viasna on patreon

Вярхоўны суд таксама лічыць забарону пікета ў Баранавічах законнай

2015 2015-07-08T17:05:50+0300 2015-07-09T08:24:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viarhouny_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вярхоўны суд Беларусі.

Вярхоўны суд Беларусі.

Праваабаронца Сяргей Гоўша 7 ліпеня атрымаў з Вярхоўнага суда адказ на сваю скаргу, датычную забароны правядзення пікета 10 снежня 2014 года Баранавіцкім гарвыканкамам і падтрымкі гэтай забароны Баранавіцкім судом і Брэсцкім абласным судом. Вярхоўны суд прызнаў рашэнні судоў першый і другой інстанцый правамоцнымі і адмовіў у задавальненні скаргі праваабаронцы.

На думку Сяргея Гоўшы, як гарадскі і абласны суды, так і вышэйшая судовая ўстанова краіны зусім не прыняла да ўвагі, што Баранавіцкі гарвыканкам сам парушыў закон аб масавых мерапрыемствах, бо не ўказаў матывы, па якіх пікет быў забаронены. Пры гэтым мясцовыя чыноўнікі парушылі яшчэ і тэрмін адказу заяўнікам аб прынятым рашэнні.

Вярхоўны суд не прыняў да ведама тлумачэнні праваабаронцы аб незаконнасці патрабаванняў з боку гарвыканкама ад заяўнікаў заключэння дамоў з міліцыяй па ахове грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у парушэнне Пастановы Савета Міністраў ад 05.03.2012г. № 207.

З ліста вынікае, што Вярхоўны суд не задаволіў наглядную скаргу праваабаронцы, бо арганізатары масавага мерапрыемства не ўказалі меры, звязаныя з медыцынскім абслугоўваннем і прыборкай тэрыторыі пасля пікета.

– У нашай заяве было сказана, што да яе прыкладаюцца копіі дамоў з паліклінікай і ЖКГ і былі прыкладзены самі копіі. Таксама ў заяве ў гарвыканкам маюцца абавязальніцтвы заяўнікаў масавага мерапрыемства па арганізацыі і правядзенні масавага мерапрыемства аб тым, што яны абавязуюцца забяспечыць грамадскі парадак. Але суддзі ўсіх інстанцый “не заўважаюць” і гэтых дакументаў, – пракаментаваў Сяргей Гоўша.

Сяргей Гоўша не згодны з такім рашэннем Вярхоўнага суда і мае намер звярнуцца да Генеральнага пракурора.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства