Прадстаўнікі Праваабарончага цэнтру “Вясна” лічаць абвінавачаньні Міністэрства юстыцыі на адрас арганізацыі беспадстаўнымі і не грунтуючымся на Законе (выступ у судовых спрэчках прадстаўнікоў адказчыка -- ГА “Праваабарончы цэнтр “Вясна”).
Выступ у судовых спрэчках прадстаўнікоў адказчыка па зыску
Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 02.09.2003 г. аб ліквідацыі Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна”
02.09.2003 г. Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь у Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь была накіравана зыскавая заява аб ліквідацыі Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
10.09.2003 г. Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь па зыску Міністэрства юстыцыі была ўзбуджана грамадзянская справа. З зыскавай заявай Міністэрства юстыцыі мы нязгодныя па наступных прычынах:
Грамадскае аб’яднанне “Праваабарончы цэнтр “Вясна” было зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь 15 чэрвеня 1999 г. (пасведчанне аб рэгістрацыі № 00111). Згодна з зыскавай заявай Міністэрства юстыцыі, у выніку праведзенай Міністэрствам юстыцыі праверкі адпаведнасці дзейнасці Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна” патрабаванням заканадаўства і Статута было ўстаноўлена:
1. Пры рэгістрацыі дадзеным аб’яднаннем з боку яго заснавальнікаў дапушчаны парушэнні патрабаванняў артыкула 13 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаннях”, пункта 3 Палажэння, зацверджанага Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26.01.1999 № 2, пункта 2 Правіл, зацверджаных загадам Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 15.05.1995 № 108.
У прыватнасці, аб’яднаннем прадстаўлены дакументы, якія не маюць юрыдычнай сілы (пратакол Устаноўчага схода заснавальнікаў аб’яднання, пратакол Устаноўчага схода па стварэнні Брэсцкага аддзялення, спіс сяброў Рады, спіс сяброў Рэвізійнай камісіі, спіс ініцыятараў Віцебскага, Брэсцкага і Гомельскага аддзяленняў), бо ў названых дакументах маецца шэраг падробленых подпісаў.
Больш за тое, пры рэгістрацыі аб’яднаннем не быў падцверджаны рэспубліканскі статус, чым не выкананы патрабаванні рашэння Рэспубліканскай камісіі па рэгістрацыі (перарэгістрацыі) грамадскіх аб’яднанняў (пратакол № 10/158/4 ад 24.03.1999 г.): не была падцверджана неабходная для дзяржаўнай рэгістрацыі наяўнасць заснавальнікаў адной з чатырох абласцей (па Магілёўскай вобласці прадстаўлена 8 чалавек замест 10).
Па дазеным факце паведамляем наступнае:
Грамадскае аб’яднанне “Праваабарончы цэнтр “Вясна” было створана паводле рашэння Устаноўчага схода, які адбыўся 20 жніўня 1998 г. Ініцыятарамі стварэння аб’яднання выступілі 10 чалавек, што на той момант цалкам адпавядала патрабаванням дзеючага заканадаўства, якое рэгулявала парадак стварэння і рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў. Дакументы былі перададзены на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі, аднак у сувязі з падрыхтоўкай зменаў у заканадаўстве і парадку стварэння і рэгістарцыі аб’яднанняў, рэгістарцыя новаствораных аб’яднанняў была спынена Міністэрствам юстыцыі на нявызначаны тэрмін. Гэта было звязана з прыняццем Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб некаторых мерах па ўпарадкаванні дзейнасці палітычных партый, прафесійных саюзаў, іншых грамадскіх аб’яднанняў” ад 26.01.1999 г. № 2. Варта адзначыць, што рэгістрацыя Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна” была прыпынена больш чым на 8 месяцаў. Так, згодна са штампам Міністэрства юстыцыі на Заяве аб рэгістрацыі аб’яднання, вядома, што дакументы паступілі 15.09.1998 г., да разгляду прыняты 13.03.1999 г., а зарэгістравана аб’яднанне толькі 15 чэрвеня 1999 г. Гэтым Міністэрства юстыцыі парушыла парадак рэгістрацыі аб’яднання, які вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаннях” і п.3 Правіл рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў, зацверджаны загадам Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 15.05.1995 № 108.
Акрамя таго, вясной 1999 г. Міністэрства юстыцыі незаконна, у вуснай форме, спасылаючыся на Дэкрэт Прэзідэнта № 2, пачало патрабаваць для рэгістрацыі Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна” прадастаўлення спісаў заснавальнікаў аб’яднання -- не меньш 10 асобаў ад большасці абласцей Беларусі, завераных уласнымі подпісамі заснавальнікаў.
У той жа час, у Палажэнні аб дзяржаўнай рэгістрацыі (перарэгістрацыі) палітычных партый, прафесійных саюзаў і іншых грамадскіх аб’яднанняў, зацверджаным Дэкрэтам Прэзідэнта ад 26.01.1999 г. № 2, не было ўстаноўлена колькасці сяброў, неабходнай для рэгістрацыі рэспубліканскіх аб’яднанняў. На момант рэгістрацыі Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна” 15 чэрвеня 1999 г. парадак стварэння і рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў рэгуляваўся Законам Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаннях” ад 4 кастрычніка 1994 г., вышэйзгаданым Палажэнем і Правіламі, зацверджанымі Міністрам юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 15.05.1995 № 108. Ніводзін з дадзеных дакументаў не прадугледжваў патрабаванняў аб наяўнасці 10 заснавальнікаў ад большасці абласцей Рэспублікі Беларусь для рэгістрацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання, а таксама прадастаўлення спісаў гэтых занавальнікаў, завераных іх подпісамі.
Патрабаванні аб наяўнасці 10 заснавальнікаў ад большасці абласцей з’явілася ў Законе “Аб грамадскіх аб’яднаннях” (арт.8) толькі пасля ўнясення ў яго адпаведных зменаў 29.11.1999 г. № 327-3. -- г.зн., пасля рэгістрацыі Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Адзіным дакументам, які ўтрымліваў патрабаванні мець не меньш за 10 заснавальнікаў ад большасці абласцей Рэспублікі Беларусь і г. Мінска, і на які спасылаецца ісцец, -- гэта Рашэнне Рэспубліканскай камісіі па рэгістрацыі (перарэгістрацыі) грамадскіх аб’яднанняў (Пратакол № 10/158/4 ад 24.03.1999 г.) Пункт 1.3 дадзенага Рашэння сапраўды ўтрымлівае дадзеную ўмову. Але дадзенае рашэнне нельга разглядаць як нарматыўны акт па некалькіх прычынах. Па-першае, Дэкрэтам № 2 зацверджаны Палажэнне аб рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў і склад Дзяржаўнай камісіі па рэгістрацыі (перарэгістрацыі) грамадскіх аб’яднанняў. Згодна з п.7 Палажэння, дадзеная Камісія дае заключэнні аб магчымасці рэгістрацыі (перарэгістрацыі) грамадскіх аб’яднанняў і накіроўвае дадзеныя заключэнні рэгіструючым органам. Ніякімі паўнамоцтвамі вызначаць парадак рэгістрацыі, уносіць змены ў дзеючае заканадаўства Камісія не надзялялася і не надзелена дагэтуль, ніводны дзеючы на момант 1999 г. і на сённяшні дзень нарматыўны акт не ўтрымлівае. Рашэнні, якія прымаюцца Камісіяй, не рэгіструюцца ў Дзяржаўным рэестры нарматыўна-прававых актаў Рэспублікі Беларусь, не даступны для грамадзян і грамадзкіх аб’яднанняў. Гэта ж датычыцца і Рашэння, на якое спасылаецца ісцец. Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб нарматыўна-прававых актах Рэспублікі Беларусь”, нарматыўна прававы акт — афіцыйны дакумент устаноўленай формы, які прыняты (выдадзены) у межах кампетэнцыі ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа (службовай асобы) альбо шляхам рэферэндума з выкананнем устаноўленай заканадаўствам Рэспублікі Беларусь працэдуры, які ўтрымлівае агульнапрынятыя правілы паводзінаў, разлічаныя на невызначанае кола асобаў і неаднаразовае выкарыстанне. Згодна з арт. 7 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з Канстытуцыяй актамі заканадаўства.
Нарматыўныя акты дзяржаўных органаў друкуюцца ці даводзяцца да агульнага ведама іншым прадугледжаным законам шляхам.
Такім чынам, патрабаванні Міністэрства юстыцыі аб прадастаўленні завераных подпісамі спісаў 10 заснавальнікаў ад большасці абласцей Рэспублікі Беларусь не насілі законны і абавязковы да выканання характар.
Таксама варта адзначыць той факт, што, згодна з арт. 3.3.4. Статута Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Агульны сход лічыцца правамоцным, калі на ім прысутнічаюць больш за палову сяброў аб’яднання. На Устаноўчым сходзе Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна” ад 20 жніўня 1998 г. прысутнічала 10 чалавек, у той час, як згодна з пададзенымі пазней спісамі, аб’яднанне налічвала 50 сяброў. Іншых Устаноўчых сходаў, якія б афармляліся адпаведнымі пратаколамі і на якіх выбіраліся б кіруючыя органы аб’яднання, Грамадскім аб’яднаннем “Праваабарончы цэнтр “Вясна” не праводзілася.
Акрамя таго, згодна з арт. 7 Дэкрэта № 2, пасля вывучэння прадстаўленых для дзяржаўнай рэгістрацыі матэрыялаў рэгіструючы орган накіроўвае іх у Рэспубліканскую камісію па рэгістрацыі (перарэгістрацыі) грамадскіх аб’яднанняў, якая ў 5-дзённы тэрмін з моманту атрымання матэрыялаў дае заключэнне аб магчымасці рэгістрацыі аб’яднання і накіроўвае яго рэгіструючаму органу.
Рашэнне аб дзяржаўнай рэгістрацыі грамадскага аб’яднання прымаецца рэгіструючым органам на падставе заключэння Рэспубліканскай камісіі па рэгістрацыі (перарэгістрацыі) грамадскіх аб’яднанняў. У Рашэнні, на якое спасылаецца ісцец, у п.2.2 даецца такое Заключэнне па шэрагу грамадскіх аб’яднанняў. Адпаведна, па рэгістрацыі Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна” таксама прымалася такое Заключэнне, якое пазней накіроўвалася Міністэрству юстыцыі, і на падставе якога апошняе прымала рашэнне аб рэгістрацыі аб’яднання. Варта адзначыць, што дадзенае Рашэнне не даводзілася да ведама арганізацыі, не з’яўлялася галосным. Згодна з п.10 гэтага ж Палажэння, рашэнне аб адтэрміноўцы рэгістрацыі аб’яднання на тэрмін да 1 месяца можа быць прынята ў сувязі з парушэннем парадка стварэння аб’яднання.
Пры ліквідацыі прычын, якія паслужылі падставай для адтэрміноўкі дзяржаўнай рэгістрацыі, паўтораная заява аб дзяржаўнай рэгістрацыі разглядаецца ў парадку, прадугледжаным дадзеным Палажэннем. Міністэрствам юстыцыі прымался рашэнне аб адтэрміноўцы рэгістрацыі аб’яднання на 1 месяц (ліст ад 15.03.1999 г. № 04/3862) і быў дадзены месячны тэрмін для ліквідацыі недахопаў. Ліст Міністэрства юстыцыі з прапановай ліквідаваць недахопы накіроўваўся на адрас арганізацыі паўторна 26.05.1999 г. Усе выказаныя заўвагі былі выпраўлены. Міністэрства юстыцыі прыняло рашэнне аб рэгістрацыі і выдала Пасведчанне аб рэгістарцыі. Пры гэтым ніякіх заўваг да подпісаў у прадастаўленых аб’яднаннем спісах Міністэрствам юстыцыі не выказвалася.
Такім чынам, Міністэрства юстыцыі парушыла прадугледжаны парадак рэгістрацыі аб’яднання: правяло рэгістрацыю аб’яднання з парушэннямі патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаннях”, іншых нарматыўных актаў, п.3.3.4. Статута.
У сувязі з гэтым мы лічым, што, паколькі законнай неабходнасці ў прадастаўленні для дзяржаўнай рэгістрацыі 50 ініцыятараў стварэння аб’яднання не было, не можа быць і гаворкі аб падробленых подпісах у гэтых спісах. Нельга парушыць тое, што не прадугледжана законам.
Акрамя таго, наша аб’яднанне неаднаразова падцвярджала свой рэспубліканскі статус, прадастаўляючы спісы сяброў аб’яднання па запатрабаванні рэгіструючага органа, у тым ліку і падчас апошняй праверкі. Мы і зараз гатовы прадаставіць усе спісы нашых сяброў, завераныя іх подпісамі, што цалкам адпавядае п.2 арт. 57 ГК Рэспублікі Беларусь.
На сёння аб’яднанне мае больш за 50 сяброў, у тым ліку 10 чалавек у Магілёўскай вобласці.
16 мая 2003 г. Устаноўчым сходам было створана Магілёўскае абласное аддзяленне Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна”, якое было зарэгістравана Упраўленнем юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму (пасведчанне аб рэгістрацыі № 07-058 ад 27 чэрвеня 2003 г.).
Не знайшлі свайго падцвярджэння ў судовым паседжанні выкладзеныя ў зыску Міністэрства юстыцыі факты падробкі ўстаноўчых дакументаў (пратакола Устаноўчага сходу заснавальнікаў аб’яднання, пратакола Устаноўчага сходу па стварэнні Брэсцкага аддзялення, спіс сяброў Рады, спіс сяброў Рэвізійнай камісіі, спісы ініцыятараў Віцебскага, Брэсцкага і Гомельскага аддзяленняў).
Што датычыцца пратаколаў устаноўчых сходаў абласных аддзяленняў, то яны не маюць ніякай юрыдычнай сілы, бо, згодна са Статутам аб’яднання, рашэнне аб стварэнні аддзяленняў прымаецца Радай аб’яднання. Згодна з п.2 арт. 47 ГК Рэспублікі Беларусь, арганізацыя лічыцца створанай з моманту яе дзяржаўнай рэгістрацыі. На момант правядзення дадзеных сходаў (Віцебскага, Гомельскага, Брэсцкага аддзяленняў) не было зарэгістравана само Грамадскае аб’яднанне “Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Дадзеныя пратаколы ў адпаведныя Упраўленні юстыцыі аблвыканкамаў не падаваліся, -- адпаведна, не цягнулі за сабой далейшай рэгістрацыі. Усе абласныя аддзяленні Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна” ствараліся толькі па рашэнні Рады аб’яднання і праводзілі свае Устаноўчыя сходы значна пазней, пасля афіцыйнай рэгістрацыі аб’яднання. Пратаколы менавіта гэтых Устаноўчых сходаў падаваліся пазней ва Упраўленні юстыцыі, дзе і адбывалася рэгістрацыя дадзеных аддзяленняў у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
У судовым паседжанні ў якасці сведак было дапытана 15 чалавек, подпісы якіх, на думку істца, былі падробленымі. Усе дапытаныя ў якасці сведак асобы пад пагрозай крымінальнай адказнасці за дачу ілжывых паказанняў падцвердзілі факт таго, што подпісы былі ўчынены імі вясной 1999 г. дабраахвотна і ўласнаручна ў спісах ініцыятараў стварэння аб’яднання, пратаколах устаноўчых сходаў абласных аддзяленняў. Усе сведкі падцвердзілі суду, што з’яўляліся ці з’яўляюцца сябрамі Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Адваротнага ў судовым паседжанні даказана не было, экспертыза не праводзілася.
Прадастаўленае істцом у судовым паседжанні Заключэнне спецыяліста нельга разглядаць у якасці доказа па справе. З чым, дарэчы, пагадзіўся і прадстаўнік пракуратуры, які адзначыў, што не супраць далучэння Заключэння да справы, але не ў якасці экспертызы, а толькі ў мэтах спрашчэння допыта сведак. Сапраўды, дадзены дакумент не з’яўляецца экспертным заключэннем, паколькі не адпавядае патрабаванням ГПК Рэспублікі Беларусь. Дадзены дакумент не з’яўляецца доказам па справе, а з’яўляецца прыватным меркаваннем спецыяліста. Суд не ўпаўнаважваў дадзенага спецыяліста рабіць якія-небудзь заключэнні, у судовае паседжанне не выклікаў і не дапытваў. Адпаведна, дадзены спецыяліст не з’яўляецца ўдзельнікам працэса, і ягоны статус не адпавядае патрабаванням арт. 99, 100, 101 ГПК Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, дадзенае Заключэнне не агучвалася ў судовым паседжанні ў якасці пісьмовых доказаў па справе.
Згодна з арт. 181 ГПК Рэспублікі Беларусь, факты, якія па законе павінны быць падцверджаны з дапамогай пэўных сродкаў даказвання, не могуць падцвярджацца ніякімі іншымі сродкамі даказвання.
Згодна з арт. 240 ГПК Рэспублікі Беларусь, у аснову рашэння па справе могуць быць пакладзены толькі доказы, па якіх была здзейснена ўсебаковая і аб’ектыўная праверка.
Згодна з арт. 241 ГПК Рэспублікі Беларусь, суд ацэньвае доказы па сваім ўнутраным перакананні, якое заснавана на ўсебаковым, поўным і аб’ектыўным даследванні ў судовым паседжанні ўсіх уваходзячых у прадмет даказвання фактаў, кіруючыся пры гэтым толькі законам.
Кожны доказ ацэньваецца з пункту гледжання адноснасці, дапусцімасці, а ўсе доказы ў сукупнасці -- таксама з пукту гледжання дастатковасці для разгляду справы.
У сувязі з гэтым мы лічым, што ў судовым паседжанні не знайшоў падцверджання факт падробкі подпісаў у дакументах, прадастаўленых аб’яднаннем у рэгіструючы орган для дзяржаўнай рэгістрацыі. Адпаведна, дадзеныя дакументы нельга прызнаць не маючымі юрыдычнай сілы, як і нельга казаць аб тым, што Грамадскім аб’яднаннем “Праваабарончы цэнтр “Вясна” былі дапушчаны парушэнні закона падчас яго рэгістрацыі. Такім чынам, не можа весціся размовы аб ліквідацыі аб’яднання ў адпаведнасці з падпунктам 2 пукта 2 арт. 57 ГК Рэспублікі Беларусь і арт. 29 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаннях”.
2. Ісцец сцвярджае, што аб’ядннаем быццам бы не выконваюцца патрабаванні арт. 72 ГК Рэспублікі Беларусь, арт. 22 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’ядннанях” і п. 2.1 Статута: у якасці грамадскага абаронцы аб’яднанне звярталася ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь аб прадстаўленні і абароне правоў і законных інтарэсаў грамадзян, якія не з’яўляліся яго членамі.
Як доказ дадзенага факта ў матэрыялах справы фігуруе копія ліста Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 13.09.1999 г. № 01-2387. Зыходзячы з гэтага ліста, справа датычыцца працэса, якія адбываўся ў Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь па крымінальнай справе ў адносінах да былога Міністра сельскай гаспадаркі Лявонава В.С.
Адносна дадзенага факту паведамляем наступнае:
Артыкулам 249 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь ад 29.12.1960 (страціў сілу з 1.01.2001 г.). прадугледжваўся ўдзел прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і працоўных калектываў у судовым разбіральніцтве. Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і працоўных калектываў маглі быць па вызначэнні суда, пастанове суддзі дапушчаны да ўдзелу ў судовым разбіральніцтве крымінальных спраў у якасці грамадскіх абвінаваўцаў ці грамадскіх абаронцаў.
Таксама хацелася б звярнуць увагу суда на тое, што, згодна са Статутам аб’яднання (зарэгістраваным Мінюстам 15 чэрвеня 1999 г.), адной з асноўных мэт аб’яднання з’яўляецца абарона правоў і прадстаўленне законных інтарэсаў у дзяржаўных, гаспадарчых і грамадскіх органах і арганізацыях сваіх сяброў (удзельнікаў). Абарона правоў іншых грамадзян ажыццяўляецца толькі ў выпадках і парадку, прадугледжаным дзеючым заканадаўствам. Арт. 249 КПК прадугледжваў такую магчымасць, як і сёння ГПК прадугледжвае магчымасць удзела ў грамадзянскіх справах прадстаўнікоў грамадскасці.
Акрамя таго, згодна з п. 2.3 Статута ў рэдакцыі 1999 г,. метадамі дзейнасці аб’яднання былі: аказанне прававой, кансультацыйнай, інфармацыйнай і іншай неабходнай дапамогі асобам, якія звярнуліся ў Грамадскае аб’яднанне “Праваабарончы цэнтр “Вясна” (у новай рэдакцыі Статут быў зацверджаны Мінюстам 7.02.2001 г.).
Таксама хацелася б звярнуць увагу суда на яшчэ адну акалічнасць. Згодна з арт. 8 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрынятых прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства.
Згодна з арт. 1 “Дэкларацыі аб праве і абавязку некаторых асоб, груп і органаў грамадскасці заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды” (прынята рэзалюцыяй 53/144 Генеральнай Асамблеі ААН 9.12.1998 г.), кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыццяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнародным узроўнях. Згодна з падпункам с) п.3 арт. 9 дадзенай Дэкларацыі, кожны чалавек, індывідульна і сумесна з іншымі, мае права прапаноўваць і прадастаўляць прафесійную кваліфікаваную прававую дапамогу ці іншыя адпаведныя кансультацыі і дапамогу ў справе абароны правоў чалавека і асноўных свабод.
Такім чынам, мы лічым, што Грамадскае аб’яднанне “Праваабарончы цэнтр “Вясна” мела поўнае законнае права на вылучэнне ў крымінальны працэс па справе Лявонава грамадскага абаронцы з мэтай дачы ацэнкі дадзенаму працэсу з пункту гледжання праваабарончых арганізацый, беларускай грамадскасці. Дадзены працэс меў шырокі грамадскі рэзананс, міжнародныя і беларускія праваабарончыя арганізацыі лічылі яго палітычна матываваным. Наша аб’яднанне пагаджалася і зараз пагаджаецца з гэткай ацэнкай, і таму ў мэтах абароны правоў чалавека, падсуднага Лявонава, аб’яднанне звярнулася ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь з лістом-хадайніцтвам аб магчымасці ўдзела ў дадзеным працэсе ў якасці грамадскага абаронцы свайго прадстаўніка. Аднак Вярхоўны Суд не пагадзіўся з выказанай намі ў лісце пазіцыяй і адмовіў аб’яднанню ў праве вылучэння свайго прадстаўніка ў якасці грамадскага абаронцы. Мы не пагадзіліся і зараз не згодны з пазіцыяй, якую выказаў у лісце Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, аднак вымушаны былі прыняць яе да ведама. Рашэнне Рады аб накіраванні грамадскага абаронцы, як гэтага патрабаваў арт. 249 КПК, не прымалася. Паколькі прадстаўнік аб’яднання не быў дапушчаны да ўдзела ў працэсе, адпаведна, ён не набыў статус грамадскага абаронцы ў працэсе (прадстаўнік грамадскага аб’яднання атрымлівае статус грамадскага абаронцы толькі пасля задавальнення вызначэннем суда адпаведнага хадайніцтва). Факта прадстаўлення інтарэсаў Лявонава ў судзе таксама не было. Такім чынам, дадзенае абвінавачанне Мінюста з’яўляецца неабгрунтаваным і надуманым.
Што тычыцца парушэнняў арт. 72 ГПК Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам юстыцыі ў зыскавай заяве не прыведзена ніводнааг факта ўдзела прадстаўніка Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна” у якасці прадстаўнікоў у грамадзянскіх працэсах.
Такім чынам, мы лічым, што фактаў парушэння арт.арт. 48, 72 ГПК Рэспублікі Беларусь, арт. 72 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаннях” і п. 2.1 Статута з боку Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна” не было.
3. Адным з парушэнняў, указаных у зыску Міністэрства юстыцыі – нестварэнне на тэрыторыі г. Мінска арганізацыі (аддзялення), чым, на думку Мінюсту, аб’яднанне парушыла патрабаванні арт. 3.1 Статута аб’яднання.
Згодна з п. 3.1 Статута, Грамадскае аб’яднанне “Праваабарончы цэнтр “Вясна” складаецца з рэгіянальных арганізацый (аддзяленняў). Рэгіянальныя арганізацыі (аддзяленні) ствараюцца па тэрытарыяльнай прыкмеце ў Рэспубліцы Беларусь пры наяўнасці не меньш 10 (3) сяброў Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Дадзены пункт Статута абумоўлівае тую арганізацыйную схему, якую можа мець грамадскае аб’яднанне. Выхад з межы дадзенага палажэння Статута немагчымы. Дадзены пункт Статута таксама не нясе ў сабе імператыўныя функцыі па абавязковым стварэнні дадзеных арганізацыйных структур.
Наша грамадскае аб’яднанне на працягу сваёй дзейнасці стварала і рэгістравала ў вызначаным законам парадку свае рэгіянальныя аддзяленні. Так, на дадзены момант зарэгістраваны Магілёўскае, Брэсцкае, Віцебскае, Гомельскае абласныя аддзяленні нашага грамадскага аб’яднання, а таксама Пінскае, Мазырскае і Баранавіцкае гарадскія аддзяленні. На дадзены момант таксама знаходзіцца ў працэсе рэгістрацыі шэраг рэгіянальных аддзяленняў грамадскага аб’яднання.Зыходзячы з таго, што наша грамадзкае аб’яднанне па сваёй тэрыторыі дзейнасці з’яўляецца рэспубліканскім і можа ажыццяўляць дзейнасць на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, рашэнне аб стварэнні Мінскага гарадскога аддзялення Радай аб’яднання не прымалася, улічваючы тое, што юрыдычны адрас аб’яднання знаходзіцца ў Мінску, а адсутнасць гарадскога аддзялення не абмяжоўвае дзейнасць на тэрыторыі г. Мінска.
Згодна з п. 3.4.3 Статута, прыняцце рашэнняў аб стварэнні аддзяленняў Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна” і наданні ім правоў юрыдычнай асобы, а таксама аб іх ліквідацыі адносіцца да кампетэнцыі Рады аб’яднання.
Грамадскае аб’яднанне мае прадстаўніцтва ў большасці абласцей Беларусі, патрабаванняў ствараць аддзяленні ў абавязковым парадку заканадаўствам не прадугледжана і з’яўляецца прэрэгатывай Рады аб’яднання.
Таксама трэба адзначыць, што прадстаўнік істца беспадстаўна сцвярджае, што яму толькі ў працэсе праверкі рэгіянальных аддзяленняў у 2003г. стала вядома аб парушэнні ў выглядзе нерэгістрацыі ў адпаведным парадку Мінскага гарадскога аддзялення аб’яднання. Аднак у працэсе праверкі дзейнасці аб’яднання за перыяд 2001-2002 гг. Міністэрству юстыцыі Рэспублікі Беларусь паведамлялася аб усіх зарэгістраваных рэгіянальных аддзяленнях, што знайшло сваё адлюстраванне ў даведцы па выніках праверкі за перыяд 01.08.2001г. – 01.08.2002г. У дадзенай даведцы пералічаны ўсе рэгіянальныя аддзяленні аб’яднання. Адсутнасць аддзяленняў у якім-небудзь рэгіёне тады не выклікала ў міністэрства пярэчанняў. Лічым, што дадзенае абвінавачанне беспадстаўнае, не грунтуецца на законе і Статуце і не можа з’яўляцца падставай для ліквідацыі грамадскага аб’яднання.
4. У іскавой заяве ісцец сцвярджае, што грамадскім аб’яднаннем былі парушаны патрабаванні выбарчага заканадаўства. Як на доказ дадзенага факта ісцец спасылаецца на Пастанову Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў ад 08.09.2001г.
Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь нашаму аб’яднанню было вынесена папярэджанне 28.08.2001г. за быццам бы меўшае месца парушэнне працэдуры запаўнення пратаколаў паседжання Рады пры вылучэнні назіральнікаў падчас выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Дадзенае папярэджанне мы лічым нематываваным. Таксама трэба адзначыць, што яно было вынесена раней, чым прынята Пастанова Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь і не за выкладзеныя ў ёй парушэнні. Пасля вынясення Цэнтральнай камісіяй указанай Пастановы Міністэрства юстыцыі не выносіла папярэджання Грамадскаму аб’яднанню “Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
У адпаведнасці з п.2 артыкула 29 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаннях”, для закрыцця грамадскага аб’яднання неабходна паўторнае парушэнне, здзейсненае на працягу года з моманту атрымання папярэджання. Наша грамадскае аб’яднанне са жніўня 2001г. не атрымлівала папярэджанняў з боку ўпаўнаважаных законам органаў. На працягу ўжо двух гадоў з моманту вынясення апошняга папярэджання наша грамадскае аб’яднанне не парушала выбарчае заканадаўства, пра што сведчаць праверкі ў жніўні 2002г. і праверка 2003г., якія не зафіксавалі парушэнняў парадку вылучэння назіральнікаў. Зыходзячы з гэтага, спасылка істцом на Пастанову Цэнтральнай камісіі і папярэджанне Міністэрства юстыцыі ў 2001г. не можа з’яўляцца падставай для ліквідацыі грамадскага аб’яднання, паколькі адсутнічае паўторнасць і аднароднасць парушэнняў на працягу года. Таму, улічваючы вышэйсказанае, нельга лічыць, што Пастанова Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь, якая мела месца ў 2001г., з’ўляецца падставай для прыняцця рашэння аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання.
5. Адной з падставаў для ліквідацыі грамадскага аб’яднання істцом указваецца парушэнне пп. 4.5, 5.1 Статута грамадскага аб’яднання, а менавіта -- неажыццяўленне збору сяброўскіх складак.
Радай грамадскага аб’яднання ў 1999г. было прынята рашэнне, якое, у адпаведнасці з п.3.4.3. Статута, вызначыла парадак і памер збору сяброўскіх складак. Прыняўшы дадзенае рашэнне, грамадскае аб’яднанне выканала патрабаванне Статута. Выкананне дадзенага рашэння было ўскладзена на старшынь рэгіянальных аддзяленняў грамадскага аб’яднання. Неаднаразова старшыні аддзяленняў выказвалі немагчымасць выканання рашэння Рады, сыходзячы з цяжкага матэрыяльнага становішча сяброў аб’яднання. На паседжанні Рады 30.04.2003г. (пратакол №003) было прынята рашэнне аб вызначэнні новага памеру і парадку выплаты сяброўскіх складак, пачынаючы са студзеня 2004г. Дадзены пратакол был прадастаўлены ў Міністэрства юстыцыі ў працэсе апошняй праверкі ў ліпені- жніўні 2003г.
Сцвярджэнне прадстаўніка істца аб вызваленні сяброў аб’яднання ад збору складак абвяргаецца пратаколам Рады аб’яднання ад 30.04.2003г. за №003. Трэба адзначыць, што дадзены пратакол Рады быў аформлены задоўга да з’яўлення іска Міністэрства юстыцыі.
Радай грамадскага аб’яднання ў 1999г. быў зацверджаны парадак і памер збору сяброўскіх складак. Тое, што сябры аб’яднання не выплочвалі сяброўскіх складак, не ўказвае на парушэнні заканадаўства і Статута з боку ўсяго аб’яднання. Мела месца невыкананне норм Статута з боку сяброў аб’яднання. Дадзены факт таксама падцвярджаецца і паказаннямі сведкі Паўлава, які з’яўляецца старшынёй Віцебскага абласнога аддзялення аб’яднання. У сваіх паказаннях ён падцвердзіў факт наяўнасці рашэння Рады аб’яднання ў 1999г. і немагчымасці збору складак у сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам сяброў аб’яднання.
Трэба адзначыць, што не адпавядаюць рэчаіснасці сцверджанні прадстаўніка істца аб тым, што толькі ў ходзе праверкі аб’яднання ў 2003г. быў устаноўлены факт адстутнасці збору сяброўскіх складак. Так, у ходзе праверкі ў 2002г. у Міністэрства юстыцыі накіроўвалася паведамленне аб адсутнасці збору складак. У сваім заключэнні па ходзе дадзенай праверкі Міністэрства юстыцыі ўказала, што фінансавая справаздачнасць аб’яднання адбываецца строга ў межах заканадаўства і Статута, што сведчыць аб надуманасці і беспадстаўнасці абвінавачанняў, выкладзеных у іскавай заяве. Просім суд улічыць, што за дадзенае парушэнне, нават калі яго і лічыць такім, не можа прымацца рашэнне аб ліквідацыі аб’яднання, паколькі мы ніколі не атрымлівалі папярэджання за фактычную адсутнасць збору сяброўскіх складак (няма парушэння, прадугледжанага арт.29 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаннях”). Таксама артыкул 57 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь не прадугледжвае ліквідацыі юрыдычнай асобы за падобныя парушэнні.
Яшчэ раз звяртаем увагу суда, што грамадскім аб’яднаннем выкананы нормы Статута і прынята рашэнне аб выплаце сяброўскіх складак, а фактычная адсутнасць такога збору ажыццяўляецца не па віне ўсяго аб’яднання, а ў сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам яе сяброў. Такім чынам, дадзенае абвінавачанне лічым беспадстаўным, не грунтуючымся на Законе, што не можа цягнуць за сабой ліківдацыю нашага грамадскага аб’яднання.
Такім чынам, зыходзячы з вышэйсказанага, просім:
1. У зыску Міністэрству юстыцыі Рэспублікі Беларусь аб ліквідацыі Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна” адмовіць.
Прадстаўнікі адказчыка:
А. Бяляцкі _____________
В. Стэфановіч___________
У. Лабковіч _____________