Беларускія валанцёры: "Галоўнае - дапамагчы людзям, якія знаходзяцца ў роспачы”
Працягвае сваю дзейнасць “Праваабарончая гуманітарная місія ва Украіне”, ініцыяваная Праваабарончым цэнтрам “Вясна”. У межах кампаніі беларускія валанцёры аказваюць дапамогу перасяленцам з часова акупаванай тэрыторыі і раёнаў АТА ў Харкаве ды Львове.
Харкаў. Як паведамляюць беларусы, якія супрацоўнічаюць са “Станцыяй Харкаў”, кожны дзень у офісе арганізацыі вялікі наплыў наведвальнікаў, асабліва шмат маленькіх дзяцей і жанчын.
“Сёння на "Станцыю Харкаў" прыходзіла сям'я, у якой трое маленькіх дзетак-блізнятак. У аднаго з хлопчыкаў - эпілепсія, астма і анкалогія. Выбіралі дзеткам вопратку, а ў саміх сціскалася сэрца. Кожны дзень на Станцыі - вялізарная колькасць маленькіх дзетак, шмат стомленых жанчын і старых. Нашыя дзяўчынкі сёння дапамагалі раздаваць перасяленцам вопратку, а хлопцы грузілі мяшкі з гуманітаркай і перацягвалі матрацы. Крыху стаміліся, але задаволеныя, што атрымліваецца хоць трохі дапамагчы людзям, якія знаходзяцца ў роспачы”.
У Львове беларускія валанцёры супольна з аператарам ТБ Сан-Марына Вікторыяй Палішчук правялі апытанне жыхароў на тэму: "Як вы ставіцеся да перасяленцаў?"
"Не ўсе людзі хацелі адказвать на пытанне. Некаторыя проста ўцякалі, а некаторыя ставіліся недаверліва. З большага людзі казалі, што патрэбна аказваць дапамогу тым, хто апынуўся ў цяжкім становішчы і вымушаны быў пакінуць свой дом. Але жыхары Львова лічаць, што гэта нармальна для жанчын, дзяцей ды старых, а мужчына павінен заставацца ў сваім горадзе і змагацца за сваю краіну. Апытаныя згаджаліся, што дзяржава павінна дапамагаць перасяленцам, але яны не маюць дастаткова інфармацыі, на колькі насамрэч дзейсная гэтая дапамога”.
25 чэрвеня працягнулася знаёмства беларусаў з працай грамадзянскай ініцыятывы “SOS-Крым”, якая дапамагае перасяленцам з Крыму і Данбасу. Сацыяльны работнік арганізацыі Энвэр Бакіраў паведаміў валанцёрам, што ідэю стварыць цэнтр сацыяльнай дапамогі ўцекачам на першым этапе была падтрыманая мясцовымі ўладамі:
“Напачатку быў вялізны наплыў уцекачоў з зоны ўзброенага канфлікту. Штодня ў Львоў прыязджала да 200 перасяленцаў. Узнікла ідэя стварыць цэнтр сацыяльнай дапамогі. Улады выдзелілі нам памяшканне, дзе мы ўладкавалі Пункт прыёма і размяркавання гуманітарнай дапамогі. Дапамога прыходзіць з розных краін – Венгрыі, Славакіі, Германіі. Сацыяльная служба па магчымасьці займаецца перасяленцамі па ўсёй вобласці, не абмяжоўваецца толькі Львовам. На сёння на львоўшчыне афіцыйна налічваецца 10847 вымушана перамешчаных асоб з пачатку ўзброенага канфлікту (з лютага 2014). Першая хваля перасяленцаў была з Крыма. Пасля стабілізацыі сітуацыі частка з іх вярнулася назад. Адсутнасць адпаведнай дапамогі перасяленцам з боку ўладаў падштурхнула людзей выехаць за мяжу – у Польшчу, Венгрыю, Беларусь і іншыя краіны. Другая хваля перасяленцаў прыехала з Данбасу. Я ўпершыню пабачыў сівых дзяцей! Па 300 чалавек на дзень! Зараз наплыў зменшыўся, але людзі едуць. Яны не разлічваюць на дапамогу ўладаў. Я баюся, што калі сітуацыя на ўсходзе пагоршыцца і колькасць уцекачоў павялічыцца, магчымы сацыяльны выбух”.
У гэты ж дзень, 25 чэрвеня, Берасцейскія праваабаронцы сустрэліся з Халілам Халілавым, які узначальвае крымска-татарскі культурны цэнтр “Крымскі дом у Львове”. Гэты цэнтар займаецца захаваннем і развіццём культуры крымскіх татар. Паказальна тое, што канфліктаў паміж крыма-татарскімі перасяленцамі і жыхарамі львоўшчыны не зафіксавана.
Нагадаем, Праваабарончы цэнтр “Вясна” ініцыяваў правядзенне “Праваабарончай гуманітарнай місіі ва Украіне”. Асноўная яе мэта – дапамога ўкраінскім перасяленцам з зоны канфлікту. Кампанія стартавала 4 чэрвеня ў Харкаве, а 24 чэрвеня да яе далучыўся Львоў. Пазней праца місіі распаўсюдзіцца на Чарнігаў, Чаркасы ды Адэсу. Падрабязней пра надзённую працу валанцёраў можна даведацца ў раздзеле “Праваабарончая Гуманітарная Місія ва Украіне” на нашым сайце, альбо на старонцы місіі ў Facebook.