viasna on patreon

“Міліцыя – парадак?”

2015 2015-09-24T15:44:00+0300 2015-09-24T14:12:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/milicyia_poriadok_grafici.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота з сацыяльных сетак

Фота з сацыяльных сетак

Сёння зранку ў пераходзе каля Камароўскага рынку было зафіксавана графіці: міліцыянт cцягвае за нагу чалавека па прыступках.

“Я зразумеў адразу ягоную сутнасць”, - напісаў у сваім фэйсбуку пісьменнік Сяргей Сыс, які сфатаграфаваў малюнак і выклаў у сацсеткі.

Сяргей Сыс

Нагадаем, гісторыя з жорсткім затрыманнем міліцыянтамі інваліда па зроку адбылася 18 верасня на станцыі метро “Уручча”. Выпадак выклікаў шырокае абурэнне сярод пасажыраў, якія зафіксавалі на відэа тое, што адбывалася, у тым ліку і супрацоўніка МУС, які сцягнуў сляпога мужчыну па прыступках за ногу.

Хваля абурэння ахапіла і інтэрнэт-прастору: была створана петыцыя з патрабаваннем зволіць ці пакараць міліцыянтаў за збіццё сляпога чалавека, якая на дадзены момант сабрала больш за 7 800 подпісаў.

І вось наступны крок – графіці ў пераходзе з пытаннем “Міліцыя – парадак?”

Як стала вядома ПЦ "Вясна", акцыю пратэсту правялі ў розных месцах актывісты анархісцкага руху: 

"Мы хочам выказаць салідарнасць з пацярпелымі і нагадаць, што гэта - не адзінкавыя выпадкі. Мы нанеслі трафарэты ў розных месцах Мінска як сімвал таго, што тое, што здарылася 18 верасня адбываецца паўсюль. Нематываванае гвалт, запалохванне, катаванні і нават беспакаранае забойства (як некалькі гадоў таму ў Светлагорскім РАУС) - звыклыя метады для міліцыі. Мянтоўскі гвалт - частка нашай штодзённасці.

Калі такія выпадкі носяць сістэмны характар, то важна задумацца аб іх глыбінных прычынах", - пазначана ў паведамленні.

Праваабаронцы таксама асуджаюць учынак супрацоўнікаў міліцыі, дзеянні якіх расцэньваюць як перавышэнне службовых паўнамоцтваў. А рэакцыю грамадства на склаўшуюся сітуацыю кіраўнік ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі назваў "сімптаматычнай":

“Відавочна, сітуацыя сведчыць пра непрафесіяналізм супрацоўнікаў міліцыі, якія знаходзіліся ў такой колькасці ў пераходзе, не маглі “даць рады” са сляпым чалавекам і вырашылі сітуацыю вось такім брутальным чынам. Безумоўна, з боку супрацоўнікаў гэта перавышэнне службовых паўнамоцтваў у парушэнне Закону “Аб органах унутранных спраў” і тых рамак маралі, ў якіх ахоўнікі правапарадку мусяць працаваць.

З каментара Следчага камітэта бачна, што МУС пастараецца “перавесці стрэлку” і абвінаваціць сляпога чалавека, каб абараніць свой “гонар мундзіру”. Але на месцы кіраўніцтва МУС і СК трэба было б прааналізаваць сітуацыю, дзеянні супрацоўнікаў і зрабіць пэўныя высновы. Бо такія паводзіны для праваахоўнікаў не дапушчальныя ні ў якім выпадку.

Трэба заўважыць, рэакцыя людзей з’яўляецца сімптаматычнай, бо такія выпадкі, як перавышэнне паўнамоцтваў, хамства, непрафесіяналізм у выкананні абавязкаў з боку міліцыянтаў сустракаюцца даволі часта і ў сувязі з гэтым ёсць пэўны недавер да беларускай міліцыі. І гэта тычыцца не толькі палітычных, але і вось такіх жыццёвых сітуацый”.

Сёння ж зранку газета “Наша ніва” апублікава ліст, дзе сябра сляпога жабрака Дзмітрыя Арцёмава распавядае, што інвалід па зроку накіроўваў зварот да дзеючага прэзідэнта с просьбай вярнуцца ў інтэрнат:

“Вярнуцца ў інтэрнат мне не дазваляюць. У 2014 годзе добрыя людзі дапамаглі мне звярнуцца ў Першамайскі выканкам з гэтай просьбай. Мы сабралі ўсе даведкі, я прайшоў медкамісію. Але ў выніку — толькі часова зарэгістравалі ў Доме начнога знаходжання для бамжоў (без засялення). Адмова была матываваная тым, што я не здаў нейкія рэчы, калі сыходзіў з інтэрната. Згодны пакрыць”.

Аднак на сляпога хлопца пасля выпадку ў метро ўзбудзілі крымінальную справу аб супраціве супрацоўнікам органаў унутраных спраў.

“Цяпер яму пагражае да 2 гадоў пазбаўлення волі або могуць накіраваць у вар'ятню, хоць ён цалкам адэкватны і разумны, на мой погляд, чалавек — сляпое жыццё шмат чаму яго навучыла. І хоча ён проста нармальнага жыцця.

Дзе ён зараз? Тэлефон не адказвае, у кватэры за дзвярыма брэша толькі сабачка Топа”, - працягвае ліст сябра сляпога.

У СІЗА Дзмітрыя Арцёмава не змясцілі. Як паведамляе тэлеканал Белсат, на дадзены момант Дзмітры знаходзіцца ў шпіталі пад вартай.

Акрамя таго, стала вядома і пра выпадак з інвалідам-вазочнікам, якога па словах відавочцаў жорстка збілі супрацоўнікі патрульна-паставой службы ў той жа дзень, калі затрымлівалі сляпога мужчыну – 18 верасня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства