viasna on patreon

У ААН прызналі парушэнне правоў светлагорскай апазіцыянеркі Святланы Міхальчанкі

2015 2015-09-14T11:49:34+0300 2015-09-14T11:49:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mihalchanka_sviatlana.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Cвятлана Міхальчанска. Фота svaboda.org

Cвятлана Міхальчанска. Фота svaboda.org

2 верасня бягучага года Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў, што беларускія ўлады парушылі правы актывісткі Светлагорскай раённай арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы мір” Святланы Міхальчанкі на распаўсюд інфармацыі, пакараўшы яе ў 2008 годзе адміністрацыйным штрафам з канфіскацыяй і знішчэннем застаўшыхся пры ёй інфармацыйных бюлетэняў “Выбары-2008” і “Глыток паветра”.

Адпаведнае рашэнне ААН па пошце атрымаў кіраўнік Гомельскага Цэнтру стратэгічных цяжбаў Леанід Судаленка, які прадстаўляў па даверанасці яе інтарэсы ў ААН. На жаль, 66-ці гадовая жанчына рашэння ААНаўскага Камітэту не дачакалася, памёрла некалькі года таму.  

Падчас правядзення ў 2008 годзе парламентскіх выбараў Святлана Міхальчанка з’яўлялася даверанай асобай аднаго з кандыдатаў у дэпутаты тады ад партыі камуністаў Беларускай (зараз Беларуская партыя левых “Справядлівы свет”). Пры распаўсюдзе бюлетэняў яе затрымала міліцыя і абвінаваціла ў тым, што бюлетэнь “Глыток паветра” “забаронены для ўвозу і распаўсюду ў Рэспубліцы Беларусь, паколькі змяшчае звесткі, якія ганьбяць гонар і годнасць Прэзідэнта Беларусі і дзяржаўных органаў".

Старэйшы памошнік пракурора Светлагорскага раёну Таццяна Хрысцюк склала ў дачыненні да Святланы Міхальчанкі адміністрацыйны пратакол, а суддзя суда Светлагорскага раёну Ірына Алісейка пакарала яе буйным адміністрацыйным штрафам з канфіскацыяй і знішчэннем застаўшыхся пры ёй 77 экзэмпляраў інфармацыйнага бюлетэня “Выбары-2008” і 15 экзэмпляраў “Глыток паветра.

У Камітэт ААН Святлана Міхальчанка паскардзілася пасля таго, як не знайшла абароны сваіх правоў унутры краіны.

“Камітэт ААН лічыць, што нават калі санкцыі, якія ўжылі да аўтара, дапушчальныя нацыянальным заканадаўствам, дзяржава ніяк не патлумачыла, чаму яны з'яўляліся неабходнымі з пункту гледжання адной з законных мэтаў, прадугледжаных у артыкуле 19 Пакта”, - пішацца ў рашэнні Камітэта.

Міжнародныя эксперты прыйшлі да высновы, што ў адсутнасці адпаведных тлумачэнняў з боку дзяржавы абмежаванні на карыстанне аўтарам правам на распаўсюд інфармацыі не могуць лічыцца неабходнымі для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, або для забеспячэння павагі правоў іншых асоб. Такім чынам, у дадзеным выпадку правы заяўніка былі парушаныя, а менавіта пункт 2 артыкула 19 Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Таму цяпер беларуская дзяржава абавязана вярнуць Святлане Міхальчанка і сумы штрафаў, і кампенсацыю iншых расходаў па гэтай справе, а таксама прыняць меры для прадухілення падобных парушэнняў у будучыні. Прынятае рашэнне Урад Беларусі павінен апублікаваць у афіцыйных СМІ ў тым ліку і на беларускай мове, а таксама выканаць яго цягам 180 дзён.

Гомельская Вясна

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства