Гродзенскі журналіст Андрэй Мялешка просіць міліцыю знайсці інтэрнэт-паклёпнікаў
11 жніўня гродзенскі журналіст-фрылансер Андрэй Мялешка падаў пісьмовую заяву ў аддзел унутраных спраў Кастрычніцкага раёну Гродна з просьбай высветліць асобу ці асоб, якія распаўсюджваюць у інтэрнэце на сайце stopopp.com абразы і паклёпныя выказванні на яго адрас. Андрэй Мялешка просіць прыцягнуць выяўленых асоб да адміністрацыйнай адказнасці паводле артыкулу 9.2 КаАП Рэспублікі Беларусь. Дадзены артыкул прадугледжвае штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь за паклёп.
Маёр Скуратаў, які прымаў заяву ў Андрэя Мялешкі, паведаміў журналісту, што калі будзе даказана, што дзеянні асоб у дачыненні да Андрэя Мялешкі маюць публічны характар – не выключана і распачынанне крымінальнай справы з прыцягненнем вінаватых да адказнасці. Папярэдні адказ з міліцыі Андрэю Мялешку абяцалі даць цягам дзесяці дзён.
Ананімны сайт stopopp.com, які невядома каму належыць, спецыялізуецца пераважна на паліванні брудам і абразах гродзенскіх грамадскіх актывістаў і прадстаўнікоў дэмакратычных партый.