viasna on patreon

"Гарант Канстытуцыі абараняе інтарэсы толькі асобнай купкі чыноўнікаў" (відэа)

2015 2015-06-15T17:44:21+0300 2015-06-15T17:44:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kuchura_liudmila.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Людміла Кучура ў Праваабарончым цэнтры "Вясна"

Людміла Кучура ў Праваабарончым цэнтры "Вясна"

Судовая сістэма ў Беларусі не залежыць ад закона, а залежыць ад прэзідэнта, і толькі ён, Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, можа паўплываць на лёсы людзей, якія сталі ахвярамі беззаконня і службовага самавольства ў органах суда і пракуратуры. Кіруючыся такой логікай, 37 грамадзянаў з розных гарадоў Беларусі ў канцы красавіка накіравалі прэзідэнту калектыўны зварот, адказу на які дагэтуль няма.

Падпісанты "паслання беларускага народа прэзідэнту і парламенту" (яно было накіравана адрасатам 29 красавіка - у дзень штогадовага паслання Лукашэнкі да народу) запатрабавалі ад прэзідэнта стварыць камісію па пераглядзе грамадзянскіх і крымінальных спраў у дачыненні да іх і іх блізкіх, паколькі гэтыя справы фальсіфікаваныя, што пацвярджаецца адпаведнымі доказамі. Вынікі працы гэтай камісіі грамадзяне прасілі падаць да пачатку маючых адбыцца ўвосень прэзідэнцкіх выбараў.

Прадстаўнік гэтай групы грамадзянаў мінчанка Людміла Кучура паведаміла Праваабарончаму цэнтру "Вясна", што адказу на зварот няма, хоць з ліста загадчыка аддзела па працы са зваротамі грамадзянаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Віктара Сазона вядома, што ён быў накіраваны ў Адміністрацыю прэзідэнта і Генеральную пракуратуру, якая адказала адпіскай.

У сувязі з гэтым падпісанты звароту паспрабавалі патрапіць на прыём да памочніка прэзідэнта - галоўнага інспектара па Мінску Аляксандра Якабсона. "Як мы зразумелі, Якабсонам быў зроблены запыт у Адміністрацыю прэзідэнта з нагоды нашага звароту, і 10 чэрвеня мы атрымалі з Мінгарвыканкама адказ аб тым, што нам адмоўлена ў асабістым прыёме "ў сувязі з тым, што ў 2012 і 2014 гадах Адміністрацыяй прэзідэнта з Вамі была спыненая перапіска", - распавядае Людміла Кучура. - Але калі са мной і была спыненая перапіска, то гэта не тычыцца ўсёй групы грамадзянаў - пад зваротам падпісаліся 37 чалавек!"

Аўтары звароту лічаць неабходным нагадаць чыноўніку змест артыкула 40 Канстытуцыі: "Дзяржаўныя органы, а таксама службовыя асобы абавязаныя разгледзець зварот і даць адказ па сутнасці ў вызначаны законам тэрмін. Адмова ад разгляду пададзенай заявы павiнна быць пiсьмова матываванай". Акрамя таго, артыкул 22 Закона "Аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў", які рэгулюе парадак разгляду калектыўных зваротаў, абвяшчае: "Калектыўныя звароты трыццаці і больш заяўнікоў у арганізацыі па пытаннях, якія ўваходзяць у іх кампетэнцыю, падлягаюць разгляду з выездам на месца, калі іншае не вынікае з гэтых зваротаў". Ёсць і адпаведнае палажэнне прэзідэнцкай Дырэктывы №2 аб мерах па дэбюракратызацыі дзяржапарату.

"Але мы ўжо і не просім, каб да нас выязджалі, мы самі гатовыя прыехаць, але, як паказвае сітуацыя, якая склалася, улады нас не хочуць бачыць. Напэўна, прэзідэнту не вельмі цікавыя беды грамадзянаў яго краіны", - адзначае Людміла Кучура.

У такім выпадку грамадзянам нічога не застаецца, як накіраваць новы зварот Аляксандру Лукашэнку.

"Яшчэ раз акцэнтуем Вашую ўвагу, што ўсе нашыя заявы, звароты, скаргі на Ваш адрас і ў іншыя дзяржаўныя органы абгрунтаваныя, утрымліваюць спасылкі на доказы. Кожны факт парушэння закона па грамадзянскіх і крымінальных справах, нашых і нашых блізкіх, пацверджаны дакументальна. Вось чаму ў нас ёсць усе падставы заяўляць, што справы вырашаныя няправільна. І ўсю адказнасць за гэта мы ўскладаем на генеральнага пракурора і старшыню Вярхоўнага суда. Яны нясуць адказнасць перш за ўсё за нашыя скалечаныя лёсы і нашых блізкіх, якія незаконна доўгі час пакутавалі і працягваюць пакутаваць. Дадайце сюды і нашы маральныя страты, хоць іх не злічыць! А разам з імі гэтую адказнасць падзяляеце і Вы, бо яны падсправаздачныя Вам і з Вашай маўклівай згоды яны ператварылі краіну ў зону беззаконня", - пішуць яны ў чарговы раз прэзідэнту.

Да гэтых радкоў напрошваецца цытата з пушкінскага цара Дадона: "По законам? Что за слово? Я не слыхивал такого. Моя прихоть, мой приказ - вот закон на каждый раз".

А што адкажа прэзідэнт Лукашэнка?

"Гарант Канстытуцыі абараняе інтарэсы толькі асобнай купкі чыноўнікаў" (відэа)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства