viasna on patreon

Мерапрыемствы Тыдня супраць смяротнага пакарання

2015 2015-10-05T01:46:44+0300 2015-10-05T15:05:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dpweek-2015a.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы Тыдзень супраць смяротнага пакарання ў Беларусі сёлета пашырае сваю геаграфію на краіны-суседкі. З 5 па 10 кастрычніка шэраг мерапрыемстваў пройдзе ў Літве, Польшчы, Украіне, а таксама ў Казахстане.

Анонс Тыдня

5 кастрычніка ў Чарнігаве на пляцоўцы дыскусійнага клубу "Экспертнае меркаванне" (вул. Палуботкі, 6А) адбудзецца дыскусія па тэме смяротнага пакарання з відэапраглядам і адкрыццём выставы тэматычных плакатаў беларускага мастака з Вільні Алега Аблажэя. Пачатак а 17-й гадзіне. Выстава працягне сваю працу ў Адукацыйным Доме правоў чалавека. Госць імпрэзы - Любоў Кавалёва, маці расстралянага ў 2012 годзе паводле смяротнага прысуду Уладзіслава Кавалёва.

7 кастрычніка ў Вільні ў Музеі ахвяраў генацыду (вул. Ауку, 2) пройдзе дыскусія «Забойства па прысудзе», арганізатарамі якой выступілі Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава і міжнародная няўрадавая арганізацыя Freedom House. Пачатак а 16-й гадзіне.
Дыскусія будзе тычыцца і пытанняў пазасудовай расправы ў Беларусі: праваабаронца Раіса Міхайлоўская распавядзе пра невытлумачальныя знікненні палітычных апанентаў прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і расследаванне гэтых гвалтоўных знікненняў. Падчас дыскусіі адбудзецца прэм'ерны паказ фільма-цыкла «Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання» з удзелам рэжысёра Віктара Трацякова, сцэнарыста Паліны Сцепаненка і каардынатара кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэя Палуды. Мадэратарам абмеркавання будзе Віціс Юрконіс, праектны дырэктар Freedom House ў Літве.

8 кастрычніка ў Варшаве Беларускі Дом (вул. Вейска, 13/3) арганізуе дыскусійны прагляд фільма “Прычына смерці – прочырк” з удзелам эксперта Хельсінкскага фонда па правах чалавека Вольгі Саламатавай. Пачатак а 18-й гадзіне. Падчас мерапрыемства будзе зладжана відэа-канферэнцыя з удзелам Любові Кавалёвай.

9 кастрычніка ў Мінску на пляцоўцы Арт-Сядзібы (пр-т Незалежнасці, 58-430) адбудзецца прэс-канферэнцыя кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, падчас якой будзе прэзентаваная кніга “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”. Пачатак аб 11-й гадзіне. У мерапрыемстве бяруць удзел каардынатар кампаніі Андрэй Палуда, прадстаўнікі ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч. Ганаровыя госці - прадстаўнікі амбасадаў еўрапейскіх краінаў-удзельніц Кааліцыі супраць смяротнага пакарання ў Беларусі.

10 кастрычніка ў Харкаве філія Фундацыі рэгіянальных ініцыятыў правядзе дыскусійны прагляд фільма “Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання”, а таксама анімацыйных ролікаў, створаных у межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”.

У Алматы ў Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання арганізацыя Freedom House Kazakhstan ў рамках "Кінашколы па правах чалавека" правядзе паказ мастацкага фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" з дыскусіяй на тэму смяротнага пакарання. Паралельна пройдзе выстава тэматычных плакатаў Алега Аблажэя, якія далей будуць выстаўляцца падчас курсу грамадзянскай адукацыі.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” запрашае ўсіх далучацца да гэтай масштабнай акцыі і актыўна скарыстоўваць у сваіх мерапрыемствах плакаты, распрацаваныя адмыслова для Тыдня.

Спампаваць плакаты розных памераў можна па гэтай спасылцы

Нагадаем, першы Тыдзень супраць смяротнага пакарання ПЦ “Вясна” правёў у 2013 годзе ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”. Кампанія распачалася ў 2009 годзе з мэтай спынення гэтага антыгуманнага віду кары і далучэння нашай краіны да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў. На жаль, Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства