“Закрыцьцё “Вясны” – гэта не звычайная справа па закрыцьці арганізацыі, якая парушае беларускае заканадаўства ці не працуе і не выконвае свой статут. Мы заканадаўства не парушалі. Мы адкрытыя, мы ўвесь час хочам, каб нас пачулі і прыслухаліся да нашага голасу. Мы ўвесь час працягвалі руку да супрацоўніцтва, у якую нам ўсунулі вось гэты зыск. Нашая справа мае палітычны кантэкст”, -- заявіў падчас судовых спрэчак старшыня Рады Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі (цалкам выступ А. Бяляцкага).
Высокі суд!
На маю думку існуе 2 узроўні ацэнкі зыску мін юстыцыі. Першую, фактычную ацэнку яму далі мае калегі па “Вясьне”.
Я хацеў бы зьвярнуць увагу на тую атмасфэру ўзаемаадносінаў міністэрства юстыцыі і няўрадавых арганізацыяў, якая існуе на сёньня. Няўрадавымі арганізацыямі неаднаразова прапаноўваўся дыялог міністэрству. Былі неаднаразовыя спробы наладзіць нармальныя, дзелавыя кантакты, пад час якіх можна было б высьветліць і ўладзіць спрэчныя моманты. У канцы мінулага году некалькі няўрадавых арганізацыяў выступілі з адкрытым лістом у бок міністэрства юстыцыі, дзе выказвалася занепакоенасьць тымі метадамі працы ды і самім падыходам да існаваньня няўрадвых арганізацыяў з боку міністэрства. А тэндэнцыі такія – амаль поўнае прыпыненьне рэгістрацыі няўрадавых арганізацыяў, нечувана высокі кантроль за справаводствам і, ў выніку, сотні папярэджаньняў за коскі, кропкі і двухкосьсі, праблемы з атрыманьнем юрыдычных адрасоў няўрадавымі арганізацыямі.
У выніку, на Каляды летась у нас адбылася сустрэча з міністрам Галаванавым, дзе мы выказалі занепакоенасьць, у тым што міністэрства юстыцыі паступова пераўтвараецца з пасярэдніка паміж уладамі і няўрадавымі арганізацыямі, які павінен улічваць інтарэсы ня толькі ўладаў, але і няўрадавых арганізацыяў таксама, у жандара, пры чым далёка не мудрага, з якога ўжо за гэтыя коскі і кропкі сьмяяўся і працягвае сьмяяцца ўвесь сьвет. Бо нармальнаму замежнаму грамадзяніну, пры чым бяз розьніцы ўжо, адкуль ён – з усходу ці з захаду, не растлумачыш, што “Вясна” атрымала папярэджаньне за тое, што на пячатцы слова “Праваабарончы” было напісана з малой літары. Ды якая розьніца, падумае нармальны чалавек – ці ад гэтага праца “Вясны” стане больш ці менш дзейснай? Ці гэта такі сур’ёзны праступак, які варты ня вуснай заўвагі, а фактычна, афіцыйнага пакараньня арганізацыі? І існаваньне такога папярэджаньня, дарэчы, з боку міністэртва, мы гэта з вамі чулі пад час працэсу, зьяўляецца адным з камянёў, які навесілі “Вясьне” на шыю, каб нас утапіць.
Але пасьля сустрэчы сітуацыя толькі пагоршылася. Прынамсі дзьве з чатырох няўрадавых арганізацыяў, якія сустракаліся з міністрам – гэта “Прававая дапамога насельніцтву” і “Вясна” сёлета атрымалі зыскі ў суд і “Прававая дапамога” ўжо юрыдычна не існуе. А сьпіс актыўных, рэальна існуючых і працуючых няўрадавых арганізацыяў, зьнішчаных міністэрствам ці абласнымі ўпраўленьнямі юстыцыі няўхільна расьце.
Не дапамаглі ні адкрытыя звароты некалькіх дзесяткаў НДА да міністэрства юстыцыі спыніць фактычны разбой. Не дапамаглі і круглы стол, праведзены улетку па пытаньнях узаемаадносінаў няўрадавых арганізацыяў і міністэрства юстыцыі, а таксама іншых урадавых органаў, якія маюць стасункі з няўрадавымі арганізацыямі, і на якім, дарэчы, прысутнічаў начальнік упраўленьня міністэрства юстыцыі, начальнік сп.Фішкінай – Сухінін. І арганізацыя вядучай круглага стала – Алены Танкачовай – “Незалежнае таварыства прававых дасьледваньняў”, атрымала тры чорныя меткі – тры папярэджаньні і фактычна, стала ў чаргу на ліквідацыю.
Не дарэмна, сярод актывістаў няўрадавых арганізацыяў такі працэс стасункаў міністрэства з НДА атрымаў вядомы з чачэнска-расійскай вайны тэрмін – “зачыстка”.
Ужо амаль 10 гадоў таму быў прыняты Закон аб няўрадавых арганізацыях, які ўпарадкоўваў стасункі паміж NGO і уладамі. Пры чым Закон быў прыняты самімі ўладамі, каб ведаць – што робіцца ў трэцім сектары, хто там існуе, якіпя ёсьць патрэбы. А зараз гэта ўсё бурыцца, нішчыцца, пляжыцца і пляндруецца. І робіць гэта – міністэрства юстыцыі.
Няўрадавыя арганізацыі зноў, як і пры камуністах, заганяюцца ў падпольле, а ўлады бачаць у іх не партнера ў грамадзкіх узаемадачыненьнях, а суперніка і нават ворага, якога неабходна зьнішчыць.
Прыколад “Вясны” – тут проста клясычны.
Высокі суд, абвінавачваньні міністэрства юстыцыі супраць “Вясны” не вытрымліваюць ніякай крытыкі. За апошнія два гады “Вясна” умудрылася не атрымаць аніводнага папярэджаньня, дык тады выкарысталі супраць яе грамадзянскі кодэкс.
Правяраючыя такім чынам прачыталі статут, у частках, датычных сяброўскіх складак і рэгіянальных арганізацыяў, што так і хочацца адразу згадаць “Пінскую шляхту”, дзе асэсар, кажучы словамі аднаго з герояў п’есы, “чырвонае ў белае – усё перадзелае”.
Згадалі папярэджаньні за ўдзел “Вясны” у выбарчай кампаніі. Добра, калі ўлады, яе так добра правялі, а “Вясна” была такая кепская, так парушала заканадаўства, дык чаму ж тады гэтыя выбары ніхто не прызнаў? Як так зрабілася, што толькі ў адной Беларусі з больш чым 50-ці сяброў АБСЕ, цытую з справаздачы місіі АБСЕ па назіраньні за выбарамі, “Прэзідэнцкія выбары 2001 года не адпавядалі абавязкам па АБСЕ адносна дэмакратычнасьці выбараў, сфармуляваных у Капенгагенскім дакумэнце 1990 года і стандартам Рады Эўропы”. У гэтай жа справаздачы напісана, што “ на апошнім этапе перадвыбарчага перыяду міністэрства юстыцыі высунала абвінавачваньні ў парушэньні парадку вылучэньня назіральнікаў супраць ПЦ “Вясна”, аднаго з вядучых грамадзкіх аб’яднаньняў “Незалежнага назіраньня”. “Вясна” і 7 іншых НДА атрымалі папярэджаньні за такія, як быццам бы маючыя месца парушэньні. 8 верасьня за дзень да выбараў на паседжаньні ЦВК , якое разглядала дадзеныя пытаньні Кіраўнік “Вясны” прапанаваў зьняць праблему да вечара гэтага самага дня, але прапанова была адхіленая. У выніку Цэнтральнай выбарчай касмісіяй была ануляваная акрэдытацыя каля 2 тысячаў назіральнікаў да “Вясны”.
А тое, што міністэрства юстыцыі пераблытала Паралельны падлік галасоў з апытаньнем на выхадзе (экзітпулам) і зрабіла некалькі публічных заяваў на гэты конт, паказаўшы сваю некампетэнтнасьць? Хто за гэта будзе рабіць вам папярэджаньні, шаноўныя “спецыялісты”?
Адна з прычынаў закрыцьця “Вясны”, па версіі міністрэства юстыцыі -- парушэньне заканадаўства падчас выбараў, а тое што сябры “Вясны” у апошнія гады праводзілі назіраньне пад час выбараў у Сербіі, Швецыі, Польшчы, Эстоніі, Славакіі, Азербайджане (літаральна зараз). Тое, што 6 сяброў “Вясны” былі ў ліку арганізатараў-супервайзераў выбараў у Косаве ў 2001 годзе, тое, што мы маем каштоўны міжнародны вопыт і аўтарытэт у правядзеньні выбараў і назіраньні за выбарамі – гэта міністэрства юстыцыі робіць выгляд, што не заўважае.
Праз масавае зьняцьце назіральнікаў ад “Вясны” за дзень да выбараў вылезла кепска прыхаванае жаданьне ўладаў схаваць праўду ад беларускіх грамадзянаў, ад міжнароднай супольнасьці, праўду пра масавыя фальсіфікацыі, пра страшна недасканалае заканадаўства, якое дазваляе маніпуляваць галасамі выбаршчыкаў.
Можа дзеля гэтага, дзеля будучых парламенцкіх выбараў у 2004 годзе і верагоднага рэферэндуму аб зьмене Канстытуцыі ў частцы дзеючага тэрміну прэзідэнцтва;
дзеля нашых перыядычных маніторынгаў па парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі; дзеля адкрытай крытыкі “Вясною” беларускіх ўладаў ў дачыненьні з грамадзянскай супольнасьцю, з СМІ, з рэлігійнымі канфесіямі, правы якіх парушаюцца, і атрымала міністэрства сацыяльны заказ – зьнішчыць”Вясну”? “Вясну”, якая дапамагае людзям і гаворыць людзям праўду?
Хто аддаў загад – зьнішчыць “Вясну”?
Адказваць ня трэба, сп.Фішкіна, гэта рытарычнае пытаньне, на якое мы маем адказ.
Вядома крыўдна, што міністэрства юстыцыі – міністэрства справядлівасьці выступае сьляпой зброяй у руках, мягка кажучы несумленных людзей, і чыніць фактычнае злачынства, І хто аддаў гэты загад персанальна, я ўпэўнены, раней ці пазьней мы даведаемся, але гэта не здымае віну за тое, што зараз творыцца з чыноўнікаў міністэрства, пачынаючы ад міністра і канчаючы Вамі, спадарыня Фішкіна.
Не спыняе ўлады рэзка негатыўная міжнародная рэакцыя.
Беларускія ўлады, у прыватнасьці міністрэства юстыцыі, ігнаруюць рэзалюцыю камітэта па правах чалавека ААН, прынятую ўвесну гэтага году, дзе асобна закранаецца пытаньне прэсінгу ўладаў у дачыненьні да НДА у Беларусі; не заўважаюць рэзалюцыю Рады Эўропы, у якой ад імя краінаў Рады Эўропы выказваецца такі самы клопат.
Возьмем толькі апошнія заявы і лісты, якія прыйшлі на імя міністра юстыцыі, ці Лукашэнкі. Так, “Эмнесці Інтэрнейшнл”, адна з вядомейшых міжнародных праваабарончых арганізацыяў “надзвычай занепакоеная нядаўнім закрыцьцём некалькіх НДА, якія заангажаваныя ў падтрымцы і абароне правоў чалавека ў Беларусі. Закрыцьцё гэтых НДА зьяўляецца адкрытым парушэньнем міжнародных абавязкаў Беларусі ў сфэры правоў чалавека.
У міністэрства юстыцыі на мінулым тыдні зьвярнулася швэдзкая найвядомейшая арганізацыя “За мір і арбітраж”, якая зьяўляецца двойчы лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру, якая просіць мінюст адазваць іск супраць “Вясны”, заўважаючы, што “няма і няможа быць сумневу, што працэс ліквідацыі “Вясны” палітычна матываваны і зьяўляецца адной з частак шырокамасштабнай кампаніі супраць НДА ў Беларусі. Праваабарончы Цэнтр “Вясна” – адна з найважнейшых і найбольш уплывовых праваабарончых арганізацыяў ў Беларусі. Ліквідацыя “Вясны” па палітычных прычынах была б вялікай памылкай з доўгатэрміновымі наступствамі, бо грамадзкі сектар у цэлым і праваабарончыя арганізацыі ў прыватнасьці ёсьць і заўжды будуць неабходным складнікам любой добраўладкаванай краіны”.
У межах сваёй кампетэнцыі пачала дзейнічаць Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека і сьпецыяльны прадстаўнік генеральнага сакратара ААН па праваабаронцах спадарыня Хіна Джылані, якая сочыць за становішчам беларускіх праваабаронцаў і правааабрончых арганізацыяў.
Урэшце, 23 кастрычніка ў Вене на паседжаньні Пастаяннай Рады АБСЕ выступіў амбасадар ЗША ў АБСЕ сп.Стэфан Мінікес, які заклікаў “беларускія ўлады спыніць атаку на НДА і дазволіць ім уносіць свой каштоўны ўклад ў разьвіцьцё беларускага грамадзтва. Беларусь можа зрабіць першы крок, спыніўшы справу ў адносінах “Вясны”. – адзначыў сп. Амбасадар Стэфан Мінікес. -- Беларусь ізалюе сябе і гэта не адпавядае нічыім інтарэсам – ні інтарэсам самой Беларусі, ні інтарэсам любой дзяржавы, чые прадстаўнікі сабраліся за гэтым сталом.” Ён адзначыў, што “ у 1990 годзе ў Капэнгагене дзяржавы-ўдзельніцы замацавалі магчымасьць індывідуамаў карыстацца правам асацыяцыяў, уключаючы права ствараць і браць удзел у дзейнасьці НДА, якія дабіваюцца абароны правоў чалавека і фундамэнтальных свабодаў. У Хартыі эўрапейскай бясьпекі, прынятай на саміце ў Стамбуле ў 1999-м, дзяржавы-удзельніцы зрабілі яшчэ адзін крок, замацаваўшы за няўрадавымі арганізацыямі права “уносіць уклад у далейшае разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці, павагу да правоў чалавека і фундаментальных свбаодаў”. Атака на трэці сектар у Беларусі супярэчыць гэтым пагадненьням”. Вось так гэты працэс характэрызуюць замежныя дыпляматы: !Атака на трэці сэктар”...
Дадамо ад сябе, што гэтая атака, калі міністэрства выкарыстоўвае беларускае заканадаўства замест дубіны, супярэчыць і 21 і 22 Міжнароднаму Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, якія падпісала Беларусь.
Але ўлады вырашылі ўзяць на ўзбраеньне вядомы сталінскі прынцып: няма чалавека – няма праблемы, вось гэтак і з арганізацыямі вырашылі: няма арганізацыі – няма праблемы... Але ці так гэта?
Закрыцьцё “Вясны” – гэта не звычайная справа па закрыцьці арганізацыі, якая парушае беларускае заканадаўства, ці не працуе і не выконвае свой статут. Мы заканадаўства не парушалі. Мы адкрытыя, мы ўвесь час хочам, каб нас пачулі і прыслухаліся да нашага голасу. Мы ўвесь час працягвалі руку да супрацоўніцтва, у якую нам ўсунулі вось гэты зыск. Нашая справа мае палітычны кантэкст, як і закрыцьцё іншых праваабарончых, моладзевых арганізацыяў, рэгіянальных рэсурсных цэнтраў ды іншых няўрадавых арганізацыяў, лік якіх ужо пайшоў на дзесяткі. Самае брыдкае, што міністэрства юстыцыі выступае паслухмяным выканаўцам гэтага палітычнага забойства грамадзкіх арганізацыяў.
Фактычна, з паданьнем гэтага зыску ў суд адбылося тое, што мы апошні час і чакалі. Зачыняюць самыя актыўныя, самыя дзейсныя і аўтарытэтныя арганізацыі. Праз гэты зыск беларускія ўлады адзначылі актыўную грамадзкую дзейнасьць нашай арганізацыі, нашую прынцыповую пазіцыю ў дачыненьні да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. І зьнішчэньне “Вясны” сёньня – гэта ня столькі праблема “Вясны”, колькі праблема ўладаў.
Высокі суд, Беларусь, як гэта ні сумна прызнаваць, усё хутчэй і хутчэй зьяжджае ў багну аўтарытарызму і беззаконьня. І зыск аб закрыцьці “Вясны” яшчэ адное таму пацьвярджэньне. Закон, на жаль, у нашай дзяржаве значыць усё меньш і меньш. І, на жаль, сваю непрыглядную ролю тут выконвае міністэрства юстыцыі, якое павіннабыло б наадварот падтрымліваць аўтарытэт і важкасьць беларускага заканадаўства.