viasna on patreon

Мікалай Статкевіч: Тое, што нас не забівае, робіць толькі мацнейшымі

2015 2015-10-01T09:02:26+0300 2015-10-01T09:02:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/statkevich-hiket-2015-09-23.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Нядаўні палітвязень Мікалай Статкевіч успамінае для palitviazni.info пра снежаньскія падзеі 2010 году, правакатараў і здраднікаў, турэмнае жыццё і сваё вызваленне.

Снежань 2010-га

— Правабаронца Алесь Бяляцкі пасля выхаду на волю прызнаваўся, што да гэтага часу турма прыходзіць яму ў снах…

— Мне ніколі не снілася. Абстракатная памяць ёсць пра гэта, а эмацыйнай няма.

— А ці ўспамінаеце сёння падзеі снежня 2010 году?

— Першыя гады аналізаваў, што адбылося, але прыйшоў да высновы, што ў той сітуацыі я мала што мог зрабіць лепш. Адзінае, што не варта было трапляць у тую пастку, што мне падрыхтавалі і заманілі ў яе. А мо і гэта было да лепшага… Калі ля офіса “Гавары праўду” я ўбачыў аўтобус, то зразумеў, што будзе далей.

Заняў пазіцыю спіной да міліцэйскай машыны, паглядзеў, як б’юць, сам удары трымаў. Але я не ўспрымаў міліцыянтаў, як ворагаў. Нашы хлопцы, маладыя салдаты, якім далі каманду і тыя яе выконвалі… Што датычыцца плана на выбары 2010 году, то ў жніўні сабраліся ўсе апазіцыйныя кандыдаты, усё абмеркавалі. Вырашылі, што выбараў не будзе. Магчымыя інструменты – толькі вуліца. Задача-максімум – толькі перамога. Мінімум – ціснуць на ўладу, каб тая пайшла на дэмакратычныя змены. Максімальнага выніку было дасягнуць нерэальна, таму што не дамовіліся пра адзінага кандыдата. Акрамя таго, было спадзяванне, што паўплывае канфлікт беларускіх уладаў з Масквой, але за тыдзень да выбараў сітуацыя змянілася. І тады цалкам была дасягнута задача-мінімум, хоць, безумоўна, напэўна можна было неяк вывесці людзей з пад удару.

— У дзень выбараў вы канспіраваліся?

— Так, бо лічыў, што самы небяспечны час будзе – за гадзіну да заканчэння галасавання. Калі кандыдата забіраюць днём, то гэта – скандал. Таму мае калегі арганізавалі цэлую спецаперацыю. Вязе, напрыклад, машына ў адным накірунку, я выходжу і бягу ў пераход, каб сесці ў іншую. Мяне завезлі ў бяспечнае месца. Пасля прыехаў у месца, прызначанае Уладзімірам Някляевым. Я быў у шокавым стане, калі ўбачыў тое, што ўбачыў! Гэта была пастка! Падчас сутычкі мне пабілі нагу, але сіл хапіла, каб арганізаваць дэманстрацыю. Мы з Някляевым вырашалі арганізацыйныя пытанні, але ж хто ведаў, што не Някляеў кіруе працэсам? І мой хіб, што я не здолеў своечасова звесці людзей з плошчы. Мне далі гукаўзмацняльную апаратуру, калі ўжо адбыўся першы ўдар па дзвярах. Выцягнулі мяне з-пад гэтага дому трое маіх хлопцаў на чале з Міхалам Шараметам. Я спрабаваў спыніць міліцыянтаў. Калі апошнія людзі сыходзілі з плошчы, я выбачыўся, што не здолеў людзей зберагчы, на што мне адзін мужчына сталага веку сказаў: “Статкевіч, дзякуй за дзве гадзіны свабоды”. Потым хлопцы мяне давялі да вакзала, сеў ў таксі… Ля плошчы машыну заблакавалі, пабілі шкло, ўсіх выцягнулі на снег. Мяне адразу ж адвезлі ў ізалятар на Акрэсціна, а праз гадзіну перавялі ў “амерыканку”. Спрабавалі ў мяне запатрабаваць нейкія дакумента, я паслаў іх і сказаў: “Не перашкаджайе спаць”. А праз нейкі час і наогул аб’явіў галадоўку.

— Вы загадзя былі падрыхтаваны, што пасля 19 снежня можа апынуцца за кратамі?

— Калі ў снежні 2010 году канфлікт з Расіяй быў залагоджаны, мне ўсё стала зразумела. Я нават тэрмін для сябе прадказаў. Адзін знаёмы тады, перад выбарамі, казаў: “Давай пасля выбараў сустрэнемся”. Кажу: “Давай. Гадоў праз 6-7”. Мне амаль столькі ж і выпісалі.

Пра “амерыканку” і “нечысць”

— Што цікавіла следчых у першую чаргу?

— Адразу хачу сказаць, што паказанні я не даваў, і ніякія паперы не падпісваў. Але ў пытаннях размова заўсёды круцілася вакол дзвух пытанняў – «как мы прозевали вашу партию?» і «почему вы не боитесь?» А мяне дык больш хваляваў лёс людзей, якіх пасадзілі, збілі.

— Мелі інфармацыю аб тым, што адбываецца наўкол?

— Толькі з газет і то не адразу. Аднак, калі ўсіх выпускалі, я быў шчаслівы за кожнага, хто адтуль выйшаў. Я нікога ні ў чым не папракаю, як яны выходзілі, але ніколі не сяду за адзін стол з тымі, хто публічна здрадзіў. Хто пісаў даносы, а я бачыў у сваёй справе гэтыя даносы. Хто, заклікаючы крутымі словамі пра плошчу, нават патрабаваў арыштаваць мяне за тры дні да выбараў.

— Вы ведалі ў “амерыканцы” пра выступы Яраслава Раманчука ці Андрэя Дзмітрыева па БТ?

— Я быў ізаляваны ад тэлебачання, газет і лістоў, але праз месяц мяне перавялі ў камеру, дзе сядзеў Някляеў, і я даведаўся пра выступ Дзмітрыева і паводзіны Раманчука.

— Вы іх асуджаеце?

— Я іх асуджаю і лічу такія паводзіны непрыстойнымі і амаральнымі. Той жа Раманчук сёння не лезе ў палітыку, а вось Дзмітрыеў жа спрабуе нават апазіцыяй кіраваць. Гэта ў мяне выклікае цалкам маральнае непрыняцце. Ведаеце, у крытай турме, дзе сядзяць блатныя, ёсць такі статус – “нечысць”. Гэта не апушчаны чалавек, але ён непрымальна сябе паводзіць. Такіх выганялі з камер, з такім чалавекам разам знаходзіцца было нельга, бо таксама будзеш “нечысць”. Дык вось паводзіны Дзмітрыева – класічныя паводзіны “нечысці”.

— З нецярпеннем чакалі суда ці было ўсё роўна?

— Было ўсё роўна. Мяне на працэс нават “зараджалі” першым, але я зацягнуў знаёмства са справай, а потым яшчэ і пажартаваў: “Добра, што мой працэс – першы. Я там такое скажу!..” І мяне ўзялі ды пераставілі апошнім. Дарэчы, я ўпершыню падпісаў адзін дакумент – акт экспертызы. Там жа было некалькі актаў агляду месца здарэння. Першы раз знайшлі нейкі скрабок для адбівання лёду з асфальту, які чамусьці назвалі “ледарубам”, пару пустых бутэлек. Праз некалькі гадзін на плошчы пачала шукаць другая група. Ужо знайшлі “штыры і бутэлькі з вадкасцю жаўтаватага колеру”. Мне самому было цікава – што ж там у бутэльках? Аказалася, што “альбо вада, альбо мача”. Дарэчы, у “амерыканцы” яе начальнік аднойчы даў мне з мабільніка пачытаць інфармацыю з Інтэрнэта, што я, маўляў. даў грошы нейкаму гомельскаму прадпрымальніку і той замовіў на Жодзінскім заводзе завостраныя штыры з арматуры. Гэты прадпрымальнік і дырэктар завода затым і ў прапагандысцкім фільме “Плошча…” фігуравалі, распавядалі пра мяне і тыя штыры. Я не ведаю, што тыя людзі нарабілі такое, што на ўсю краіну іх прымусілі ілгаць. І я следчаму, калі чытаў справу, сказаў: «Слушайте, а где мои штыри? Я же деньги заплатил”. Следчыя таксама вельмі на гэта злаваліся, бо ніякіх штыроў там, натуральна, не было. Справа ўвогуле была абсалютна пустая. Адно відэа з маіх выступаў ды тры даносы аднаго кандыдата ў прэзідэнты.

— Рашэнне суда ўспрынялі спакойна?

— Шчыра кажучы, думаў, што дадуць больш. Разважаў так: “У той сітуацыі я зрабіў усё, што мог зрабіць. Астатняе залежыла не ад мяне”. Паўтаруся, там не Някляеў кіраваў працэсам, і сёння я рады, што мае пытанні да гэтага чалавека зняты. Я бачу ў ім стрыжань, беларускасць, рамантыку. Таму ў мяне не паўставала пытанне, з кім нешта зараз пачынаць рабіць.

“Напишите три слова – прошу меня выпустить…”

— Ці было для вас нешта новае ў калоніі?

— Калонія – месца непрыемнае, кепскае, але жыць можна. 98 адсоткаў беларускіх зэкаў сядзяць у калоніях, а калонія вельмі падобна на вайсковую. Казарма – адзін да аднаго. Можна гуляць на вуліцы, у Шклове дрэвы раслі наўкол, лаўкі стаялі. Можна было кніжку пачытаць у вольны час. На працу хадзілі строем, хоць працавалі за капейкі. Была бібліятэка, шмат чыталі. Але шчасце быць у калоніі пад адкрытым небам працягвалася нядоўга. Я ж не падпісваў прашэння аб памілаванні. А казалі так: “Вы просто напишите три слова – прошу меня выпустить. И через три дня, слово офицера, вас выпустят”. Але ж, калі ты просішся, то значыцца ўжо вінаваты. Таму ніякіх прашэнняў я пісаць не збіраўся, гэта вельмі злавала тых, хто падсоўваў мне паперкі. “Мы тебе такое сделаем, ни одна экспертиза не покажет”, – пагражалі. А я адказваў: “Калі выйду, то абавязкова распавяду, хто падстаўляў Лукашэнку. А падстаўляш ты”. Пасля гэтага не чапляліся.

У калоніі давалі асуджаным чатыры альбо пяць тэлефонных званкоў на месяц, мне – толькі адзін. Канфіскоўвалі лісты да жонкі. Але там стаяла цэлая чарга нешта вынесці, перадаць. Адзін памфлет напісаў, пасля раследванне было. Ад міністра ўнутраных спраў усе атрымалі спагнанні – у тым ліку і адміністрацыя. Намеснік начальніка калоніі плакаўся мне: «Викторович, меня лишили премии. Это же взыскание от министра не снимается”. Адказваю: “Я вас пашкадаваць павінен?”

— Затым была турма…

— Як я казаў, калонію з турмой не параўнаць. Крытая турма – гэта шокавае месца. Ты ўвесь час у камеры, прагулка – усяго адна гадзіна. Ходзіш па бетоннаму калідору, у мяне было 35 крокаў. Напачатку там такія рэчы рабіліся! Да мяне падсаджавалі, напрыклад, псіхічна хворых. Быў прапаршчык расійскага спецназа, неадэкватны. На волі забіў ударам нагі свайго сябра, пра што мне пастаянна хваліўся. Я яго два месяцы цярпеў. Затым быў у мяне ў камеры крапавы берэт з брыгады спецназа сумнавядомага Дзмітрыя Паўлічэнкі. Нармальны хлапец, усё лісты “маме” пісаў дробным почаркам раз на тыдзень. Няхай піша, думаю, кожны выжывае, як можа. Хваліўся мне: “Ты знаешь, какое у мяне “погоняло”? Палач». Зрэшты, нас абодвух задавальняла тое, што ў камеру не падсаджваюць “статусных”. А ў турме кожны меў статус. У маёй характарыстыцы было напісана: “Имеет статус мужика”. Я яшчэ смяяўся: “Які статус мужыка? Майму шляхетнаму роду – 600 гадоў”.

— Ці шмат вам лістоў прыходзіла?

— Я ж не ведаю, які працэнт даходзіў. Былі выпадкі, калі мае знаёмыя нумаравалі лісты, і тады я ведаў, колькі дайшло, а што знікла. Адзін ліст з сямі не даходзіў. Але быў перыяд, калі прапускалі абсалютна ўсё. І вось тады літаральна за тыдзень мне прыйшло лістоў 700. Пасля сітуацыя пагоршылася, а таму ліставанне з роднымі даводзілася адваёўваць. Бацьку і жонцы пісаў у пэўныя дні. Інфармаваў, якія лісты атрымаў, які адправіў. І, калі нешта знікала, жонка падымала скандал і пісала заяву ў Дэпартамент выканання пакаранняў. А ў іх на кожную заяву – раследванне.

Галоўнае – не зламацца

— Была ўпэўненасць, што выйдзеце на волю раней часу?

— Не было ўпэўненасці, што нават выйду пасля таго, як адсяджу тэрмін. У апошні момант маглі наладзіць правакацыю. У тым жа Шклове мяне пра гэта папярэджвалі супрацоўнікі адміністрацыі. Казалі, што, калі да свайго тэрміна дадаюць яшчэ год, то чалавек псіхалагічна ламаецца. Да мяне даходзілі выказванні Лукашэнкі пра маё вызваленне, я ведаў, што робіцца ў краіне. А ўвогуле я перажываў не столькі за сябе, колькі за сваіх блізкіх. Брат і дзеці жывуць за мяжой, таму я забараніў ім прыязджаць у Беларусь. Я прасіў яшчэ з’ехаць жонку і бацьку, на што той толькі пасмяяўся – маўляў, куды мне рыпацца ў такім узросце. Хоць яму пагражалі, лісты падкідвалі. Жонка таксама катэгарычна была супраць маёй ідэі.

А апошнія пяць месяцаў у крытай турме былі досыць спакойнымі. У адзін прыгожы дзень паведамілі, каб збіраўся. Пытаюся: “Что, самозванца наклонили?” Да апошняга моманту нічога ж не казалі, хоць і ведалі, што мяне выпускаюць.

— Больш за месяц прайшоў з таго часу, як вы выйшлі на волю. Ці ёсць адчуванне напоўніцу гэтай самай волі?

— Скажам так: рэзка яно не з’явілася, бо рэзка давялося кідацца ў актыўнае палітычнае жыццё, каб скарыстаць час перад выбарамі для падрыхтоўкі будучых кампаній. Найперш я маю на ўвазе працу з грамадствам, зніжэнне страху ў людзей і пашырэнне прасторы свабоды. Таму ў першыя тыдні на волі я жартам нават казаў жонцы: “У турме я хоць восем гадзін у суткі спаў, а тут няма такога”. А ўвогуле, воля – ёсць воля. Мы неяк з жонкай пасядзелі у невялікім садку ля дома. Глядзелі ў неба, пілі віно і слухалі цыкады. З’ездзілі да цёплага мора. Шокавага стану пасля вяртання з-за кратаў у мяне няма. Я нават сам гэтаму здзіўляюся. Калі ў свой час вярнуўся з “хіміі”, дзе жыццё ў мяне было, скажам так, наладжана, я некалькі дзён спаў. Трэба было адпачыць. А зараз інакш. Напэўна, занадта доўга быў за кратамі і занадта добра ўжо натрэніраваўся. Неяк я палічыў, колькі агулам за ўсё жыццё быў у месцах абмежавання волі. Аказалася, што больш за 7 гадоў. Так што і сапраўды – падрыхтоўка грунтоўная. А чалавек – такая істота, што да ўсяго прызвычаіцца. Галоўнае – не зламацца. А тое, што нас не забівае, робіць мацнейшымі.

palitviazni.info

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства