viasna on patreon

Таццяна Караткевіч у Бялынічах паўдзельнічала ў пікетаванні па збору подпісаў у сваю падтрымку (фота)

2015 2015-08-16T02:04:00+0300 2015-08-17T02:09:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialyn-zbor-karat-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прэтэндэнт на вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Таццяна Караткевіч 16 жніўня наведала Бялынічы і разам з чальцамі сваёй ініцыятыўнай групы паўдзельнічала ў пікетаванні па збору подпісаў у падтрымку вылучэння сваёй кандыдатуры.

Мясцовыя чальцы ініцыятыўнай групы Таццяны Караткевіч арганізавалі збор подпісаў шляхам пікетавання за яе вылучэнне кандыдатам спачатку каля крамы “Ру-бон”, а пазней каля бялыніцкага ўніверсама “Ластаўка”. Нягледзячы на выходны дзень, даволі шмат бялынічан падыходзілі і задавалі пытанні патэнцыйнай кандыдатцы ў прэзідэнты. Большасць зададзеных выбаршчыкамі пытанняў тычыліся існуючых у краіне эканамічных праблем, аднак запыталіся ў Таццяны Караткевіч і пра яе стаўленне да таго, што ў Беларусі яшчэ ёсць палітвязні. Патэнцыйная кандыдатка адказала на гэта пытанне, што, калі мы хочам быць дэмакратычнай краінай, то іх не павінна быць наогул, і першае, што патрэбна зрабіць – гэта вызваліць палітвязняў.

Таксама Таццяна Караткевіч выказала ўпэўненасць, што чальцы яе ініцыятыўнай групы назбіраюць неабходныя сто тысяч подпісаў за яе вылучэнне кандыдатам на пасаду прэзідэнта і адзначыла плённую і прафесійную працу сваёй каманды.

Падсумоўваючы свае ўражанні ад наведвання Бялыніч, патэнцыйны кандыдат выказала меркаванне, што прамыя кантакты з выбаршчыкамі павінны быць пастаяннымі і безбар’ернымі для любога палітыка – людзі маюць магчымасць выказвацца пра свае праблемы, задаваць пытанні і атрымліваць на іх канкрэтныя адказы. Таццяна Караткевіч адзначыла тое, што многія грамадзяне лічаць, што павінна быць сапраўдная альтэрнатыва і ахвотна падпісваюцца ў падтрымку вылучэння яе кандыдатуры, прычым гэта робяць не толькі жанчыны з пачуцця “жаночай салідарнасці”, але і ўсе тыя, хто перакананы ў неабходнасці мірных пераменаў.

Зацікавіліся пікетамі ў падтрымку вылучэння Караткевіч з прысутнасцю самой патэнцыйнай кандыдаткі і супрацоўнікі бялыніцкай міліцыі. Міліцэйскі аўтамабіль не аднойчы праехаў каля пікетоўцаў, пастаяў на другім баку вуліцы, аднак ніякіх перашкод пікетаванню супрацоўнікі міліцыі не чынілі.

Таццяна Караткевіч – пакуль адзіная з прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзідэнты РБ, якая наведала Бялынічы і прыняла ўдзел у пікетаванні па збору подпісаў у падтрымку свайго вылучэння падчас гэтай выбарчай кампаніі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства