viasna on patreon

Строгая інфармацыйная дыета. Чаму ЦВК публікуе не ўсе свае пастановы?

2015 2015-09-23T10:47:16+0300 2015-09-23T15:03:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/jarmoshyna-cvk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтрвыбаркама

Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтрвыбаркама

Упершыню ўвагу на гэтую праблему магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель звярнуў падчас перадвыбарчай кампаніі 2010 года. З тых часоў, паводле яго слоў, нічога не змянілася.

ДАЎНЯЯ ПРАБЛЕМА

У 2010 годзе Барыс Бухель, абурыўшыся адсутнасцю больш за трох чвэрцяў пастаноў і дакументаў Цэнтральнай выбарчай камісіі на сайце ЦВК, накіраваў туды адпаведную скаргу. У адказ яму прыйшоў ліст за подпісам старшыні Лідзіі Ярмошынай, якая засумнявалася, ці трэба вывешваць інфармацыю аб камандыроўках, методыках і рэкамендацыях, якія накіроўваюцца абласным, раённым і ўчастковым камісіям. Асаблівую ўвагу яна звярнула на тое, што неабходны мінімум інфармацыі заўсёды даступны на пазначаным сайце, што робіць скаргу Бухеля беспадстаўнай.

Заяву ў Вярхоўны суд таксама пакінулі без задавальнення - суддзя Жукоўская стала на бок ЦВК, адмовіўшы Барысу Леанідавічу ва ўзбуджэнні справы.

Праз два гады, падчас парламенцкіх выбараў 2012, праваабаронца зноў паскардзіўся ў ЦВК на тое, што на іх сайце нельга знайсці вялікую частку пастаноў. ЦВК зноў адзначыў, што ўся патрэбная інфармацыя даступная на сайце, а калі нейкіх пастаноў няма, то асаблівай значнасці і каштоўнасці для выбаршчыкаў яны не прадстаўляюць.

У кастрычніку 2015 споўніцца ўжо пяць гадоў з таго моманту, як праваабаронца ўпершыню выявіў і пачаў змагацца з гэтай праблемай. За гэты час мала што змянілася - інфармацыя на сайце ЦВК, паводле яго слоў, да гэтага часу з'яўляецца выбарча.

- У рубрыцы "Пастановы" на сённяшні дзень размешчана ўсяго 24 пастановы, пачынаючы з №12 ад 2015/05/14 г. і заканчваючы №66 ад 2015/09/10 г. Гэта сведчыць аб тым, што на сайце ЦВК у рубрыцы "Пастановы" размешчана толькі 36,36% ад усіх прынятых ЦВК пастаноў. Гэта пакуль вышэй, чым на мінулых прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах 2010-га і 2012-га гадоў, падчас якіх гэты працэнт не перавышаў 24%. Але, як гаворыцца, яшчэ не вечар, выбарчы фарс яшчэ працягваецца. Акрамя таго на сайце ЦВК на 2015/09/17 г. у рубрыцы "Матэрыялы" размешчаны вельмі характэрныя матэрыялы:

-“Дапамога для сяброў ТВК”, зацверджаны, як у ім пазначана, пастановай ЦВК ад 2015/05/14 г. №10;

“Дапамога для членаў УВК” (пастанова ЦВК ад 2015/05/14 г. №11);

“Каляндарны план арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў (2015)”, зацверджаны пастановай ЦВК ад 2015/07/01 г. №17.

Ці варта казаць, што пастаноў №№ 10, 11 і 17 у рубрыцы "Пастановы" на сайце ЦВК няма? Знайсці іх праз "Пошук" на сайце таксама не атрымоўваецца. Ці вычэрпваюцца гэтыя тры пастановы сцвярджэннем названых дакументаў або яны вырашаюць і іншыя пытанні падрыхтоўкі і правядзення выбараў, нам, выбаршчыкам,невядома, - кажа Барыс Бухель.

САЙТ ДЛЯ СВАІХ 

Праваабаронца лічыць, што у кіраўнікоў выбарчых камісій і дзяржорганаў ёсць яшчэ адзін рэсурс, дзе ёсць доступ да ўсіх пастаноў ЦВК.

На сайце Магілёўскага аблвыканкама ў рубрыцы "Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2015" размешчана інфармацыя "Звесткі пра старшыняў, намесніках старшыняў і сакратарах ўчастковых камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", пры раскрыцці якой у вордаўскім файле ў левым верхнім куце пазначана: "Дадатак №13 да пастановы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў 2015/07/01 № 25".

Гэта табліца, у якой дадзены звесткі аб прозвішчах, імёнах і імёнах па бацьку старшыняў, намесніках старшыняў і сакратарах ўсіх УВК Магілёўскай вобласці з разбіўкай па раёнам і указаннем тэлефонаў, паштовых адрасоў і назваў арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў, у чыіх адміністрацыйных будынках размешчаны гэтыя УВК. Але на сайце ЦВК ні ў адной рубрыцы я не знайшоў ні пастановы №25, ні якіх-кольвечы згадак пра яе.

На сайце ЦВК у рубрыцы «Матэрыялы» ёсць падрубрыка пад назвай "Звесткі пра месцазнаходжанне і нумары тэлефонаў УВК па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", у якой ёсць каардынаты УВК па абласцях, Мінску і за межамі Беларусі, але няма ні імёнаў, ні прозвішчаў старшынь, іх намеснікаў і сакратароў . Атрымліваецца што, на сайце ЦВК размешчана няпоўная інфармацыя, якая маецца ў Пастанове ЦВК №25.

Пры гэтым у самім файле увогуле няма ніякіх спасылак.З гэтага можна зрабіць толькі адну выснову, на маю думку: існуе яшчэ адзін таемны рэсурс ЦВК, доступ да якога маюць толькі кіраўніцтва дзяржорганаў, а таксама абласных і раённых ТВК.

Наогул незразумела для чаго трэба было ЦВК прымаць такую Пастанову №25, да якой прыкладаюцца спісы старшыняў, намеснікаў старшыняў і сакратароў УВК? Бо ЦВК па Выбарчым кодэксе не мае права іх сцвярджаць або ўзгадняць. Але можа быць менавіта гэта незаконнае дзеянне і было здзейснена ЦВК? Як паказана на сайце Магілёўскага аблвыканкама, гэты спіс з'яўляецца дадаткам №13. Тады яшчэ пытанні - што ўтрымліваюць у сабе папярэднія 12 прыкладанняў? І колькі наогул усяго прыкладанняў да гэтай пастановы №25 і пра што яны? Для чаго прымалася гэта пастанова №25 і што яна пастанаўляе?Адказаў на гэтыя пытанні ніхто з простых выбаршчыкаў не ведае. Ну, хіба што акрамя асобных прадстаўніку ўлады і кіраўнікоў выбаркамаў. Толькі вось якая штука - яны нікому ніколі нічога не распавядаюць і клапоцяцца, каб мы сядзелі на строгай інфармацыйнай дыеце.

Барыс Бухель лічыць, што ад не-публікацыі больш трох чвэрцяў пастаноў ЦВК пакутуюць выбаршчыкі, бо ЦВК груба парушае часткі 1 і 2 арт.13 Выбарчага кодэкса, якая называецца «Галоснасць пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, ...», якой, у прыватнасці, ўстаноўлена, што «Падрыхтоўка і правядзенне выбараў ... ажыццяўляюцца адкрыта і галосна. Адпаведныя камісіі, мясцовыя прадстаўнічыя, выканаўчыя і распарадчыя органы інфармуюць грамадзян пра сваю працу па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў ... ». Акрамя таго, на яго думку, ЦВК парушае частку 1 арт. 32-1 ўсё таго ж кодэксу, якая называецца "Арганізацыя работы Цэнтральнай камісіі і забеспячэнне яе дзейнасці". Там прама напісана: "Асноўнымі прынцыпамі дзейнасці Цэнтральнай камісіі з'яўляюцца законнасць, незалежнасць, калегіяльнасць, адкрытасць і галоснасць".

На свае скаргі ў ЦВК у 2010 і 2012 г. я атрымліваў адказы, што яны ўсё робяць правільна і законна. Маўляў, выбарчым кодэксам прама агавораны выпадкі, калі ЦВК павінна накіроўваць свае матэрыялы для апублікавання ў СМІ. Пры гэтым, у адказах не пазначаныя канкрэтныя прававыя нормы, а я іх так і не знайшоў. У рэшце рэшт, яны спынілі перапіску са мной па гэтым пытанні. А Генпракуратура і Вярхоўны Суд адказалі, што гэтыя пытанні ім не падведамасныя, - каментуе сітуацыю праваабаронца.

КРЫЗІС ДАВЕРУ 

Чаму ж непублікацыя ўсіх рашэнняў ЦВК - гэта дрэнна?

Па-першае, я лічу, што ЦВК і любая таямніца - гэта ў прынцыпе несумяшчальныя паняцці. Але, на жаль, члены ЦВК і беларускія ўлады так не лічаць, - разводзіць рукамі Барыс Бухель. - Цэнтральная выбарчая камісія, як і іншыя дзяржаўныя органы, існуе за кошт бюджэту. Бюджэт - гэта, у тым ліку, і падаткі выбаршчыкаў, якія, па сутнасці, фінансуюць правядзенне выбараў у Рэспубліцы Беларусь. Удасканальваць выбарчы працэс і рабіць усё, каб выбары прайшлі сумленна, г.зн. адкрыта і галосна і на самым высокім узроўні - адзіная задача Цэнтральнай камісіі.

ЦВК выконвае сваю працу праз свае пастановы. Шмат у чым менавіта праз гэтыя дакументы мы ацэньваем працу Цэнтральнай камісіі. Натуральна, калі ў канчатковым выніку кожнай выбарчай кампаніі мы бачым менш чвэрці прынятых ёю пастаноў, пытанні да сумленнасці і адкрытасці працы ЦВК будуць пастаянна узнікаць. Асабліва, калі замест адказаў на гэтыя пытанні ЦВК адказвае чынавенскімі адпіскамі.

Яшчэ адзін важны момант - публікацыя толькі некаторых пастаноў. Такая выбіральнасць пазначае, што нехта вырашае за нас выбаршчыкаў, якія плады працы ЦВК нам можна бачыць, а якія - не. Вы гатовыя паручыцца за членаў Цэнтральнай камісіі, што яны нічога важнага для выбаршчыка не ўтойваюць? Я– не. І, як бачым,у выбаршчыкаў ёсць усе падставы для сумневу, - сказаў на заканчэнне праваабаронца.

"Магілёўская Вясна"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства