалая Статкевіча пачне разглядаць суддзя В. Есьман. (ч.3 арт. 23.34 КаАП). Аштрафаваны на 50 базавых велічынь.
У 14-30 пачнецца суд над Максімам Вінярскім (суддзя Вікторыя Шабуня, ч.3 арт.23.34 КаАП).
У 14-30 суддзя Аляксандр Якунчыхін пачне разгляд справы Алеся Талстыкі (ч.1 арт.23.34). Суддзя Якунчыхін прысудзіў Алесю Талстыку 25 базавых, 4,5 мільёна рублёў.