viasna on patreon

Бабруйск: пераемнасць складу кіраўніцтва камісій у асноўным захоўваецца

2015 2015-07-24T13:21:00+0300 2015-07-24T21:23:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ruki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У адміністрацыях двух гарадскіх раёнаў 23 ліпеня адбыліся першыя пасяджэнні тэрытарыяльных выбарчых камісій. На іх былі абраныя старшыні, іх намеснікі і сакратары. Месцы працы ўсіх гэтых людзей традыцыйна трымаюцца ў сакрэце. І даведацца, хто ж яны такія, шараговаму выбаршчыку даволі складана.

У Першамайскім раёне, як і на апошніх прэзідэнцкіх, а таксама мясцовых выбарах, старшынёй камісіі быў абраны Віктар Гарбанёў. Ён - дырэктар прафтэхвучэльні машынабудоўлі №5, якая працуе на базе выхаваўчай калоніі для непаўнагадовых. Намеснік старшыні камісіі - Генадзь Чабуркоў, працуе інжынерам на "Бабруйскаграмашы". І старшыня, і намеснік вылучаліся ад грамадзян. Сакратар камісіі Кацярына Шырокая вылучалася ад выбаршчыкаў працоўнага калектыву адміністрацыі Першамайскага раёну. Працуе яна ў гэтай жа адміністрацыі галоўным спецыялістам аддзела арганізацыйна-кадравай работы.

У тэрытарыяльнай камісіі Ленінскага раёну абралі новую старшыню, гэта Ірына Епіфанава. Яна працуе старшынёй прафкаму фабрыкі "Славянка". Намеснікам абраны Анатоль Жаўняк - былы дэпутат гарсавету, які неаднаразова ўваходзіў у выбарчыя камісіі. Працуе метадыстам ў медыцынскім каледжы. Як і ў выпадку з камісіяй Першамайскага раёну, старшыня і намеснік вылучаліся ад грамадзян. Сакратар Валянціна Афанасенка займала гэтую ж пасаду і на мінулых прэзідэнцкіх выбарах. Камандзе Уладзіміра Някляева запомнілася як асоба, якая разганяла іх пікет. Яна працуе ў адміністрацыі Ленінскага раёну начальнікам аддзелу арганізацыйна-кадравай працы, у камісію вылучалася ад "Беларускага фонду міра".

На пасяджэнні камісіі сабраліся не ў поўных складах: у Першамайскім раёне здолелі сабрацца 10 з 13-ці чалавек, у Ленінскім - 12 з 13-ці.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства