У Магілёве журналісты і эксперты абмяркоўвалі, як змагацца з карупцыяй
21 чэрвеня ў грамадскім цэнтры “Кола” ў Магілёве адбыўся чарговы круглы стол, на якім мясцовыя журналісты і эксперты ў галіне сельскай гаспадаркі абмяркоўвалі праблему карупцыі і стан спраў у сельскай гаспадарцы Магілёўскай вобласці.
Удзел у сустрэчы прынялі каля двух дзясяткаў чалавек з розных рэгіёнаў Магілёўшчыны. У якасці экспертаў былі запрошаны і выступілі кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі, былыя намеснікі старшынь райвыканкамаў Мікалай Гердзій і Валерый Каранкевіч, былы кіраўнік сельскагаспадарчага прадпрыемства Рыгор Кастусёў.
Эксперты адзначылі, што карупцыя з’яўляецца адной з самых небяспечных для сучаснага беларускага грамадства сацыяльных хвароб, якія супрацьдзейнічаюць эканамічнаму і прававому развіццю беларускай дзяржавы. У выступах казалася пра тое, што маштабы крадзяжоў і карупцыі ў Магілёўскай вобласці здзіўляюць сваёй разнастайнасцю і аб’ёмамі. У 2014 годзе на трэць павялічылася колькасць выяўленых злачынстваў у падаткавай сферы, большая частка з якіх – цяжкія злачынствы, звязаныя з нанясеннем шкоды ў асабліва буйным памеры. У 2015 годзе значна павялічылася колькасць прыцягнутых да адказнасці карумпаваных чыноўнікаў. У поле зроку праваахоўных органаў апынуліся больш 60 службовых асоб, у тым ліку 13 з тых, хто займаў адказнае становішча, а таксама 8, пасады якіх уключаны ў кадравы рэестр прэзідэнта РБ. Прычым злачынстваў, здзейсненых шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйных памерах, выяўлена больш практычна ў два разы.
Пётр Мігурскі агучыў інфармацыю наконт чарговых гучных крымінальных спраў карупцыйнай скіраванасці, якія былі ўзбуджаны супраць чыноўнікаў і службовых асоб прадпрыемстваў Магілёўшчыны апошнім часам. Таксама ён выказаў сваё негатыўнае стаўленне да практыкі вызвалення чыноўнікаў ад крымінальнай адказнасці за карупцыйныя злачынствы пасля асабістага “пакаянага” звароту да кіраўніка краіны. Згодна інфармацыі эксперта, ужо ў гэтым годзе такім чынам сышлі ад адказнасці два былыя шклоўскія чыноўнікі – былы намеснік старшыні Шклоўскага райвыканкама Яўген Семянкевіч і былая кіруючая справамі райвыканкама Людміла Глякава.
Валерый Каранкевіч, Рыгор Кастусёў і Мікалай Гердзій у сваіх выступах асноўную ўвагу надалі стану спраў ва ўсходніх раёнах Магілёўскай вобласці. Мікалай Гердзій спыніўся на гучных карупцыйных скандалах, якія закранулі Крычаўскі раён – ён распавёў пра ход судовых паседжанняў пры разглядзе крымінальных спраў супраць былога генеральнага дырэктара “Крычаўцэменташыфера” Леаніда Скоцкага і шэрагу адказных асоб Крычаўскага райспажыўтаварыства.
Пасля выступу экспертаў адбылася агульная дыскусія, падчас якой удзельнікі круглага стала задавалі пытанні экспертам і выказвалі свае меркаванні наконт таго, што магчыма зрабіць у нашых умовах для зніжэння ўзроўню карупцыйнай злачыннасці.
Фота 1: Рыгор Кастусёў
Фота 2: Пётр Мігурскі
Фота 3: Мікалай Гердзій
Фота 4: Валерый Каранкевіч
Фота 5: удзельнікі круглага стала