Рашэнне суддзі Вярхоўнага суда Валянціны Кулік аб ліквідацыі Праваабарончага цэнтра “Вясна”. “Парушэнні патрабаванняў выбарчага заканадаўства, на думку суда, з’яўляюцца грубымі і ў адпаведнасці з. П 2 арт. 57 Грамадзянскага кодэкса з’яўляюцца падставай для задавальнення іску Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі аб’яднання”.
Справа№03-13 пг
РАШЭННЕ
ІМЕМ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
28 кастрычніка 2003г. суддзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Кулік В.Г., пры сакратару Бірало М.М., з удзелам пракурора Давідоўскага І.У, разгледзеўшы ў зале судовых пасяджэнняў грамадзянскую справу па іску Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь да грамадскага аб'яднання “Праваабарончы цэнтр "Вясна" аб ліквідацыі,
устанавіла:
Міністэрства юстыцыі ў заяве зазначыла, што грамадскае аб'яднанне “Праваабарончы цэнтр "Вясна" зарэгістравана 15 чэрвеня 1999 года. У 2003 годзе падчас праверкі дзейнасці аб'яднання было ўстаноўлена, што пры рэгістрацыі заснавальнікамі дапушчаны парушэнні патрабаванняў артыкула 13 Закона "Аб грамадскіх аб'яднаннях", пункта 3 Палажэння, зацверджанага Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26.01.1999 года № 2, пункта 2 Правілаў, зацверджаных загадам міністра юстыцыі ад 15.05.1995 года №108. У прыватнасці, аб'яднаннем прадстаўлены дакументы, не маючыя юрыдычнай сілы (пратакол Устаноўчага сходу заснавальнікаў аб'яднання, пратакол Устаноўчага сходу па стварэнню Брэсцкага аддзялення, спіс сяброў Рады ініцыятараў Віцебскага, Брэсцкага і Гомельскага аддзяленняў), бо ў гэтых дакументах маецца шэраг падробленых подпісаў.
Акрамя гэтага, пры рэгістрацыі аб'яднаннем не быў пацверджаны рэспубліканскі статус. У прыватнасці, па Магілеўскай вобласці была пацверджана наяўнасць заснавальнікаў у колькасці 8, а не 10 чалавек, чым не выкананы пастрабаванні рашэння Рэспубліканскай камісіі па рэгістрацыі (перарэгістрацыі) грамадскіх аб’яднанняў ад 24.03.1999 года.
У заяве Міністэрства юстыцыі адзначана, што на працягу сваёй дзейнасці аб’яднаннем парушаліся патрабаванні Статута, а таксама артыкула 4 Закона “Аб грамадскіх аб’яднаннях”, артыкула 48 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, плата членскіх узносаў не ажыццяўляецца, на тэрыторыі г. Мінска не створана аддзяленне.
Пры праверцы ўстаноўлены факт парушэння аб’яданнем выбарчага заканадаўства, што пацверджана пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў ад 08.09.2001 года, а таксама не выконваюцца патрабаванні артыкула 72 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса, артыкула 22 Закона "Аб грамадскіх аб'яднаннях” і пункта 2.1 Статута: звяртанне аб'яднання ў якасці абаронца ў Вярхоўны Суд аб прадстаўленні і абароне правоў і законных інтарэсаў грамадзян, якія не з'яўляюцца яго членамі.
На падставе гэтага ісцец прасіў прыняць рашэнне аб ліквідацыі грамадскага аб'яднання "Праваабарончы цэнтр "Вясна".
У судовым пасяджэнні прадстаўнік істца Фішкіна Н.В. іскавыя патрабаванні падтрымала і ўдакладніла, што з'яўляюцца несапраўднымі подпісы Бяляцкага А.В. у спісе ініцыятараў стварэння аб'яднання, Паўлава М.У. у гэтым спісе і спісе сяброў рэвізійнай камісіі, а таксама выкананы адной асобай подпісы ад імя Вялічкіна У.А., Панасюк П.С. і Антановіч Л.А., ад імя Цыпкайла Г.Р. і Бахун С.П., ад імя Багдановіч Г.І. і Гоўша С.К. у спісе сяброў Брэсцкага аддзялення аб'яднання, ад імя Акуленка М.І. і Адаменка І.М., ; ад імя Раманенка Т.І., Раманішка В.У. і Раманішка В.У., ад імя Баранава С.В., Бусел М.К. і Пінчук Т.М. у спісе сяброў Гомельскага аддзялення аб'яднання, а таксама ад імя Паўловіч В.С. і Рыкліна Ю.У., ад імя Аляксандрава А.Я. і Ляшкевіч А.М. у спісе сяброў Віцебскага аддзялення аб'яднання.
Прадстаўнікі адказчыка Стэфановіч В.К., Лабковіч У.М. і Бяляцкі А.В. іск не прызналі і адзначылі, што падстаў для ліквідацыі аб'яднання няма, таму што ўсе патрабаванні рэгіструючага органа пры стварэнні і рэгістрацыі грамадскага аб'яднання былі выкананы і закон не парушаны. Названыя істцом парушэнні Статута аб неажыццяўленні збору членскіх узносаў і нестварэнні аддзялення ў гор. Мінску з'яўляюцца ўнутранай справай аб'яднання. Аб парушэнні выбарчага заканадаўства Міністэрствам юстыцыі ў 2001 годзе зроблена папярэджанне і паўторнага парушэння не было. Што датычыцца звароту ў 1999 годзе ў Вярхоўны Суд, каб удзельнічаць у разглядзе крымінальнай справе, то парушэння заканадаўства, на думку прадстаўнікоў адказчыка, не было, таму што зварот абгрунтаваны дзеючым на той момант Крымінальным працэсуальным кодэксам.
Заслухаўшы тлумачэнні бакоў, паказанні сведак, даследваўшы пісьмовыя доказы, заслухаўшы думку прадстаўніка грамадскасці - Відрук А.В. ад грамадскага аб'яднання "Незалежнае таварыства прававых даследванняў”, меркаванне пракурора аддзела Пракуратуры Рэспублікі Беларусь Давідоўскага І.У. аб задавальненні іску, прыходжу да наступнага.
Артыкулам 21 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаннях” прадугледжана ліквідацыя рэспубліканскіх грамадскіх аб’яднанняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь па рашэнню Вярхоўнага Суда.
У адпаведнасці з п.3 артыкула 29 названага Закона грамадскае аб’яднанне падлягае ліквідацыі, калі пры рэгістрацыі з боку яго заснавальнікаў былі дапушчаны парушэнні сучаснага Закона, іншых актаў заканадаўства.
Устаноўлена, што грамадскае аб’яднанне “Праваабарончы цэнтр “Вясна” зарэгістравана 15 чэрвеня 1999 года, аб чым выдадзена пасведчанне №00111.
Заснавальнікамі аб'яднання рэгіструючаму органу пададзены, у прыватнасці, пратакол Устаноўчага сходу заснавальнікаў аб'яднання і іх спіс, спіс сяброў Рады, спіс сяброў Рэвізійнай камісіі, а таксама спіс ініцыятараў заснавання Брэсцкага (Берасцейскага), Гомельскага і Віцебскага аддзяленняў з подпісамі ад імя пералічаных у іх асоб.
Дакладных доказаў аб тым, што ў названых дакументах маюцца падробленыя подпісы, суду не прыведзена. Не з'яўляецца такім дакладным доказам і меркаванне спецыяліста Навукова даследчага інстытута крыміналогіі, крыміналістыкі і судовых экспертыз, пададзенае істцом у судовае пасяджэнне.
Прадстаўнік адказчыка Бяляцкі У.А., члены аб'яднання Панасюк П.І., Антановіч Л.С., Гоўша С.К., Акуленка М.І., Раманенка Т.І., Раманішка В.У., Баранаў С.В., Аляксандраў А.В., Ляшкевіч А.М., Паўловіч В.С., Бусел М.К. Барболін В.В., Паўлаў М.У., якіх суд дапытаў у якасці сведак, пацвердзілі факт учынення асабістых подпісаў: Бяляцкім А.В. - у пратаколах як старшыні аб’яднання, а сведкамі - у спісах ініцыятараў стварэння і спісах сяброў аб’яднання па аддзяленнях.
Акрамя гэтага, Палажэннем "Аб некаторых мерах па ўпарадкаваню дзейнасці палітычных партый, прафесійных саюзаў, іншых грамадскіх аб’яднанняў", зацверджаным Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 1999 года № 2, і Правіламі рэгістрацыі грамадскіх аб'яднанняў, зацверджанымі загадам міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 15 мая 1995 года № 108, зарэгістраванымі ва ўстаноўленым парадку, якія дзейнічалі на момант рэгістрацыі аб'яднання і на якія спасылаўся ісцец, учыненне асабістых подпісаў членамі аб'яднання ў спісе ініцыятараў стварэння аб'яднання і спісах сяброў па рэгіёнах, прадугледжана не было.
Той факт, што пры рэгістрацыі аб'яднання была пацверджана наяўнасць заснавальнікаў па Магілёўскай вобласці ў колькасці 8 чалавек, а не 10, як прадугледжана пратаколам Рэспубліканскай камісіі па рэгістрацыі (перарэгістрацыі) грамадскіх аб'яднанняў ад 24 сакавіка 1999 года, не з'яўляецца падставай для ліквідацыі аб'яднання ў адпаведнасці з артыкулам 29 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб грамадскіх аб'яднаннях", таму што пратакол камісіі не з’яўляецца нарматыўна-прававым актам, а змяненні ў Закон "Аб грамадскіх аб’яднаннях" наконт колькасці заснавальнікаў для пацвярджэння рэспубліканскага статусу былі ўнесены ў лістападзе 1999 года, ужо пасля рэгістрацыі аб’яднання. Таксама судом устаноўлена, што Магілёўскае аддзяленне аб’яднання было зарэгістравана ў адпаведным парадку.
Патрабаванне істца аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання ў сувязі з парушэннем Статута аб плаце членскіх узносаў не заснавана на законе.
Не з’яўляецца падставай да ліквідацыі азначаны істцом у заяве і падтрыманы ў судовым пасяджэнні і факт нестварэння аддзялення арганізацыі на тэрыторыі гю. Мінска, таму што гэта абставіна Статутам не прадугледжана, а рэспубліканскі статус аб’яднання, маючага аддзяленні ў большасці абласцей Рэспублікі Беларусь, сумненняў не выклікае.
Таксама суд не згаджаецца з істцом адносна парушэння адказчыкам артыкула 72 ГПК, артыкула 22 Закона "Аб грамадскіх аб'яднаннях" і п.2.1 Статута пры звароце ў 1999 годзе ў Вярхоўны Суд з просьбай аб удзеле ў судовым пасяджэнні пры разглядзе крымінальнай справы, паколькі магчымасць удзела ў разглядзе крымінальнай справы ў якасці грамадскага абаронца была прадугледжана арт. 249 Крымінальнага працэсуальнага кодэкса 1960 г., які дзейнічаў на той момант, і не супярэчыла рэдакцыі п. 2.1 Статута аб'яднання.
Такім чынам, пералічаныя абставіны, на якія спасылаўся ісцец, не з’яўляюцца асновай да ліквідацыі грамадскага аб'яднання.
Разам з тым, у аднаведнасці з п. 2 арт. 57 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь юрыдычная асоба можа быць ліквідавана па рашэнню суда ў выпадку ажыццяўлення дзейнасці без належнага дазволу (ліцэнзіі) або дзейнасці, забароненай заканадаўствам, або з іншымі неаднаразовымі ці грубымі парушэннямі заканадаўства.
Судом устаноўлена, што грамадскае аб'яднанне "Праваабарончы цэнтр “Вясна", якое з'яўляецца юрыдычнай асобай, парушала патрабаванні выбарчага заканадаўства пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
У прыватнасці, у ходзе выбарчай кампаніі грамадскае аб'яднанне парушыла ўстаноўлены парадак накіравання назіральнікаў на пасяджэнні камісіі па выбарах і на выбарчыя ўчасткі для галасавання.
Так, у Магілёўскую і Брэсцкую вобласці ад аб'яднання дасылаліся незапоўненыя бланкі выпісак з пратаколаў пасяджэння Рады ад 18 чэрвеня, 1 і 22 ліпеня, 5 жніўня 2001 г., якія ў наступным запаўняліся адвольна на імя грамадзян, у адносінах якіх рашэння аб накіраванні іх назіральнікамі не прымалася і якія не з’яўляліся членамі данага грамадскага аб'яднання.
У Пастаўскім раёне член аб'яднання прапанаваў грамадзянам, якія не з’яўляліся сябрамі ні "Праваабарончага цэнтра "Вясна", ні іншых грамадскіх аб'яднанняў, за ўзнагароду здзейсніць нагляд на выбарчых участках і ў іх прысутнасці запаўняў выпіскі з пратаколаў пасяджэння Рады.
Аналагічным чынам было парушана заканадаўства пры накіраванні наглядальнікаў ад грамадскага аб'яднання на ўчасткі для галасавання №30 і №46 Навагрудскага раёна.
Даныя абставіны пацверджаны пісьмовым папярэджаннем Міністэрства юстыцыі ад 28 жніўня 2001 г., якое адказчык не абскардзіў і пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў ад 8 верасня 2001 г., зробленай на падставе праверак, праведзеных Міністэрствам юстыцыі і Пракуратурай Рэспублікі Беларусь (л.с. 56-59).
Парушэнні патрабаванняў выбарчага заканадаўства, на думку суда, з’яўляюцца грубымі і ў адпаведнасці з. П 2 арт. 57 Грамадзянскага кодэкса з’яўляюцца падставай для задавальнення іску Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі аб’яднання.
Кіруючыся арт. 302 ГПК Рэспублікі Беларусь, суддзя
в ы р а ш ы л а:
Задаволіць іскавыя патрабаванні Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і ліквідаваць грамадскае аб'яднанне "Праваабарончы цэнтр "Вясна”, зарэгістраванае 15 чэрвеня 1999 г. (пасведчанне аб рэгістрацыі № 00111).
Спагнаць з грамадскага аб'яднання "Праваабарончы цэнтр "Вясна” дзяржаўную пошліну ў даход дзяржавы ў памеры 82500 руб.
Рашэнне ўступае ў законную сілу неадкладна пасля яго абвяшчэння, абскарджанню і апратэставанню ў касацыйным парадку не падлягае.
Старшынствуючы В.Г. Кулік
Сапраўдна:
Суддзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь В.Г. Кулік