Палітвязня Мікалая Статкевіча падвяргаюць катаванням
Палітвязня Мікалая Статкевіча падвяргаюць катаванням. Пра гэта заявіў сакратар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Сяргей Скрабец.
Падчас прэс-канферэнцыі ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча ён звярнуў увагу прысутных на тое, што палітвязень больш за тры гады знаходзіцца ў адзіночнай камеры:
– Мікалай Статкевіч не проста знаходзіцца за кратамі, яго падвяргаюць катаванням. Ён утрымліваецца ў адзіночнай камеры, дзе няма святла, няма свежага паветра, няма доступу да інфармацыі. І гэта працягваецца больш за тры гады.
Таксама Сяргей Скрабец выказаў абурэнне дзеяннямі прадстаўнікоў ЭЗ-у, якія спрабуюць легітымізаваць Лукашэнку і не заўважаюць праблему наяўнасці палітвязняў:
- Што еўрапейскія палітыкі будуць тлумачыць сваім выбаршчыкам у Германіі ці Францыі, што палітыкі, якія ўдзельнічалі ў выбарах, мусяць у турме сядзець і чакаць новых выбараў. Уладзімір Някляеў заклікаў міжнародную супольнасць патрабаваць вызвалення палітвязняў. Стваральнік Руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі” адзазначыў, што яшчэ спадзяецца на міжнародную супольнасць. Палітык выказаў думку, што пакуль у Беларусі ёсць палітычныя вязні, няма ніякага сэнсу ў замежных назіральніках:
- Звяртаемся да міжнародных арганізацый, каб абавязковай умовай прысутнасці на выбарах міжнародных назіральнікаў, была адсутнасць палітвязняў у беларускіх турмах. Калі няма палітвязніў, давайце глядзець, як праходзяць выбары.
Уладзімір Някляеў яшчэ раз заклікаў прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі зняцца з гэтак званых выбараў. На яго думку, падыгрыванне апазіцыі дзейнай уладзе падпіхвае Беларусь да стану, калі перамены ў нашай краіне будуць немагчымымі аж да моманту сацыяльнага бунту ў самой Расеі. Уладзімір Някляеў таксама распавёў пра тое, што 28-га ліпеня ў Менску прайшлі закрытыя перамовы паміж прадстаўнікамі ўлады і Еўрапейскага Звязу адносна праблемы правоў чалавека. На яго думку, Еўразвяз павінен быў ставіць за ўмову прысутнасць на гэтых перамовах прадстаўніка ініцыятыўнай групы Статкевіча, “бо адмова ў яе рэгістрацыі і ёсць кардынальнае парушэнне правоў чалавека.” Удзельнікі прэс-канферэнцыі адзначылі, што Мікалай Статкевіч – постаць еўрапейскага і сусветнага маштабу. Паплечнік палітвязня сацыял-дэмакрат Алесь Абрамовіч параўнаў Мікалая Статкевіча са змагароў за правы паўднёвых афрыканцаў Нэльсанам Мандэлам, нагадаўшы пра тое, што Мікалай Статкевіч яшчэ да 2010 года меў прынамсі два палітычна матываваныя прысуды.