viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: Міністэрства інфармацыі грае ролю “Міністэрства праўды”

2015 2015-07-01T08:39:42+0300 2015-07-01T08:41:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich_rubcou.jpg
Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч.

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч.

Міністэрства інфармацыі Беларусі нацэльвае ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў на адказныя паводзіны ў інфармацыйнай прасторы і ўважліва разглядае кожны зварот грамадзянаў з нагоды працы СМІ, заявіла журналістам кіраўнік ведамства Лілія Ананіч. На просьбу пракаментаваць абмежаванне доступу да папулярнага сайту kyky.org, у тым ліку з-за апублікаванай думкі калумніста пра свята 9 траўня, Ананіч адказала: «Для кожнага беларуса тэма Вялікай Перамогі і гістарычнай праўды павінна быць святой. Там, дзе святое, не павінна быць месца для інсінуацый і абразлівых выказванняў у адрас каго б там ні было».

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч адзначае, што Міністэрства інфармацыі занададта шмат на сябе бярэ. - Міністэрства інфармацыі пачынае граць ролю “Міністэрства праўды”. У выпадку з kyky.org сцвярджае, што ёсць “гістарычная праўда”, але гэта не юрыдычнае паняцце. Што такое “гістарычная праўда” ў адносінах да Другой сусветнай вайны? Мой расстраляны партызанамі прадзед – таксама гістарычная праўда. Я лічу, што ацэнка гістарычных фактаў ніяк не можа ўяўляць небяспеку для нацыянальнай бяспекі. Відавочна, гэтае рашэнне насіла характар цэнзуры.

З пачатку года Міністэрства інфармацыі прыняло рашэнне пра абмежаванне доступу да 26 інтэрнэт-рэсурсаў. Месяц таму папярэджанне з міністэрства атрымаў і сайт Беларускага радыё Рацыя. За паўторнае папярэджанне аб недапушчальнасці распаўсюду забароненай у Беларусі інфармацыі міністр Лілія Ананіч пагражае закрыццем доступа да сайта “Радыё “Рацыя” для карыстальнікаў інтэрнэту на тэрыторыі Беларусі. Ад пачатку года на незалежных журналістаў быў складзены 21 пратакол аб адміністрацыйных правапарушэннях паводле артыкула – “Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі”. Па кожным з пратаколаў было вынесена судовае рашэнне аб накладанні штрафа ў памеры ад 20 да 50 базавых велічынь. Пра гэта паведамляе правабарончы цэнтр “Вясна”. Часцей за ўсё да адказнасці прыцягваліся журналісты ў Гомельскай вобласці – 10 адміністрацыйных справаў. Рэкардсменам тут з’яўляецца журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі, паведаміў праваабаронца Валянцін Стэфановіч. - Усё гэта ўзмацняецца, колькасць такіх выпадкаў расце з кожным месяцам. Штрафы проста, як у прыкладзе Жукоўскага носяць фантасмагарычны характар, там больш за 20 мільёнаў рублёў. Як чалавек у такіх умовах можа ажыццяўляць сваю прафесійную журналісцкую дзейнасць? Гэта фактычна забарона на прафесію.

На дадзены момант вядома, што ўжо 9 і 10 ліпеня пройдуць суды над журналістымі Таццянай Смоткінай і Зміцерам Лупачом у Глыбоцкім раённым судзе. Днямі ў Менску адбылася акцыя падтрымкі і салідарнасці з майстрамі пяра – на дошках аб’яў з’явіліся плакаты, якія заклікаюць улады спыніць пераслед незалежных журналістаў, паведамляе сайт ПЦ “Вясна”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства