Брэст: незалежнага журналіста Алеся Ляўчука аштрафавалі на 50 базавых велічынь
Рашэнне пакараць штрафам прадстаўніка мас-медыя па абвінавачанні ў “незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ” прыняў 2 ліпеня суддзя Ленінскага раёна Брэста Алег Міранюк.
Алеся Ляўчука абвінавацілі ў тым, што ён мае дачыненне да сюжэту, які трапіў у эфір тэлеканалу “Белсат”, дзе было змешчана інтэрв’ю з футбалістам брэсцкага “Дынама” Раманам Васілюком. У судзе спартовец не адмаўляў сам факт, што меў гутарку з журналістам, але не было доказаў, што гэта была размова для “Белсата”.
Між тым, Алесь Ляўчук сцвярждае, што з’яўляецца пазаштатным карэспандэнтам інфармацыйнага агенцтва БелаПАН і менавіта для яго рабіў матэрыял пра Рамана Васілюка. Аднак гэтыя аргументы не былі прынятыя судом, які аштрафаваў журналіста на 50 базавых велічынь (9 мільёнаў рублёў).
Дарэчы, ужо вядома, што ў адносінах да Ляўчука рыхтуецца чарговая адміністрацыйная справа паводле такога ж абвінавачвання (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) пасля рэпартажу на телеканале “Белсат” пра рэлігійны канфлікт у аграгарадку Белавежскі.