Жыхары “мяцежнай” вёскі Спорава байкатуюць газету “Маяк”
Многія жыхары “мяцежнай” вёскі Спорава Бярозаўскага раёну адмовіліся падпісацца на раённую газету “Маяк”. З больш чым тысячы спараўчан засталося толькі 60 падпісчыкаў раёнкі. Па словах спораўца Міхаіла Пракурата гэта ў асноўным пенсіянеры, якіх у прымусова-дабравольным парадку неяк уламалі. Калі ў чэрвені наклад газеты быў 10488 асобнікаў, то ў ліпені – 9817, за адзін месяц рэзка зменшыўшыся амаль на 700.
„Гэта стала адказам на абразлівыя артыкулы галоўнага рэдактара выдання Аляксандра Іванова адносна развалу помніка і пытання скасавання арэнды на возера Спораўскае”, – кажа Міхаіл Пракурат:
– Галоўны рэдактар Іваноў абразіў усё Спорава. Адносна помніка – узяў бок ўлады, з людзей ні з кім не сустрэўся. Святара паважанага і любімага людзьмі, які заступіўся за людзей на сходзе па возеру, абразіў.
Асабліва пакрыўдзіліся вяскоўцы за адзінага свайго жывога ветэрана вайны – 95-гадовага Сяргея Шындыча. “Галоўны рэдактар газеты “Маяк” выставіў ветэрана ў сваім артыкуле ў якасці “скамароха”, – абураецца наш суразмоўца. – Іваноў напісаў, што спораўцы выставілі Сяргея Шындыча, надзеўшы на галаву пілотку, якую знайшлі ў піянерлагеры.
Пад час сходу наконт скасавання арэнды на возера, вяскоўцы паабяцалі спыніць падпіску на газету, якая ілжэ, а не разбіраецца аб’ектыўна ў падзеях. Абяцанне выканалі.
Дарэчы, людзі дружна дамагліся ад уладаў новага помніка на месцы разбуранага. Возерам таксама сталі карыстацца, хаця пытанне канчаткова яшчэ не закрытае наконт скасавання арэнды.