У ВЯРХОЎНЫМ СУДЗЕ РАСПАЧЫНАЕЦЦА ПРАЦЭС ЛІКВІДАЦЫІ РЭСПУБЛІКАНСКАГА ДАБРАЧЫННАГА ГРАМАДЗКАГА АБ’ЯДНАНЬНЯ “РУКА ДАПАМОГІ”
27 кастрычніка ў 10 гадзін раніцы суддзя Вярхоўнага суда Рэспублікі БеларусьА. Забара распачне разгляд зыску Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Рэспубліканскага дабрачыннага грамадзкага аб’яднаньня “Рука дапамогі”.
РДГА “Рука дапамогі” – адна з самых вядомых дабрачынных няўрадавых арганізацыяў краіны. Дзейнасьць арганізацыі накіраваная на аказаньне дапамогі зьняволеным у беларускіх турмах, на сацыяльную працу з асобамі, якія выйшлі на волю пасьля адбыцьця тэрміну ў месцах зьняволеньня, на псіхалагічную рэабілітацыю былых вязьняў і іх адаптацыю да жыцьця на волі. Таксама аб’яднаньне займалася размеркаваньнем гуманітарнай дапамогі ў турмах. РДГА “Рука дапамогі” карыстаецца аўтарытэтам не толькі сярод зьняволеных, да яе прыхільна ставяцца супрацоўнікі пэнітэнцырнай сістэмы.
Падставай для ліквідацыі гэтай арганізацыі зьявілася тое, што Міністэрства юстыцыі не атрымала адказу на ліст, накіраваны РДГА “Рука дапамогі” у ліпені гэтага года з патрабаваньнем прадаставіць інфармацыю пра дзейнасьць арганізацыі. Міністэрства юстыцыі палічыла, што адсутнасьць адказу на ліст, накіраваны па месцы юрыдычнага адрасу арганізацыі, сьведчыць пра тое, што арганізацыя не размяшчаецца па месцы сваяго юрыдычнага адрасу.
Як адзначае кіраўнік РДГА “Рука дапамогі” спадарыня Уласта Аляксюк, гэтага ліста арганізацыя не атрымлівала. Хутчэй за ўсё гэта зьвязана з кепскай працай пошты, альбо з тым, што арганізацыя толькі нядаўна пераехала на новы юрыдычны адрас.
Каардынатар сыстэмы калектыўнай абароны няўрадавых арганізацыяў Беларусі Юрый Чавусаў кажа, што выпадак з гэтым зыскам з’яўляецца вельмі паказальным для сёняшняй сітуацыі ў грамажыцьці Беларусі: у чарговы раз вядомае грамадзкае аб’яднаньне, што займаецца рэальнай дзейнасьцю, можа быць забароненае з-за дробных памылак альбо маруднай працы пошты. Такім чынам, у бліжэйшыя дні колькасьць беларускіх няўрадавых арганізацыяў, якія падлягаюць прымусовай ліквідацыі ў судовым парадку, можа дасягнуць двух дзесяткаў.