viasna on patreon

73-гадовая жыхаркі Смаргоні 12 гадоў змагаецца з дзяржорганамі за дакладныя дакументы на зямлю

2015 2015-09-16T15:02:21+0300 2015-09-16T15:02:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/smargon-maroz-janina.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Яшчэ ў мінулым стагоддзі жыхарка Смаргоні Яніна Іванаўна Мароз разам з сястрой атрымала ў спадчыну домаўладанне. На яго ў 1988 годзе быў аформлены тэхнічны пашпарт. На падставе гэтага яе сястра ў 2003 годзе звярнулася ў Смаргонскі райвыканкам з заявай аб выдзяленні ім зямлі ў пажыццёвае карыстанне. Жанчыны ўнеслі плату за падрыхтоўку дакумента.  Калі ж землеўпарадкавальная арганізацыя прад’явіла Яніне Іванаўне акт азнаямлення з межамі зямельнага надзела, то яна была вельмі здзіўлена іх несупадзеннем з тэхнічным пашпартам, наяўнасцю памылак і адмовілася падпісваць дакумент. Апроч таго, яе сястры, якая жыве ў Маладэчне, гэты акт ўвогуле не быў паказаны для азнаямлення і падпісання. Замест подпісу аб азнаямленні пазначана: часова адсутнічае. Нягледзячы на гэта, Смаргонскі райвыканкам сваім рашэннем №743 (пункт 6) ад 12 жніўня ўжо далекага 2003 года зафіксаваў юрыдычнае афармленне прадстаўлення зямельнага надзела. Дзяржакт на права карыстання зямлей Яніна Мароз у такой сітуацыі атрымліваць адмовілася.     

   Жанчына самастойна перамерала свой участак, пераканалася ў недакладнасці афіцыйных замераў і размяшчэння на плане пабудоў, вывучыла нарматыўныя дакументы, якія рэгулююць адвод зямлі. І пачала ўпартую перапіску з дзяржаўнымі арганізацыямі ад мясцовага да рэспубліканскага ўзроўню з мэтай дамагчыся дакладнага адлюстравання ў дакументах межаў зямельнага надзела і размешчаных на ім пабудоў. Аднойчы па яе заяве шырыню ўчастка з боку дарогі замераў нават участковы Смаргонскага РАУС і пераканаўся ў недакладнасці адлюстравання гэтага памеру. Але яго замеры ніхто да ўвагі не прыняў, бо міліцыя – не спецыялізаваная ў зямельных пытаннях арганізацыя.

  У калекцыі заяўніцы ёсць, напрыклад, дакументы з подпісамі трох прызначаных за гэты час кіраўнікоў мясцовай “вертыкалі”. Ёсць нават адказ арганізацыі, якая паведаміла аб спыненні з ёй перапіскі. Чырвонай ніткай у большасці адказаў гучала: “Вы беспадстаўна адмаўляецеся падпісваць акт азнаямлення з межамі зямельнага надзела”. І гучалі рэкамендацыі звяртацца ў суд. 

   Трэба адзначыць, што нейкіх зменаў Яніна Мароз з гадамі перапіскі дамагалася, памылкі паволі выпраўляліся. Напрыклад, Смаргонскі райвыканкам 30 траўня 2006 года прыняў рашэнне №511, якім ануляваў рашэнне 2003 года і ўсталяваў новыя межы зямельнага надзела гэтай жанчыны і яе сястры.

   Далей жа падзеі развіваліся па абсурдным сцэнары. Яніна Іванаўна не пагадзілася і з гэтымі межамі і яшчэ 8 гадоў даказвала сваю правату. За гэты час адпаведныя спецыялісты зусім згубілі арыенціроўку ў сітуацыі, ці мо змянілася іх пакаленне. А таму не знайшлі нічога лепшага, як яшчэ аж двойчы (!) адмяніць усе тое ж самае рашэнне за 2003 год адносна прадстаўлення зямельнага надзелу. Спачатку гэта зрабіў райвыканкам сваім рашэннем ад 31 студзеня 2014 года за нумарам 92. А затым, вобразна кажучы, “кантрольны стрэл” ва ўжо мёртвае 8 гадоў рашэнне за 2003 год зрабілі дэпутаты раённага Савета, якія на сесіі ў траўні 2014 года яшчэ раз адмянілі яго. На гэты раз па рэкамендацыі спецыялістаў Гродзенскага аблвыканкама.

   На падставе апошняга рашэння было зафіксавана спыненне дзяржаўнай рэгістрацыі правоў Яніны Іванаўны на зямельны надзел і яго…існаванне. Вось так 73-гадовая  жанчына-праўдалюб з–за памылак  дзяржаўных органаў стала юрыдычна  беззямельнай.  

   А як жа наконт адказнасці калі не канкрэтных чыноўнікаў, то хаця б арганізацый за дапушчэнне парушэнняў і ўпартае іх непрызнанне? З логікі ж вынікае, што калі дапусцілі памылку, то ініцыюйце выпраўленне за свой кошт. Але дзе там. Як быццам нічога не здарылася – ад Яніны Іванаўны чакаюць паўторнай аплаты за адвод зямлі, памер якой зараз складае больш яе месяцовай пенсіі. Яна стала прасіць органы пракуратуры прад’явіць пазоў у суд у яе інтарэсах аб адмене рэгістрацыі пазбаўлення правоў і ліквідацыі зямельнага надзелу. Абгрунтоўвала тым, што з’яўляецца адзінокім  чалавекам сталага ўзросту, не мае сродкаў, каб наняць адваката.

     Але ацэнкі сітуацыі, якая склалася, органы пракуратуры пазбягаюць. Пракурор Смаргонскага раёна Бутрым У.А. ў адказе ад 5 чэрвеня 2015 года паведаміў, што у інтарэсах грамадзян пракуратура прад’яўляе іскі толькі у выпадках, калі яны самі па якіх-небудзь прычынах не ў стане гэта зрабіць самастойна. У адказе заяўніцы ад 20 ліпеня 2015 года першы намеснік пракурора Гродзенскай вобласці Бурак Э.Э., падтрымліваючы пазіцыю пракурора Смаргонскага раёна Бутрыма У.А., пераконвае заяўніцу, што яна можа звярнуцца ў суд самастойна.

   З гэтага вынікае, што пракуратура лічыць 73-гадовага чалавека здольным прафесійна пастаяць за сябе ў судзе. Пры гэтым супрацоўнік абласной пракуратуры ў адказе на заяву Яніны Іванаўны ні слова не гаворыць пра тое, ці маюцца ў дадзенай сітуацыі прыкметы парушэння правоў чалавека сталага ўзросту. Але Яніну Іванаўну не палохаюць цяжкасці. Яна ўпэўнена, што знойдзе ўправу на вінаватых і даможацца калі не адмены рэгістрацыі пазбаўлення права на зямельны надзел, то бясплатнага выканання работ па новаму адводу зямлі для абслугоўвання спадчыннага дамаўладання і дакладнага адлюстравання ў праваўстанаўліваючых дакументах межаў надзела і размешчаных на ім аб’ектаў. Таму ў жніўні пабывала на прыёме ў старшыні Гарадзенскага аблвыканкама. І той абяцаў разабрацца.

 Зараз Яніна Мароз, не згубіўшы аптымізму за 12 гадоў перапіскі, з нецярпеннем чакае ад гэтай інстанцыі канкрэтных дзеянняў па абароне яе правоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства