Крычаў: кошт падробкі дакументаў участковым – пазбаўленне 50% прэміі за месяц
Жыхар Крычава Мікалай Федарэнка атрымаў паведамленне з Крычаўскага раённага аддзела Следчага камітэта РБ. Старэйшы следчы Крычаўскага РА СК маёр юстыцыі А. Жукаў паведаміў Мікалаю Федарэнку, што падчас праверкі ў дзеяннях участковага інспектара Краўцова В. П. парушэнняў нормаў заканадаўства ўстаноўлена не было, у сувязі з чым, на падставе п. 2 ч. 1 арт. 29, арт. 174, 178 КПК Рэспублікі Беларусь, 15.06.2015 г. прынята рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы за адсутнасцю складу злачынства.
Пасля атрымання паведамлення Мікалай Федарэнка наведаў Крычаўскі райаддзел Следчага камітэта і атрымаў там на рукі копію пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Спадар Федарэнка быў вельмі здзіўлены, прачытаўшы тэкст пастановы. Маёр юстыцыі А. Жукаў не надаў значэння таму факту, што почыркаведчая экспертыза №356 ад 12.06.2015 г. адназначна пацвердзіла той факт, што Мікалай Федасенка не падпісваў складзены ўчастковым інспектарам В. Краўцовым пратакол і не пісаў там запіс “С моих слов записано верно».
Таксама старэйшы следчы А. Жукаў не прыняў да ўвагі сведчанні Мікалая Федарэнкі аб тым, што 22.03.2014 г. ён не наведваў Крычаўскі РАУС і не даваў ніякіх тлумачэнняў УІМ Краўцову. Маёр Жукаў паверыў участковаму Краўцову і яго калегу старэйшаму УІМ Крычаўскага РАУС Ягораву С. С., які пацвердзіў знаходжанне вясной 2014 г. у службовым кабінеце №44 Крычаўскага РАУС Мікалая Федарэнкі. Не прыняў старэйшы следчы да ўвагі і тое, што журнал наведвальнікаў Крычаўскага РАУС за 2014 год чамусьці быў адразу ж знішчаны “у сувязі з непрыдатнасцю да далейшага выкарстання”, а таксама той факт, што ў пратаколе апытання Мікалая Федарэнкі, складзеным участковым Краўцовым, былі ўнесены скажоныя звесткі.
Згодна тлумачэнняў участковага інспектара Краўцова, недакладныя запісы ў тлумачэнні сп. Федарэнкі ён зрабіў з яго ўласных слоў па сваёй няўважлівасці. За праяўленую “няўважлівасць” участковы Краўцоў быў прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасці, яго пазбавілі на 50% прэміяльнай надбаўкі на 1 месяц.
Па словах Мікалая Федарэнкі, зараз ён будзе кансультавацца ў праваабаронцаў, а потым планаваць свае далейшыя дзеянні.
Мікалай Федарэнка скардзіцца на тое, што старэйшы лейтэнант Краўцоў без яго ведама склаў ад яго імя фіктыўнае тлумачэнне ад 22.03.2014 г. па грамадзянскай справе. Таксама пад гэтым фіктыўным тлумачэннем быў зроблены запіс “з маіх слоў запісана дакладна” і падроблены подпіс спадара Федарэнкі невядомай асобай, бо сам Мікалай Федарэнка сцвярджае, што 22.03.2014 г. наогул ні з якімі супрацоўнікамі Крычаўскага РАУС, у тым ліку і са старэйшым лейтэнатам Краўцовым, не сустракаўся, яго наогул не выклікалі ў Крычаўскі РАУС ні ў гэты, ні ў іншыя дні, што можна праверыць па кнізе наведнікаў Крычаўскага РАУС.
Спадар Федарэнка таксама сцвярджае, што ў напісанай быццам бы з яго слоў тлумачальнай утрымліваецца вельмі шмат недакладных звестак, якія ён не мог сказаць і, тым больш, падпісаць. Ён лічыць, што дзеянні ўчастковага інспектара Краўцова падпадаюць пад арт. 427 КК (службовая падробка).
Адпаведную скаргу на дзеянні старэйшага лейтэнанта Краўцова Мікалай Федарэнка раней накіроўваў на імя пракурора Магілёўскай вобласці. Ён прасіў пракурора правесці праверку па ўказаных ім фактах парушэнняў заканадаўства і пры іх пацвярджэнні прыцягнуць участковага інспектара Краўцова В. П. да крымінальнай адказнасці згодна закону, а таксама даць яму пісьмовы адказ ва ўстаноўленыя законам тэрміны. Аднак пракурор Магілёўскай вобласці перанакіраваў яго скаргу для разбіральніцтва ў УУС Магілёўскага аблвыканкама, якое, у сваю чаргу, перанакіравала яе начальніку Крычаўскага РАУС.