Алесь Бяляцкі: Беларускія ўлады дзейнічаюць савецкімі карнымі метадамі
Шэсць палітычных вязняў застаюцца за кратамі ў Беларусі, сярод іх – экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 году Мікалай Статкевіч. Шэраг дэмакратычных структураў аб’ядналіся вакол ініцыятывы вылучэння Статкевіча і на сёлетніх выбарах. Гэта мае стаць праявай салідарнасці і прыцягнуць увагу грамадства да праблемы палітвязняў, на якіх па-ранейшаму ў месцах зняволення аказваецца ціск. Днямі стала вядома, што да Мікалая Дзядка, які адбывае пакаранне ў калоніі №9 у Горках, не пусцілі адваката. У сакавіку Мікалай павінен быў выйсці на волю пасля 4,5 гадоў зняволення, але яго прысудзілі яшчэ да аднаго году зняволення ў калоніі строгага рэжыму, – прыгадвае праваабаронца Алесь Бяляцкі:
- Прычым дадалі подла – за тры дні да сканчэння тэрміну. Ён атрымаў яшчэ дадатковы год. Гэта абсалютна савецкія прыёмы. Яны так рабілі з савецкімі дысыдэнтамі. Як распавядаў Міхась Кукабака, калі ён сядзеў і яму заставаўся тыдзень да сканчэння тэрміну, чарговы суд, тады тры гады давалі, зараз у нас сістэма постсавецкая – чалавек адпаведна атрымлівае год, ужо не тры, але гэта можа цягнуцца бясконца.
Прыгадаем, што пачаткова Мікалай Дзядок адбыў 4,5 гады зняволення за нібыта хуліганскія дзеянні ў дачыненні да афіцыйных будынкаў і павінен быў выйсці на волю 3-га сакавіка 2015 году.