Пагражалі, білі электрашокерам, зламалі сківіцу: хлопцы са «справы графіцістаў» расказалі падрабязнасці
На дадзены момант у Беларусі няма палітвязняў. Перад выбарамі на волю выйшлі Мікола Статкевіч і асуджаныя анархісты.
Тым часам пяцёра маладзёнаў чакаюць, чым скончыцца расследаванне іхняй «справы графіцістаў». Абвінавачанне не знятае, аднак хлопцаў выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Разгляд іх справы адбудзецца ўжо пасля выбараў.
Нагадаем, пяцёра хлопцаў: Яраслаў Ульяненкаў, Максім Пякарскі, Вячаслаў Касінераў, Вадзім Жаромскі і грамадзянін Расіі Павел — былі жорстка затрыманыя 11 жніўня. У віну ім паставілі стварэнне беларускамоўных графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя свядомасці», а таксама запэцкванне фарбай сацыяльнага білборда з выявамі супрацоўнікаў міліцыі. Праваабаронцы прызналі хлопцаў палітычнымі зняволенымі. Дзеянні графіцістаў кваліфікавалі як злоснае хуліганства, ім пагражае да 6 гадоў зняволення.
24-гадовы Максім Пякарскі займаецца вэб-дызайнам. Свой дзень народзінаў ён сустрэў на Валадарцы
Адзін з затрыманых, Яраслаў Ульяненкаў, ужо расказваў «Нашай Ніве», як яго затрымлівалі людзі ў масках з пісталетамі, выбіўшы дзверы кватэры. Цяпер свае гісторыі расказваюць іншыя фігуранты гучнай справы.
«У мяне рот напоўніўся крывёю, я яе глытаў, каб не запэцкаць падлогу»
«Гэты было 11 жніўня. Прыблізна а палове на чацвёртую хтосьці пазваніў у дзверы. Звычайна апрануты мужчына сказаў, што ён нібыта сантэхнік, а ў мяне праблемы з туалетам. Хвіліны дзве мы з ім спрачаліся: я тлумачыў, што ўсё ў мяне ў парадку, ён настойваў, што не, — пачынае расповед Вячаслаў Касінераў. — Ні пра якую міліцыю гутарка не ішла, але я пачаў здагадвацца, што адбываецца. Я зразумеў, што калі не адчыню, то дзверы проста выламаюць. Апроч мяне, дома былі жонка і малая дачка, якой трохі больш за год.
Я адамкнуў, у кватэру імгненна ўварваліся некалькі чалавек, мяне паставілі на калені, заламалі рукі. Адзелі кайданкі і ў твар на некалькі секундаў тыцнулі абвінавачваннем.
Усё, што я паспеў прачытаць, гэта быў адзін радок пра графіці «Беларусь мае быць беларускай». Я не супраціўляўся зусім, толькі казаў, каб мае «госці» паводзілі сябе адэкватна і не крычалі, бо ў хаце жонка і дзіця. Спытаў, ці ёсць паперы на вобшук, адказалі, што ёсць, але ж ніхто мне іх не паказаў. Ніхто не называў ані імёнаў, ані званняў. Усе, апроч аднаго, былі апранутыя ў цывільнае. Потым з іх размоваў я зразумеў, што гэта былі аператыўныя супрацоўнікі».
Вячаслава вывелі пад рукі па лесвіцы, закінулі ў мікрааўтобус, паставілі на калені. Хлопец кажа, што заўважыў, як некаторыя міліцыянты здымалі бронекамізэлькі, што былі ў іх пад цывільнай вопраткай. Цікава, да чаго яны так рыхтаваліся?
Жонка з дачкой засталіся ў хаце. Там некалькі супрацоўнікаў праводзілі вобшук.
«Пры затрыманні мяне не збівалі. Але калі мы ад’ехалі, хтосьці з іх спытаў мае прозвішча, імя, імя па бацьку. Я быў у стрэсе, і ці то надта ціха адказаў, ці то не так хутка, як трэба было, але адразу атрымаў моцны ўдар у сківіцу. Я займаюся тайскім боксам, і магу ўпэўнена сказаць — мне «прапісалі» добры хук. У мяне адразу рот напоўніўся крывёю, я некалькі разоў яе глытаў, каб не запэцкаць падлогу, — кажа Касінераў. — Яшчэ такі момант — мне надта шчыльна заціснулі рукі кайданкамі. Я папрасіў, каб паслабілі, высветлілася, што ключ ад кайданкоў яны пакінулі недзе ў мяне дома».
Вячаслаў сцвярджае, што ва ўпраўленні па арганізаванай злачыннасці (ГУБАЗ) пачаўся ціск на яго: маўляў, мы ўсё ведаем, давай каліся, «грузіся», пішы ўсё, як было. На яго ціснулі: «Зараз ты сядзеш, жонка з дзіцём застануцца адныя, што, не любіш іх?» Казалі: «Вамі мы займаемся даўно, вы паўгода ў нас у распрацоўцы, мы ўсё пра вас ведаем». Прычым, адзначае Касінераў, міліцыянты ўзгадвалі моманты і дробязі, якія ён прыватна абмяркоўваў з жонкай па тэлефоне.
«Цікава, што калі мяне з ГУБАЗа перадавалі ў Следчы камітэт, я зайшоў у адзін з кабінетаў, а там на сценах, як ганаровыя граматы, віселі так званыя «ружы» — шалікі футбольных клубаў «Тарпеда» і «Дынама», не звычайныя, а фанацкія, з кельцкімі крыжамі. Іх было штук з дзесяць. Кабінет гэты належаў аднаму з тых, хто цікавіўся маімі анкетнымі дадзенымі. На жаль, імя і званне яго я не ведаю», — кажа Касінераў.
У ГУБАЗе хлопец пабачыўся з адвакатам, паказанняў яшчэ не даваў. Сківіца вельмі балела, ён скардзіўся на гэта. Вячаслава павезлі ў сківічна-тварнае аддзяленне.
Там высветлілася, што ў яго двайны пералом сківіцы з адкрытай ранай у роце. Паставілі шыну — гэта калі праз кожны зуб працягваюць дрот і сцягваюць сківіцы. Прычым, кажа хлопец, кайданкі здымаць міліцыянты адмовіліся.
«Дактары паклалі мяне ў стацыянар. Абкалолі абязбольнікамі, плюс тая шына — размаўляць я фактычна не мог. Аператыўнікі яшчэ з паўгадзіны вырашалі, як мяне прычапіць кайданкамі да ложка. Я прасіў, каб кайданкі знялі зусім — адчуваў сябе вельмі дрэнна плюс палата на трэцім паверсе, куды я збягу? Але не, адмовіліся, — распавядае Касінераў. — На наступны дзень на ўсе працэдуры я хадзіў з аператыўнікамі. Нават прыбіральню яны правяралі перад тым, як мяне туды запусціць. А на другі дзень аператыўнікаў змянілі канвойныя і пачалося пекла. Адзін быў у палаце, двое — перад дзвярыма. Канвойныя ўвогуле доўга не размаўлялі. Аднойчы яны вялі мяне на здымак і заблукалі ў калідорах, як толькі я спыніўся і кіўком хацеў паказаць, у які бок ісці, мяне адразу прыціснулі да сцяны, пракрычаўшы літаральна ў адно слова: «Шагвсторонупрыжокнаместепопыткакбегствуогоньнапораженіе!!!» А калі я чысціў зубы, што трэба было рабіць пасля кожнага прыёму ежы, двое канвойных стаялі побач, адзін з дубінкай у руках — каля акна.
Затым я два дні проста ляжаў у ложку, прыкаваны кайданкамі, нават у прыбіральню хадзіў у кайданках.
На працэдуры і ў сталовую ўжо не вадзілі, прыносілі ўсё ў палату. З суседзямі па палаце — а я быў у агульнай — размаўляць не давалі. Прычым за двое сутак тых канвойных каля 20 разоў прыязджалі правяраць».
Праз два дні канвой знялі. Вячаслаў застаўся ў шпіталі. Агулам ён ляжаў там каля 9 дзён. Праз пералом сківіцы не мог нармальна есці — зубы былі сціснутыя. За тыдзень хлопец скінуў 7 кілаграмаў.
«Падчас сустрэч са следчымі прад’яўлялі мне і графіці, але я бачыў, што яны і самі ўсё дакладна ведаюць, хто і што рабіў. Я прызнаў сваю віну па запэцканым фарбай білбордзе. Штраф заплацілі і я, і Вадзім прыкладна па 3,5 мільёна, — кажа Касінераў. — Цяпер кожны тыдзень нас цягаюць на допыты. Яшчэ і нас усіх аблілі брудам, зрабілі злачынцамі, хіба не тэрарыстамі».
Хлопец гатовы доўга расказваць пра парушэнні падчас расследавання.
«Напрыклад, экспертыза павінна праводзіцца пасля таго, як падазраваны будзе пра яе інфармаваны. Але ж нам паведамілі толькі 31 жніўня, калі Следчы камітэт ужо вывесіў навіны з вынікамі той экспертызы, — кажа Вячаслаў. — Прычым мы выступаем супраць нацызму і неанацызму, а эксперты прызналі, што матэрыялы, якія знайшлі ў нас, — экстрэмісцкія, утрымліваюць нацысцкую сімволіку. То бок перакрэсленая свастыка прапагандуе нацызм? Гэта ж абсурд!»
Падчас ператрусу ў Касінерава забралі тэлефоны, два камп’ютары, увесь абутак і некаторую вопратку. «Мне зараз хадзіць няма ў чым», — скардзіцца ён.
Падчас самога вобшуку панятыя знаходзіліся ў адным пакоі, а аператыўнікі — па некалькі чалавек у кожным, кажа хлопец, спасылаючыся на словы маці і жонкі. Гэта парушэнне, але гэтак жа праходзілі ператрусы ў астатніх хлопцаў.
«Заяву на «собраўца», які мяне ўдарыў, я напісаў пазней. Твар яго я бачыў. Першы тыдзень яшчэ быў нейкі рух — мяне выклікалі ў Следчы камітэт і вельмі падрабязна распытвалі пра затрыманне: ці не маглі мяне ўдарыць дзвярыма, калі ўваходзілі, ці не падаў я, калі мяне выводзілі. Бралі ў мяне генетычны матэрыял, каб параўнаць з тым, што знайшлі ў мікрааўтобусе, я нават маляваў ім схему, дзе ў машыне быў я, а дзе той «собравец». Але апошнія два тыдні — цішыня», — кажа Вячаслаў.
«Ну што, сукі, савецкую ўладу не любіце?»
Расказаў пра сваё затрыманне і Максім Пякарскі.
«Я са сваёй дзяўчынай Настассяй і сябрам Вадзімам Жаромскім здымаем двухпакаёўку на трэцім паверсе пяціпавярховіка. 11 жніўня мы былі дома ўтраіх — Настасся паехала па справах, але ў Вадзіма гасцяваў знаёмы з Расіі. Дзень быў цёплы, мы адчынілі вокны, — кажа Максім. — Я пачуў нейкі шум за акном, і раптам у кватэру праз вокны заляцелі два чалавекі ў поўнай экіпіроўцы са зброяй. Яны пад сваю ж лаянку збілі нас з ног, паклалі на падлогу, прычым адзін з іх крычаў: «Ну што, сукі, савецкую ўладу не любіце?», а другі: «Восемдзесят восем!», што мяне здзівіла [у неанацысцкіх колах лічба 88 з’яўляецца закадаваным прывітаннем «Heil Hitler!» («Хайль Гітлер!»), бо літара «H» стаіць у лацінскім алфавіце восьмай — «НН»]. Адзін з іх адразу пабег да дзвярэй, адамкнуў іх, і ў кватэру забеглі некалькі чалавек таксама ў экіпіроўцы і некалькі ў цывільным. Агулам іх было каля 10 чалавек. Адразу панеслася лаянка, абяцанні, што нас закрыюць у турму і мы адтуль больш не выйдзем, КДБ намі будзе займацца і гэтак далей… Казалі, што мы нібыта жадаем, каб адбылося тое ж, што і ва Украіне, таму нас і бяруць».
Траіх хлопцаў развялі па розных памяшканнях. У кожным пакоі адначасова знаходзілася па некалькі супрацоўнікаў міліцыі, прычым вобшук фактычна пачаўся адразу, а панятых прывялі толькі хвілін праз дваццаць, сцвярджае Максім.
«Пакуль панятых не было, нас трымалі на падлозе, білі электрашокерам, білі нагамі. Мне казалі, што і маю дзяўчыну пасадзяць у турму, што яны ведаюць, дзе яна», — кажа ён.
Тое, што было трэба, міліцыянты адкладалі ў адну кучу: фарбы, ноўтбукі, вопратку. Прычым вобшук праводзілі без цырымоній, напрыклад, разбілі шкляную паліцу. Ані званняў, ані прозвішчаў ніхто не называў.
«Краем вуха я пачуў, што быў нейкі Манастырны і нейкі Луневіч», — узгадвае Пякарскі.
Луневіча ўзгадвае і Яраслаў Ульяненкаў, якога таксама затрымалі 11 верасня.
«Ігар Паўлавіч Луневіч — званне не памятаю — аказваў псіхалагічны ціск на мяне. Ён пагражаў тым, што дабярэцца да маёй цяжарнай жонкі, якая была ў Магілёве. Казаў: «Навошта табе тыя казлы, табе дзіцё гадаваць, кажы тое, што нам трэба, — і пра цябе праз месяц забудуць», — кажа Ульяненкаў.
Пякарскі працягвае: «Потым мне патэлефанавала мая дзяўчына, Настасся. Тэлефон узяў адзін з міліцыянтаў, сказаў ёй, што нібыта я на ровары збіў дзіця, і Настасся павінна пад’ехаць у ГУБАЗ: маўляў, можа, яна паспрыяе, каб бацькі таго дзіця забралі сваю заяву.
Яна паехала, і яе пратрымалі некалькі гадзін без адваката, распытвалі наконт хлопцаў і графіці, ціснулі на яе, пратакол ніхто нават і не складаў. Затым Настассю адвезлі ў Следчы камітэт як сведку».
Затым маёмасць забралі, хлопцаў павялі ў машыны. Дарэчы, пратакол аб канфіскацыі маёмасці, кажа Максім, ён ўбачыў толькі праз месяц.
Хлопцаў адвезлі ў ГУБАЗ. Па іх словах, увесь час на іх ціснулі, казалі, каб яны падпісвалі прызнанні, бо астатнія нібыта ўжо далі паказанні.
«У ГУБАЗе я і Настасся былі ў суседніх памяшканнях. Я чуў, як яна галасіла, плакала. Потым міліцыянты казалі, што Настассі стала дрэнна, што ёй выклікалі хуткую і ў бальніцу павезлі. Але яны хлусілі», — кажа Пякарскі.
Хлопцу з Расіі, Паўлу, загадалі, каб ён у той жа дзень з'ехаў з Беларусі, пасля чаго адпусцілі.
На наступны дзень Максіма адвезлі на Акрэсціна. Там ён правёў трое сутак. Затым — на Валадарку, адкуль яго выпусцілі толькі 31 жніўня. Дарэчы, свой 24-ы дзень народзінаў хлопец сустрэў за кратамі. Якраз у гэты дзень, 20 жніўня, яму прад’явілі абвінавачванне.
Максім прызнае, што маляваў тыя графіці. Але і ён, і астатнія хлопцы не згодныя з тым, што іх дзеянні раптам трапілі пад артыкул Крымінальнага кодэкса.
«Мы не прызнаем хуліганства. На той жа сцяне было шмат іншых графіці, але міліцыю зацікавіла толькі тое. Чаму? Чаму справу з білбордам перакваліфікавалі з «пашкоджання маёмасці» таксама ў «хуліганства»? Мы такім творчым метадам выказваем свае перакананні, пашкодзілі сцяну — добра, заплацім. Але прычым тут крымінал? Экстрэмізм?» — кажуць яны.
Шмат аб чым Максім не можа казаць — ён падпісаў паперу, што не можа разгалошваць матэрыялы справы. Але хлопцы ўпэўненыя, што маўчаць ім не трэба, і спрабуюць надаць розгалас справе.
Усё, што не супадае з уладнымі перакананнямі, разглядаецца як экстрэмізм. Зараз пачынаюцца рэпрэсіі супраць тых, хто можа ўзяць удзел у пратэстных акцыях. Людзей запалохваюць «Майданамі». І нас хочуць ці то запужаць, ці то пасадзіць «на ўсякі выпадак». І яны думалі, што зробяць гэта ціха, але ціха ў іх не атрымалася — наша гісторыя трапіла ў СМІ, з намі гаварылі нават журналісты з Германіі. І міліцыянты спалохаліся таго, што нарабілі, бо яны відавочна перавысілі свае паўнамоцтвы, — кажуць хлопцы. — Мы хочам, каб наша сітуацыя стала прыкладам іншым, каб людзі выкрывалі ўсе падобныя выпадкі, не маўчалі, не былі запалоханымі. У грамадстве павінна быць чалавечая салідарнасць».