viasna on patreon

Гомельскія журналісты абскардзілі рагачоўскія штрафы

2015 2015-07-10T17:25:42+0300 2015-07-10T17:25:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kastus-zhukouski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кастусь Жукоўскі

Кастусь Жукоўскі

Журналісты-фрылансеры з Гомеля Наталля Крывашэй і Кастусь Жукоўскі 10 ліпеня накіравалі касацыйныя скаргі ў абласны суд, дзе аспрэчваюць пастановы суда Рагачоўскага раёна, які пакараў іх буйнымі штрафамі паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП – кожнага на 35 базавых велічыняў (6 млн 300 тысяч рублёў) за супрацоўніцтва з польскім спадарожнікавым тэлеканалам “Белсат”.

2 ліпеня суддзя суду Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласціАляксандр Крайнікаў прызнаў абедзьвух журналістаў вінаватымі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ. Падставай для штрафу сталіся адміністрацыйныя пратаколы – іх склаў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Рагачоўскага РАУС, падпалкоўнік міліцыі Юрый Астаповіч. Аб тым, што адбыўся суд журналісты даведаліся праз СМС.  

“12 мая на пляцоўцы каля магазіна “Прадмікс” па вуліцы Багатырова ў г. Рагачове, не маючы акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь у якасці журналіста замежнага СМІ, Кастусь Жукоўскі ў групе з Наталляй Крывашэй праводзіў інтэрв’юіраванне грамадзянаў, тым самым незаконна вырабіў прадукцыю сродкаў масавай інфармацыі, а менавіта  відэасюжэт пад назвай “Несалодкі смак крызісу. Чаму рагачоўская згушчонка застаецца на складах?...”, - да такой высновы прыйшоў раённы суддзя, даўшы 12,6 мільёнаў рублёў незалежным журналістам.

Для Наталлі Крывашэй сёлета гэты быў чацвёрты суд па аналагічных адміністрацыйных справах, а Кастуся Жукоўскага судзілі ўжо ў сёмы раз (шэсць судоў тычыліся арт. 22.9 ч.2 КаАП, адзін – арт. 23.34 КаАП). Агулам Наталлі трэба сплаціць у бюдждэт 24,3 млн рублёў, а Кастусю – 31,5 млн рублёў.

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, які дапамагае журналістам абскарджваць штрафы, кажа, што суддзя ў абодвух выпадках узяў на сябе адказнасць за невыкананне артыкулаў 23 і 34 Канстытуцыі і артыкула 19 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх ды палітычных правах.

“Карыстанне правам на свабоду атрымання і распаўсюду інфармацыі можа падлягаюць пэўным абмежаванням, аднак яны павінны быць не толькі прадугледжаны законам, але і з'яўляцца неабходнымі ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў. Абмяжоўваючы правы журналістаў, суд не змог прадэманстраваць, для дасягнення якой з пералічаных мэтаў ён прыцягвае да адказнасці незалежных журналістаў”, - падкрэсліў юрыст.

Гомельская Вясна

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства