viasna on patreon

Салігорск: старшыня райвыканкаму сарваў сустрэчу з грамадзянамі, абуранымі ўшчыльненнем гарадской забудовы

2015 2015-08-07T17:32:16+0300 2015-08-07T17:32:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/saligorsk-sluhanni-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Увечары 6-га жніўня салігорскія ўлады арганізавалі сустрэчу з грамадзянамі, абуранымі ўшчыльненнем гарадской забудовы ў раёне крамы “Лазурыт”. Літаральна праз тры хвіліны пасля пачатку сустрэчы чыноўнікі на чале з кіраўніком раёна Аляксандрам Рымашэўскім дэманстратыўна пакінулі залу, а ў памяшканні з’явіўся натоўп міліцыі.

Наступ мясцовых уладаў на зялёныя зоны гораду цягнецца ўжо не адзін год. Як вядома, беларуская сталіца шахцёраў уваходзіць ледзь не ў дзясятку гарадоў свету з найвялікшай шчыльнасцю насельніцтва. У сувязі з гэтым пастаянныя спробы чыноўнікаў збудаваць чарговую “панэльку” на месцы дзяцячай пляцоўкі, школьнага стадыёну ці лесапарку ўспрымаюцца ў мясцовай грамадзе надзвычай хваравіта. Менавіта так мясцовыя жыхары ўспрынялі намер уладаў упіхнуць ячшэ адзін шматпавярховік на месцы невялікага скверыку ў раёне крамы “Лазурыт”.

Па атрыманай салігорскімі праваабаронцамі інфармацыіі, грамадскія слуханні па гэтым будаўнічым праекце адбыліся яшчэ ў мінулым годзе. Аднак абвестка аб слуханнях, схаваная ў нетрах выканкамаўскага сайту, да непасрэдных жыхароў мікрараёну тады не дайшла. Калі ж над зялёнай зонай навісла рэальная пагроза знішчэння,  грамадзяне схамянуліся ды сабралі некалькі соцень подпісаў  супраць забудовы. Каб неяк адрэагаваць на пратэст, улады запрасілі салігорцаў на сустрэчу.

А 17-й гадзіне ў актавай зале райвыканкаму сабралася дзесці паўсотні чалавек. Па словах прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы, было б значна больш, але пра сустрэчу ўлады паведамілі толькі напярэдадні ўвечары. Выканкам быў прадстаўлены кіраўнікамі профільных аддзелаў і службаў на чале са старшынём Аляксандрам Рымашэўскім. Распачала сустрэчу прадстаўніца грамадзян, якая з трыбуны паведаміла прысутным пра мэту гэтага сходу. Аднак з першых жа словаў спадар Рымашэўскі пачаў яе перабіваць ў досыць грэблівай і непаважлівай форме.

- Выглядала гэта проста дзіка. Нехта з прысутных спрабаваў зафільмаваць такі сапраўдны трэш на мабільны тэлефон. Тут кіраўнік выканкаму нечакана ўзняўся і сказаў, што сустрэча скончаная ды пайшоў з залы. Астатнія чыноўнікі працягвалі сядзець на сваіх месцах, але Рымашэўскі вярнуўся і забраў іх усіх таксама, - кажа прысутны на сустрэчы прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэту Леанід Мархотка. - Грамадзяне былі проста ў шоку. Улады самі іх запрасілі, а ў выніку літаральна праз тры хвіліны пасля пачатку сустрэчы старшыня выканкаму, а за ім і астатнія чыноўнікі, уздымаюцца і сыходзяць. Людзі былі рэальна абураныя. Прызначэнне сустрэчы на нязручны час, спёка і гэты абразлівы дэмарш Рымашэўскага. Народ наўпрост адмовіўся разыходзіцца, пакуль прадстаўнікі ўлады не вернуцца і не паразмаўляюць з імі. У выніку праз нейкі час у актавай зале з’явіліся не чыноўнікі, а атрад міліцыі на чале з афіцэрам Яўгенам Жылінскім. Зрэшты, абыйшлося без затрыманняў.

Пазней да грамадзян усё ж з’явіўся галоўны ідэолаг Салігорскага райвыканкаму Мікалай Маскевіч, які паспрабаваў неяк улагодзіць канфлікт. Славесная перапалка цягнулася да 19-й гадзіны, але ў выніку галоўны ідэолаг быў вымушаны абвесціць аб прызначэнні новай сустрэчы грамадзян са старшынём райвыканкаму ў сераду 12-га жніўня аб 19-й гадзіне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства